У ААТ «Агранёманскі» прайшло свята «Зажынкі-2019»

Главное Сельская гаспадарка

У мінулую суботу ў ААТ «Агранёманскі» ладзілася адно з самых важных і адметных для работнікаў сельскай гаспадаркі гадавых святаў – «Зажынкі», якое па даўняй традыцыі праводзіцца перад пачаткам масавага жніва. Жніво – пара асаблівая. У гэты час нічога няма важней, чым спаўна ўбраць вырашчаны ўраджай, а ўборка збажыны становіцца стратэгічнай дзяржаўнай задачай. Агранёманскія хлебаробы з году ў год маюць высокія намалоты збожжавых і зернебабовых культур, таму атрымалі ганаровае права даць афіцыйны старт жніву.

На зжатым за вёскай Стары Свержань жытнёвым пятачку выстраіліся камбайны, аўтамашыны і іншая сельскагаспадарчая тэхніка, якая будзе задзейнічана на жніве. Побач – экіпажы камбайнераў, у кожнага на грудзях стужкі з надпісамі «Жніво-2019». Вялікая пашана на свяце – хлебаробам, чыёй напружанай працай ствараецца дабрабыт дзяржавы. Гэта яны песцяць кожнае зярнятка, любоўю і ласкай ахінаюць кожны каласок. З мінулай восені і да цяперашняга моманту работнікі раслінаводчай галіны сельгаспрадпрыемстваў шчыра працавалі на палетках для таго, каб вырасціць дастойны ўраджай. І хлебная ніва гатова аддзячыць руплівым. У чаканні камбайнаў яна ўстала шчыльнай сцяной. Лёгкага хлеба не бывае ніколі. І кожнае жніво – надзвычай напружаная і адказная пара, нялёгкае выпрабаванне. Пэўна ж, не стане выключэннем і сёлетняя ўборка. Аднак хлебаробы Стаўбцоўшчыны гатовы да гэтага, а свае рупнасць і ўменне яны даказвалі не раз.
Урачыстасць пачалася са жніўных песень, якія ўслаўляюць нашу зямлю-карміцельку, у выкананні работнікаў Старасвержанскага цэнтра культуры.

Адбываецца ўрачысты абрад

Да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Шыманец: «Шаноўныя хлебаробы, паважаныя спецыялісты, госці, сёння будзе дадзены старт масавай уборцы збожжавых культур. Людзі, якія тут прысутнічаюць, унеслі вялікі ўклад у тое, каб атрымаць важкі каравай хлеба, які чакаецца сёлета намнога большым, чым у мінулым годзе. Жадаю ўсім, хто будзе заняты на жніве, безаварыйнай работы, здароўя і высокіх намалотаў».

Першы сноп уручылі Генадзію Шыманцу

Кіраўніку сельскагаспадарчай галіны раёна ўрачыста ўручылі хлебны каравай.– Здавалася б, не так даўно на суседнім полі мы праводзілі раённае свята першай баразны «Засеўкі» і рады зноў вітаць усіх вас на гасціннай агранёманскай зямлі, – звярнуўся да прысутных дырэктар ААТ «Агранёманскі» Дзяніс Захарчук. – Час праляцеў непрыкметна. Хочацца спадзявацца, што тое наша сумеснае душэўнае мерапрыемства таксама ўнесла ўклад у атрыманне высокага ўраджаю. Жадаю, каб падчас ўборачнай кампаніі хлебаробам раёна спрыяла надвор’е, надзейна працавала тэхніка і ўсе дастойна, з высокімі паказчыкамі завяршылі жніво.
Пачэснае права падняць сцяг заслужыў сваёй сумленнай працай мінулагодні пераможца раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур камбайнер Аляксандр Фалюк. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Сцяг ўзнімае Аляксандр Фалюк

Спрадвеку ў такой важнай справе, як уборка хлеба, сяляне прасілі Божай дапамогі, бо не ўсё ў сілах людскіх. Перад выхадам у поле благаславіў удзельнікаў жніва на плённую працу і асвяціў камбайны, камбайнераў і ўсіх прысутных, каб Гасподзь дапамог убраць ураджай і парадаваў людзей, апраўдаў іх спадзяванні, айцец Георгій.
Затым пачалося тэатралізаванае дзейства. На прыгожай брычцы прыехалі жанчыны з сярпамі. Яны папрасілі ў кіраўніка сельскагаспадарчай галіны раёна дазволу зажаць першы сноп вырашчанага ўраджаю. Урачыста, пад абрадавыя песні ў выкананні народнага ансамбля «Дольніца» Горкаўскага сельскага дома культуры, былі зажаты снапы. Першы сноп уручылі Генадзію Шыманцу са словамі: «Няхай ён пакладзе пачатак вялікаму хлебу нашай любай Стаўбцоўшчыны». Таксама ўручылі снапы гаспадару Дзянісу Захарчуку і начальніку аддзела раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалаю Клаўшуну. Невялікія снапкі, з пажаданнямі высокіх намалотаў, атрымалі і кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, а таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль.

Экіпажы камбайнераў гатовы да жніва

Дырэктар таварыства Дзяніс Захарчук даў камбайнерам наказ прыступіць да масавай уборкі ўраджаю. Раздалася каманда: «Па машынах!» Пад гукі марша камбайны адзін за адным рушылі ў поле па новы багаты ўраджай.
У добры шлях, жніво-2019!
Свята завяршылася, і пачаліся няпростыя рабочыя будні хлебаробаў, якія будуць змагацца за вялікі хлеб. Збожжавыя і зернебабовыя культуры сёлета ў гаспадарках раёна патрэбна зжаць на плошчы 22 187 гектараў.

Тэхніка рушыла ў поле

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *