Ураджай-2019. У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» разлічваюць на вышэйшую ўраджайнасць

Главное Сельская гаспадарка

У севазвароце ААТ «Радзіма Якуба Коласа» азімы рапс займае 200 гектараў. Такую ж плошчу засявалі гэтай прыбытковай тэхнічнай культурай і ў папярэдні год. Летась атрымалі з кожнага гектара 30 цэнтнераў масланасення, а сёлета разлічваюць
на вышэйшую ўраджайнасць.

На рапсавым полі галоўны аграном Аляксей Чандакоў (справа)з экіпажам камбайнераў Юрыем Маселем (злева)і Аляксандрам Жукоўскім

– Чакаецца неблагі ўраджай, таму магчыма намалаціць на круг каля 40 цэнтнераў, – гаворыць галоўны аграном таварыства Аляксей Чандакоў, з якім сустрэліся на рапсавых палетках за вёскай Белькаўшчына. – Асаблівай ўраджайнасцю вызначаюцца гібрыды, якіх упершыню пасеялі 130 гектараў. І хоць тэхналогія іх вырошчвання даволі затратная, бо насенне і сродкі абароны раслін каштуюць нятанна, але канчатковы вынік відавочны. Сёлета павялічым плошчу пад гэтую культуру на 50 гектараў і пасеем толькі гібрыды.

Камбайнер Уладзімір Пявец і яго памочнік Уладзімір Ермаковіч сочаць за разгрузкай бункера

Уборку рапсу ў таварыстве пачалі напрыканцы чэрвеня. На дзень наведвання гаспадаркі на палетках брыгады, якую ўзначальвае Аляксандр Бушма, шчыравалі чатыры экіпажы камбайнераў: Валерый Цвірка і Яўгеній Падамацька, два Уладзіміры – Пявец і Ермаковіч, Юрый Масель і Аляксандр Жукоўскі, Віталій Ждановіч. Вопыту гэтым работнікам не займаць. Практычна кожны рупіцца на жніве на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Усе збожжаўборачныя машыны абсталяваны рапсавымі сталамі. Камбайны паволі рухаліся па полі, бо хуткасць уплывае на якасць уборкі рапсу. Перад хлебаробамі пастаўлена задача – не страціць вырашчаны ўраджай.

Аграном Сяргей Сарока (злева) ставіць задачу механізатару Уладзіміру Калевічу

На адвозцы задзейнічаны некалькі адзінак тэхнікі. Працуюць механізатар Уладзімір Калевіч, вадзіцелі Яўгеній Проць, Эдуард і Генадзій Рымашэўскія. Масланасенне рапсу адвозілася на дапрацоўку на збожжасушыльны комплекс у Любкаўшчыну.
Большая частка ўраджаю ўжо была зжата. Першым абмалацілі сорт «імперыял» беларускай селекцыі. Аляксей Аляксандравіч расказвае, што ўраджайнасць, на жаль, атрымалі ніжэйшую, чым летась. Галоўны спецыяліст звязвае недабор масланасення з засушлівым надвор’ем. А вось ранняспелы нямецкі гібрыд «рохан» парадаваў 43 цэнтнерамі з гектара.
– Засталося ўбраць нямнога, але выспявае рапс нераўнамерна, асабліва на цяжкіх глебах у нізкіх месцах, – тлумачыць галоўны аграном.

Абмалочваецца вырашчаны ўраджай рапсу

Па ўсім відаць: тэрміны ўборкі азімага рапсу расцягнуцца, бо і надвор’е ўсталявалася цяпер дажджлівае, што таксама стрымлівае работу.
Пэўную частку ўраджаю ўжо рэалізавалі, адгрузілі на СЗАТ «Агракамбінат » Колас», які дапамог з набыццём сродкаў абароны раслін.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *