Інспекцыя нагляду і прафілактыкі РАНС завяршыла планавыя маніторынгі аб’ектаў

Ахова правапарадку Важное

Інспекцыяй нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях завершаны планавыя маніторынгі аб’ектаў, а таксама выбарачная праверка ВУ «Стоўбцыгаз» і дзіцячага аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі.
У ААТ «Каганец» устаноўлены факты курэння па-за спецыяльна адведзенымі месцамі. Закладка грубых кармоў на МТФ у вёсцы Ячонка ажыццяўляецца з парушэннямі патрабаванняў, у прыватнасці без замеру вільготнасці, без уліку закладкі сена ў спецыяльным журнале. Пры гэтым аб’екты не забяспечаны нарматыўнай колькасцю спраўных першасных сродкаў пажаратушэння. Падобная сітуацыя з вогнетушыцелямі назіраецца і ў ТАА «СЖК Налібакі», дзе персаналу трэба асвойваць яшчэ і правілы карыстання гэтымі першаснымі сродкамі, а таксама алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару.
У раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў наяўныя першасныя сродкі пажаратушэння патрабуюць перазарадкі, а ацяпляльная печ не можа лічыцца бяспечнай, таму што не адпавядае патрабаванням адлегласць ад знешняй паверхні дымахода да драўляных элементаў даху. Парушэнні тэхнічнага характару, якія датычаць уладкавання дымаходаў, выяўлены ва УП «Стаўбцоўскае ХПП». У рамонтных майстэрнях прадпрыемства дапускаецца эксплуатацыя саматужнага цеплагенерыруючага апарата.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

На Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гара-дзейскі цукровы камбінат» на дзвярах, якія вядуць на лесвічныя клеткі, а таксама на супрацьпажарных дзвярах адсутнічаюць прылады для самазакрывання. У супрацьпажарных разрывах дапускаецца назапашванне гатовай прадукцыі. На першым паверсе адміністрацыйна-бытавога корпуса не забяспечана магчымасць свабоднага адкрывання дзвярэй знутры без ключа. У ТАА «Коласбел Лагістык» у рамках маніторынгу ажыццёўлена праверка якасці абслугоўвання аўтаматычнай сістэмы пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння. Ёсць неабходнасць у карэкціроўцы і дадатковым навучанні работнікаў аховы.
У ходзе выбарачнай праверкі аб’ектаў ВРУП «Мінскаблгаз» на тэрыторыі раёна ўстаноўлена, што ў дзіцячым аздараўленчым лагеры імя Я. М. Чайкі аддзелка шляхоў эвакуацыі ў сталовай, спартыўнай зале, у якіх прадугледжана масавае знаходжанне людзей, не адпавядае патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, адсутнічаюць сертыфікаты на матэрыялы нацяжной столі і абшыўку сцен. У спальных памяшканнях корпуса № 6 цеплавыя пажарныя апавяшчальнікі знаходзяцца ў нерабочым стане. Рэкамендавана ў спальных памяшканнях з кругласутачным знаходжаннем дзяцей замяніць цеплавыя пажарныя апавяшчальнікі на дымавыя.
Адначасова варта адзначыць, што ў планах сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскаблгаза прадугледжаны арганізацыйныя і інжынерна-тэхнічныя мерапрыемствы па пажарнай бяспецы. На аб’ектах якасна праводзіцца інструктаж, прызначаны асобы, адказныя за выкананне правілаў пажарнай бяспекі. Са станоўчага боку вылучаецца праца інжынернага саставу ВУ «Стоўбцыгаз».
Кіраўнікам аб’ектаў, на якіх прайшлі маніторынгі, дадзены рэкамендацыі (кіраўніку ВРУП «Мінскаблгаз» уручаны акт) для ўхілення парушэнняў нормаў і правілаў пажарнай бяспекі.
Таццяна ТАРАСЕВІЧ, старшы інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *