Памяць пра яўрэяў жыве ў Налібаках

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное Год малой родины

У Налібакі наведаліся нашчадкі тых, хто ў гады вайны ўцёк з гета і далучыўся да партызанскага атрада братоў Бельскіх. Сярод іх быў і 92-гадовы Арон Бельскі з ЗША, удзельнік гэтага атрада.

На месцы стаянкі партызанскага атрада братоў Бельскіх выступае пасол Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Алон Шогам

Гасцей суправаджалі пасол Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Алон Шогам, а таксама прадстаўнік пасольства Германіі.
Напярэдадні ў Навагрудку з удзелам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея адбылася цырымонія адкрыцця «Сцяны памяці» – мемарыяла ў гонар тых, хто ўцёк з гета. Гістарычныя матэрыялы сведчаць пра ўнікальны факт: у гета быў зроблены падкоп даўжынёю каля 150 метраў, па якім учынены пабег. Праз «калідор выратавання» пакінулі гета больш за дзве сотні чалавек. Частка іх накіравалася ў лес і далучылася да партызанскага атрада братоў Бельскіх, які з верасня 1943 года дыслацыраваўся ў Налібацкай пушчы. Сёння гэта 93-ці квартал Кляцішчанскага лясніцтва Стаўбцоўскага лясгаса.
У нашу рэспубліку прыехала больш за 130 нашчадкаў тых, хто выратаваўся з навагрудскага гета. Фактычна яны прадстаўлялі розныя краіны свету – Аўстралію, Канаду, ЗША, Германію, Швецыю, Іспанію, Польшчу, Расію, Украіну, Ізраіль, Італію, Галандыю.

Арон Бельскі з ЗША – удзельнік партызанскага атрада братоў Бельскіх

Пасля ўрачыстасці ў Навагрудку госці захацелі пабываць у Налібацкай пушчы, на месцы стаянкі партызанскага атрада братоў Бельскіх. Сярод іх знайшлося дзевяць чалавек, чые продкі жылі некалі ў Налібаках, і яны з цікавасцю прайшліся па сучасным аграгарадку, наведалі мікву, якая захавалася на вуліцы Садовай.
У Налібаках гасцей віталі хлебам-соллю. Нашы славутыя «Гарэзы» заспявалі для іх яўрэйскія песні і нават прымусілі танцаваць. Здзіўленню не было межаў: «Як у вёсцы можа быць калектыў такога ўзроўню?!.» Безумоўна, захапленне выклікалі чысціня нашых населеных пунктаў, маляўнічасць навакольных краявідаў. Аўтобусы раз-пораз спыняліся па просьбах гасцей, каб зрабіць фота на памяць. Налібацкі сельвыканкам прапанаваў «партызанскі» абед у сталовай у Ніўным. Частавалі салдацкай кашай, беларускімі дранікамі, блінамі… Гасцей уразіў перш за ўсё натуральны смак нашых прадуктаў, такіх як смятана, масла.
Перадаючы ўражанні гасцей, старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч вылучыў і ўласныя эмоцыі:
– Гасцей было проста немагчыма «вырваць» з пушчы. З іх вуснаў гучала столькі ўспамінаў, пабудаваных на аповедах бацькоў, якія прайшлі праз гета і былі ў атрадзе братоў Бельскіх.

Помнік ахвярам нацызму ў Налібаках

Цікава, што ў атрадзе, які налічваў 1800 чалавек, знайшлі прытулак старыя людзі, жанчыны, 276 дзяцей. Байцы атрада забяспечвалі яго ахову, выконвалі баявыя заданні. Яны выходзілі пераважна на мініраванне чыгункі ў напрамку Маладзечна і Стоўбцаў. Такім чынам адводзілі ўвагу ад атрада, ды і з мясцовымі людзьмі мелі добры кантакт. Іх не выдалі немцам, хоць ведалі пра існаванне шматлікага атрада ўсе. У атрадзе было нямала ўрачоў, іншых спецыялістаў, якія пры неабходнасці выручалі вяскоўцаў.
У кнізе ганаровых гасцей, якая ёсць у Налібацкім сельвыканкаме, Алон Шогам пакінуў на развітанне словы ўдзячнасці за гасцінны прыём і ўвекавечванне памяці яўрэйскай абшчыны.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Фота Ганны Кіпель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *