Хлебаробы ААТ «Шашкі» першымі пачалі продаж збожжа ў лік дзяржаўнага заказу

Главное Сельская гаспадарка

Дырэктар Стаўбцоўскага хлебапрыёмнага прадпрыемства Мікалай Пуляк, загадчыца лабараторыі Алеся Стасевіч, вядучы эканаміст Наталля Кутас (уручае каравай), галоўны інжынер Іван Таль, лабарант Надзея Мазырэнка, дырэктар ААТ «Шашкі» Валерый Мормыш

Першымі пачалі продаж збожжа ў лік дзяржаўнага заказу хлебаробы ААТ «Шашкі». У мінулы панядзелак вадзіцель таварыства Анатолій Бельскі прывёз на Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства пяць з паловай тон харчовай пшаніцы. Суправаджаў груз дырэктар гаспадаркі Валерый Мормыш, якога ўрачыста ўшанавалі і па традыцыі ўручылі яму каравай.

– Сёлета мы прымем 21,5 тысячы тон збожжа з сельгаспрадпрыемстваў трох раёнаў Мінскай вобласці, – сказаў дырэктар філіяла «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» Мікалай Пуляк. – Хлебаробы нашага раёна паставяць шэсць тысяч тон, Капыльскага раёна – 10 тысяч тон і Дзяржынскага – 2800 тон. Імпануе, што першымі пачалі пастаўку збожжа ў дзяржаўныя засекі менавіта хлебаробы Стаўбцоўшчыны. Дажджы пакуль перашкаджаюць жніву, але спадзяюся, што надвор’е ўсталюецца і ўсе гаспадаркі паступова пачнуць адгружаць збожжа. Мы грунтоўна падрыхтаваліся да прыёму новага ўраджаю: адрамантавалі склады, набылі новую тэхніку і абсталяванне.

Услед за хлебаробамі ААТ «Шашкі», якія ў мінулы чацвер выканалі план па продажы харчовай пшаніцы – паставілі 140 тон, прывезлі сваю прадукцыю працаўнікі ААТ «Рубяжэвічы». Дырэктар прадпрыемства падкрэсліў, што, у параўнанні з леташнім, збожжа з таварыстваў паступае сёлета якаснае, з высокім утрыманнем клейкавіны.

Як і ў мінулыя гады, дастаўляць яго з сельгаспрадпрыемстваў на працягу ўсяго часу ўборкі будуць самазвалы з філіяла «Аўтамабільны парк № 17». З гэтым аўтатранспартным прадпрыемствам у філіяла даўняе і цеснае супрацоўніцтва.
– Прымуць удзел у гэтай важнай кампаніі і два нашы велікагрузы, – дадае Мікалай Васільевіч. – У самы пік работ (а з кожным днём аб’ёмы паставак будуць расці) прыцягнем і транспарт прыватнікаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *