Стаўбцоўшчына адкрылася і як край навукоўцаў

Главное Год малой родины

20 чэрвеня, акурат у дзень першага ўпамінання нашага горада ў пісьмовых крыніцах 426 гадоў таму, у Стоўбцах прайшоў вялікі навуковы форум – рэспубліканскі навукова-практычны семінар «Стаўбцоўшчына на гісторыка-культурнай карце Беларусі», прысвечаны Году малой радзімы.
Яго арганізатарамі выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа) і раённы выканаўчы камітэт. Удзел у семінары прыняла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім.
У зале раённага Цэнтра культуры сабраліся педагогі, краязнаўцы і проста неабыякавыя да нашай гістарычна-культурнай спадчыны жыхары раёна. Адметным пачаткам насычанай праграмы форуму стала ўнікальная выстаўка – «Стоўбцы летам 1941 года» (падрыхтавала Людміла Назаранка), якая была разгорнута ў фае і выклікала вялікую цікавасць. Настрой узнімалі песні пад гармонік у выкананні артыстаў мастацкай самадзейнасці раёна.

Знаёмства з фотавыстаўкай пра Стоўбцы

Пачаўся форум з віншаванняў жыхарам Стоўбцаў. Яго ўдзельнікам ад імя прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук было перададзена прывітальнае слова прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Кавалені (зачытаў яго намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Сяргей Гаранін).
У прывітальным слове Аляксандра Кавалені разам з пажаданнямі плённых вынікаў і выдатных навуковых дасягненняў, якія знойдуць практычнае ўвасабленне, было адзначана наступнае:
«У Год малой радзімы адна з асноўных задач – гэта ўключэнне вынікаў навуковых даследаванняў у працэс грамадскага і культурнага развіцця рэгіёнаў краіны, прыцягненне да навуковай дзейнасці шырокіх слаёў навуковай інтэлігенцыі беларускіх гарадоў і, самае важнае, – моладзі. Вырашэнню данай задачы і павінен паслужыць рэспубліканскі навукова-практычны семінар. Вывучэнне свайго краю, у лёсе якога, як у кроплі вады, адлюстраваліся і гераічныя, і драматычныя перыпетыі гісторыі цэлай краіны і народа, з’яўляецца важным фактарам, які спрыяе ўмацаванню духоўнасці, распаўсюджанню сучасных ведаў сярод насельніцтва».

У ганаровым прэзідыуме семінара – Сяргей Гаранін, Жанна Лысая і Алена Анісім

Ад імя райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў звярнулася да ўдзельнікаў семінара намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая. Безумоўна, яна засяродзіла ўвагу гасцей на тым, што Стаўбцоўшчына – гэта зямля творчых і працавітых людзей, якія штодзень аддаюць для развіцця роднага краю свае набыткі. Сімвалічна тое, што навуковы форум праходзіў у дзень нараджэння Стоўбцаў, напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гонар для нас тое, што частку дакладаў на навуковы форум падрыхтавалі мясцовыя жыхары і выхадцы з нашага раёна.
Алена Анісім прывітала ўдзельнікаў семінара ад імя пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ураджэнка вёскі Савоні, Алена Мікалаеўна назвала Стаўбцоўшчыну месцам, дзе бруяць крыніцы роднай мовы, дзе пяе наша душа.

Падчас семінара прагучала 12 дакладаў, і пераважная большасць іх была прысвечана гістарычнаму мінуламу Стаўбцоўшчыны. Сярод іх варта назваць даследаванні кандыдата філалагічных навук, дацэнта Наталлі Паляшчук «Близко двора его Хотовы» (лінгвістычная змястоўнасць дакументаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага), кандыдата гістарычных навук Аляксандра Доўнара «Інвентары ХVІІІ ст. як крыніца па гісторыі Стаўбцоўшчыны», кандыдата філалагічных навук Веранікі Курцовай «Плытніцтва на Стаўбцоўшчыне», кандыдата гістарычных навук Андрэя Унучака «Пратэстанцкія цэрквы на Стаўбцоўшчыне першай паловы ХХ ст.», аспіранта Таццяны Пятровай «Надмагільны тэкст на каталіцкім некропалі ХІХ – пачатку ХХ ст. у в. Новы Свержань». У названых даследаваннях гучала, што Стоўбцы мелі сваю ратушу і, значыць, самакіраванне, тут быў значны порт, і менавіта са Стаўбцоўшчыны, з Новага Свержаня, пачынаўся гандлёвы шлях да Круляўца, што ў Стоўбцах і Новым Свержані будавалі судны і да т. п.

Урывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» чытае вучаніца Нававёскаўскай школы Юлія Кудзіна

Кандыдатамі філалагічных навук Ігарам Шаладонавым і Анатолем Трафімчыкам былі прадстаўлены даследаванні літаратуразнаўчага характару на прыкладзе вобразаў літаратурных герояў Якуба Коласа і іх прататыпаў. Кандыдат філалагічных навук Валянціна Мароз прадставіла арыгінальны матэрыял адносна прозвішчаў і мянушак жыхароў Мікалаеўшчыны. Эмацыянальна-публіцыстычным было выступленне журналіста і краязнаўцы Валерыя Дранчука, які на прыкладзе назвы Гавязна аналізаваў праблемы гістарычнай тапаніміі Стаўбцоўшчыны (дарэчы, на гэтую тэму ім выпушчана напрыканцы 2018 года літаратурна-мастацкае выданне «Гавязна і Гавязнянка. Хроніка красы і змагання»).
Маладыя ўдзельнікі семінара, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Ігар Іваноў і магістр паліталогіі Міхаіл Мацкевіч, узнялі праблемы музеефікацыі архітэктуры гарадской плошчы ў Стоўбцах, брэндзінгу і пошуку тэхналагічных інструментаў для турыстычнай пазнавальнасці і прывабнасці Стаўбцоўшчыны.
Навукоўца Юлія Масарэнка, якая даследавала вядомыя і невядомыя імёны пісьменнікаў Стаўбцоўшчыны, падаравала раёну кнігу свайго бацькі Алеся Масарэнкі і прачытала яго верш, прысвечаны вёсцы Ператокі, дзе ён цяпер і жыве.
Падводзячы вынікі семінара, нельга не сказаць, што кожны з дакладаў меў сваю каштоўнасць, нёс навізну і цікавасць. Сапраўды, у гісторыі нашага краю адлюстравалася, як у кроплі вады, уся гісторыя Беларусі. Алена Анісім заўважыла: «Мы ведаем Стаўбцоўшчыну як край пісьменнікаў і паэтаў. Пасля семінара стала відавочна, што гэта і край навукоўцаў, мовазнаўцаў. Гэты імідж трэба паказваць». У якасці пацвярджэння сваіх слоў Алена Анісім прапанавала правесці ў наступным годзе мовазнаўчыя чытанні ў сувязі з 90-годдзем вядомага моваведа Я. М. Камароўскага, ураджэнца вёскі Савоні.
Пра юныя таленты, што растуць на нашай зямлі, засведчыла прэзентацыя даследчай і творчай дзейнасці навучэнцаў устаноў адукацыі раёна (на прыкладзе Нававёскаўскай, Засульскай, Навасвержанскай і Дзераўнянскай школ, гімназіі № 1 г. Стоўбцы).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара
P.S. Матэрыялы даследаванняў, якія прагучалі падчас рэспубліканскага навукова-практычнага семінара, чытайце ў выпусках краязнаўчай старонкі «Панямонь». Каб не прапусціць іх і даведацца пра знаходкі навукоўцаў, выпісвайце раённую газету «Прамень»!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *