У доме-інтэрнаце падмянілі кухонных работнікаў

Соцыум

Амаль 20 падлеткаў, вучняў і выпускнікоў Мікалаеўшчынскага ВПК дзіцячага сада – сярэдняй школы, змаглі папрацаваць у перыяд летніх канікулаў і зарабіць уласныя грошы.

Так, на базе ДУ «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў» пры падтрымцы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ўжо другі год дзейнічаў маладзёжны атрад. Набор у яго ажыццяўляўся з ліку жадаючых у форме індывідуальнага працаўладкавання. На працу былі запрошаны сем чалавек, у тым ліку школьнікі са шматдзетных сем’яў, якія замянілі на перыяд водпускаў кухонных работнікаў, санітараў, дворніка і нават цырульніка (на гэтую пасаду была прынята студэнтка Слуцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа).
– У атрадаўцаў, згодна з заканадаўствам, быў няпоўны рабочы дзень (каля пяці гадзін), адпачынак на працягу 20 мінут. Кожны з іх за дзесяць рабочых дзён зарабіў 156 рублёў, – заўважае дырэктар дома-інтэрната Валянціна Атрушкевіч.
Ва ўзаемадзеянні з Мікалаеўшчынскім ВПК дзіцячым садам – сярэдняй школай раней у доме-інтэрнаце было сфарміравана і звяно ў саставе 12 чалавек, якое таксама забяспечыла другасную занятасць моладзі. Падлеткі падабраліся рознаўзроставыя, пачынаючы з 14 гадоў. З кожным з іх быў заключаны працоўны дагавор.
На працягу двух тыдняў звяно займалася азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторыі дома-інтэрната. Сродкі ў суме 3 тысячы 700 рублёў выдзеліў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама. Палова з іх пайшла на набыццё пасадачнага матэрыялу, палова – на заработную плату і іншыя выплаты.
– Гэтае звяно вельмі дапамагло нам у выкананні сезонных работ. Мы нават прэміравалі дзяўчат і хлопцаў па выніках работы. За кожным з іх быў замацаваны супрацоўнік установы, таму вялася выхаваўчая і іншая работа, – падсумоўвае Валянціна Атрушкевіч.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *