Прэсава-гальванічны цэх – у ліку вядучых на філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы

Главное Эканомiка

Брыгадны метад падкрэслівае значнасць кожнага работніка і працуе на агульны вынік. Прычым не толькі вытворчы.
Прэсава-гальванічны цэх – у ліку вядучых на філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. У ім працуюць 142 чалавекі, якія звязаны адным вытворчым ланцужком, брыгадным метадам. Кожны выконвае сваю аперацыю і тым самым рыхтуе задзел для калегі.
– Тэхпрацэс у цэху характарызуецца шматаперацыйным вырабам дэталяў, таму работа кожнага – на вагу золата, – дадае начальнік прэсава-гальванічнага цэха філіяла Ігар ХРЫТОНЕНКА. – Каб здаць за змену пэўную колькасць дэталяў, работнік павінен якасна выканаць сваю аперацыю і своечасова перадаць эстафету іншаму для ажыццяўлення наступнай аперацыі.

Начальнік прэсава-гальванічнага цэха Ігар Хрытоненка

– Ігар Фёдаравіч, дэталь у вас ходзіць, так бы мовіць, па кругу, з рук у рукі. Планы даводзяцца вялікія?
– Планы стабільныя, і недахопу ў аб’ёмах работ на даны момант не адчуваем. Працуем у залежнасці ад патрэб Мінскага маторнага завода, куды пастаўляем запчасткі да рухавікоў. Рэжым работы – адназменны, пры неабходнасці застаёмся звышурочна.
– У вашым цэху ўмовы працы не назавеш прывабнымі. Манатонныя рухі, гудзенне прэсаў…
– Умовы працы паступова паляпшаюцца. Яны бяспечныя, накіраваныя на выпуск якаснай прадукцыі. Зразумела, што людзі працуюць напружана. Мы заўсёды так працавалі. Колькасць работнікаў прыведзена да аптымальнай лічбы. Кваліфікацыя – ад трэцяга разраду (для нас ён з’яўляецца мінімальным) да шостага, самага высокага. Пастаянна павышаем тэхнічны ўзровень ведаў. У нашай заводскай бібліятэцы шмат спецыяльнай літаратуры, і, акрамя таго, прадстаўнікі завода актыўна наведваюць выстаўкі для азнаямлення з сучаснымі дасягненнямі.

Прэсава-гальванічны цэх – у ліку асноўных на заводзе

Завод у лічбах
На філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы за студзень – красавік 2019 года тэмп росту вытворчасці прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 109,9 працэнта, чысты прыбытак – 211 тысяч рублёў, ці ў 2,5 раза большы, чым запланаваны. На 7,4 працэнта зніжаны ўзровень выдаткаў на вытворчасць прадукцыі. Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці склала 5 працэнтаў. Паказчык па энергазберажэнні – мінус 5,52 працэнта.

– Што новага ўкаранёна за апошні час?
– У дзеючай вытворчасці рухавікоў цяжка змяніць што-небудзь глабальна. Больш чым за паўвека выбудавана складаная сістэма. Тэхналогія ўдасканалена і праверана часам. Змяняюцца толькі матэрыялы, інструмент. Большасць калектыву філіяла складаюць старажылы, якія ў свой час прыехалі працаваць з Мінска, з галаўнога прадпрыемства. Яны пачыналі з адной, дзвюх, трох дэталяў, а сёння асвоены выпуск больш чым тысячы дэталяў. Некаторыя з ветэранаў прадпрыемства ўжо выйшлі на заслужаны адпачынак, але засталіся іх вучні, якія таксама цяпер рыхтуюць маладую змену.
Тэхпрацэс – гэта на заводзе своеасаблівая канстытуцыя. Даным дакументам, у якім прапісаны патрабаванні як да кіраўніка, так і да рабочага, вызначаецца палітыка ў вобласці якасці. У нас не трэба настройваць людзей на работу. Калі філіял арганізоўваўся 25 гадоў таму, ім прыходзілася працаваць па 10-12 гадзін, у выхадныя дні. Сёння значна лягчэй. У большасці работнікаў цэха стаж складае 10-15 гадоў. Усе яны мясцовыя, многія паміж сабою сваякі, суседзі…

За работай – слесар-інструментальшчык VI разраду Іван Бурдзейка

– Прэсава-гальванічны цэх мае сваю спецыфіку. Назіраецца цякучасць кадраў?
– Не. Калі хто звальняецца, то па аб’ектыўных прычынах. Няма выпадкаў непрадаўжэння кантракта з работнікамі нашага цэха. Фактычна ад нас ідуць толькі на заслужаны адпачынак. Праўда, ёсць вакансіі па пэўных прафесіях. Да прыкладу, патрэбны слесары механазборачных работ, зваршчыкі. Бяда агульная – непрыцягальнасць рабочых прафесій… У сучасным свеце ўсё змяняецца: рытм, псіхалогія, каштоўнасці… І наш цэх у апошнія гады змяніў расклад работы: працуем не з сямі раніцы, а з васьмі – падстройваемся пад жыццё горада, пад графік работы яго дзіцячых дашкольных устаноў і да т. п.
– Напэўна, менавіта ў ваш цэх няпроста падабраць кадры?
– Работа гэтая вядзецца: даём заяўкі ў службу занятасці, распаўсюджваем аб’явы аб вакансіях… Школьнікі бываюць у нашым цэху… на экскурсіі. Кажуць, пасля гэтых наведванняў паспяховасць вучняў паляпшаецца. Сапраўды, такіх жалезных «цацак» яны ніколі не бачылі, як і прадпрыемства з падобнай шматпрофільнасцю становіцца для іх адкрыццём. Праца ў нас няпростая, але мы лёгкія на пад’ём, знаходзім час на спартыўныя спаборніцтвы і турыстычныя злёты, на калектыўныя паездкі. Каманда прэсава-гальванічнага цэха не раз станавілася пераможцай турыстычнага злёту Мінскага маторнага завода.
…Пасля размовы з Ігарам Хрытоненкам мы пазнаёміліся са слесарам-інструментальшчыкам VI разраду Іванам Бурдзейкам. Ён адзін з тых, у кім прафесіянал нарадзіўся непасрэдна на заводзе. А пачынаў Іван 19 гадоў таму з грузчыка. На завод прывёў яго брат Віктар, які працуе ў транспартным цэху. Івану Бурдзейку штодзённа прыходзіцца ажыццяўляць прафілактычныя агляды прыстасаванняў і вырашаць складаныя задачы, каб не дапусціць прастояў і аўралаў у рабоце цэха.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *