Добра папрацуеш – адпаведны і заробак атрымаеш

Нумары Ураджай

Ажыўлена гэтымі днямі на палетках ААТ «Дзераўное». Хлебаробы пастараліся і ў аптымальныя тэрміны пасеялі раннія яравыя культуры, зрабілі ўсё для таго, каб атрымаць добры ўраджай. Шмат клопатаў цяпер у галоўнага агранома Леакадзіі Губар. Пасля аб’яднання  дзвюх гаспадарак сельскагаспадарчых угоддзяў у таварыстве намнога прыбавілася, толькі адных збожжавых 1200 гектараў, 800 га – кукурузы. Трэба паспець усе іх аб’ехаць і, дзе ёсць неабходнасць, пакіраваць, як зрабіць лепш. Леакадзія Станіславаўна вопытны спецыяліст.  Звыш сарака гадоў, пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума,  працуе ў раслінаводчай галіне. У мінулы чацвер мы сустрэліся з галоўным аграномам на палетках за Янкавічамі, дзе хлебаробы сеялі ячмень.

–  Сёлетняя вясна спрыяе правядзенню веснавых палявых работ, – сказала Леакадзія Станіславаўна. – Пачалі мы сяўбу ранніх яравых збожжавых на пачатку мінулага тыдня. Высяваем насенне не ніжэй  першай рэпрадукцыі і эліту. Пратруцілі яго з дабаўленнем мікраэлементаў. Толькі вось з мінеральнымі ўгнаеннямі ёсць праблемы. Заняты на данай аперацыі два механізатары. У іх распараджэнні  энерганасычаныя трактары маркі «Джон-дзір» з камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі «Тэра-дрыл». Працаўнікі пастаянна выконваюць  гэтую работу і ніколі не падводзілі мяне. Якасць сяўбы выдатная, усходы заўсёды падымаюцца дружныя.

Лідзіраваў на сяўбе Іван Жыбуль. Работнік ён сумленны. Неаднаразова  станавіўся прызёрам раённага спаборніцтва. Летась яго фотаздымак быў занесены на  раённую Дошку гонару.

– Пасяўная складваецца няблага, – сказаў Іван Васільевіч. – Мы спаборнічаем з Дзмітрыем Дзям’янкам. Я выйшаў на палеткі крышку раней, таму пасеяў больш. Але бачу па выніках, што ён стараецца мяне дагнаць. Зарплату налічваюць неблагую, звыш 500 тысяч рублёў штодзень. Добра папрацуеш – адпаведны зарабок атрымаеш.

Пакуль запаўняўся насеннем бункер камбінаванага агрэгата, мы пагутарылі і з вадзіцелем, які прыкамандзіраваны да сеяльшчыка і выконвае гэтую работу. Яго задача заключаецца ў тым, каб сеялка не прастойвала. І Сяргей Светагор з даручанымі абавязкамі спраўляецца. Працуе ён на старэнькім, але дагледжаным газіку-загрузчыку. На задні борт кузава самазвала (рацыяналізатарская думка) прывараны спецыяльны латок, каб насенне паволі  трапляла ў сеялку і не рассыпалася.

Хутка пасеяць дазволіла рупнасць механізатараў, занятых на падрыхтоўцы глебы, якія на сёння  падрыхтавалі больш за іншых сельгаставарыстваў плошчаў пад сяўбу яравых культур. З ранку да позняга вечара шчыруюць у полі вопытныя Артур Валадзько, Валерый Гарэлік,  маладыя Аляксандр Калошыч і інжынер Яўген Далідовіч.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: перадавы механізатар Іван Жыбуль; галоўны аграном Леакадзія Губар гутарыць з вадзіцелем Сяргеем Святагорам.  

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *