Валянціна Коцікава паўвека адпрацавала ў атэлье Дома быту

Соцыум

Валянціна Коцікава гаворыць, што ёй вельмі шанцавала ў жыцці на людзей: яе заўсёды прымалі з цеплынёю і дабрынёю. Калегі па Доме быту раённага камбіната бытавога абслугоўвання кажуць, што яна сама так заўсёды адносілася да людзей, таму і вакол сябе бачыла толькі добрае і светлае. І працаваць з ёй прыемна, камфортна, радасна.

Варты ўвагі такі факт: на адным месцы, у атэлье Дома быту, Валянціна Мікалаеўна адпрацавала 50 гадоў. І ў сёлетнім ліпені адзначае гэты паўвекавы юбілей працоўнай дзейнасці.

Сама яна з Гомельскай вобласці, з Жыткавіцкага раёна. У Стоўбцы трапіла пасля заканчэння Бабруйскага швейнага вучылішча. Лепшая сяброўка ехала працаваць у Стоўбцы, і Валянціна паехала разам з ёй. Уладкаваліся ў атэлье індывідуальнага пашыву Дома быту. Будынак толькі што ўзвялі, маладым спецыялістам усё спадабалася. І горад прыглянуўся, людзі прыветныя.

Так склалася, што сяброўка нядоўга пабыла ў Стоўбцах, а Валянціна засталася назаўсёды. Выйшла замуж за трэнера дзіцячай спартыўнай школы Уладзіміра Коцікава, які пазней доўгі час працаваў настаўнікам фізкультуры ў СШ № 1 г. Стоўбцы. Валянціна Мікалаеўна задаволена, што яго выпускнікі і цяпер не забываюць настаўніка, трымаюць з ім сувязь. Яна рада за аўтарытэт мужа.

У пачатку яе працоўнай дзейнасці было шмат заказаў на індывідуальны пашыў адзення. Валянціна Мікалаеўна ўспамінае, што атэлье працавала нават у дзве змены, у месяц было да 90 заказаў толькі на мужчынскае адзенне. Яна спецыялізавалася на пашыве мужчынскіх касцюмаў, нават паліто. Прэстыж атэлье быў высокі. Гаворыць, што ў Бабруйскім вучылішчы была вельмі высокая падрыхтоўка швачак, таму для яе выканаць любое, нават самае складанае заданне, не было праблемай. Валянціна Мікалаеўна так сама ацэньвае сваю работу: ніколі ні ад кліентаў, ні ад кіраўніцтва не было нараканняў на яе працу. На той час загадчыцай была Марыя Врублеўская. Валянціна Мікалаеўна дае ёй такую ацэнку: строгі, але справядлівы кіраўнік, вельмі хварэла за сваю справу. Добрую памяць мае і пра іншых сваіх калег.

На вачах такіх ветэранаў, як Валянціна Коцікава (а іх нямала ў атэлье) праходзілі змяненні ў сферы бытавога абслугоўвання. На сучасны момант, напрыклад, атэлье жыве тым, што большую частку аб’ёму складае масавы пашыў адзення – спецкасцюмаў для прадпрыемстваў і арганізацый, пасцельнай бялізны, коўдраў і іншых вырабаў.

У Валянціны Мікалаеўны нямала заказаў на рамонт адзення. Прыемна яе слухаць, калі расказвае пра свае будні. Прыносяць рэч паношаную, а бывае, што ўжо нікуды не годную. Папрацуе майстар – і сам не можа паверыць, што атрымалася так выдатна. Кліенты не хаваюць радасці: «Якая прыгажосць, яшчэ панашу, а то думала ўжо ва ўтыль адправіць». Для майстра гэта найвялікшая ацэнка працы.

Работа швачак няпростая: патрэбна напружваць зрок, быць у пастаяннай увазе за работай на швейнай машыне. Валянціна Коцікава гаворыць: сілы ўмацоўвае тое, што побач на сваіх рабочых месцах увіхаюцца яе прыяцелькі, надзейныя каляжанкі Марыя Капуста і Валянціна Трушч. Яны поплеч адпрацавалі многія гады, што склаліся ў дзесяцігоддзі. І сталі адзін аднаму як родныя людзі, з якімі можна падзяліцца сваім асабістым, знайсці ў іх падтрымку, суцяшэнне, дапамогу, калі ёсць неабходнасць. І ў адрас іншых калег Валянціна Мікалаеўна сказала нямала ўдзячных і добрых слоў. 50 гадоў работы, кажа, праляцелі, як некалькі дзён. Адзначыла, што лёгка і проста працаваць з цяперашнім майстрам Алінай Бондаравай, якая, дарэчы, і падказала нам адрасата з такім багажом вопыту работы на адным месцы.

Праца швачак надае жаноцкасці тым, хто сядзіць за швейнай машынкай, таму што гэтае рамяство заўсёды было справай жаночай. І для камбіната бытавога абслугоўвання такія кадры – вялікі скарб, на чым у многім трымаецца аўтарытэт прадпрыемства.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *