Па жыцці ідзе радавы пехацінец

Нумары Памяць

Салдатаў Вялікай Айчыннай застаецца на нашай зямлі ўсё менш, іх узрост сапраўды шаноўны, таму вельмі хочацца, каб кожны дзень іх вялікага жыцця быў напоўнены радасцю, адметнымі сустрэчамі.

–  Здаецца, пацяплела на душы, – прызнаўся, шырока ўсміхнуўшыся і прыціснуўшы руку да сэрца, расчулены ветэран вайны Іосіф Жыбуль. – Не верыцца, што столькі пражыў і жыць – скажу вам – хочацца!

Іосіф Максімавіч – імяніннік, яму 25 сакавіка споўнілася акурат 90. Народжаны пры Польшчы, закончыў чатыры класы і працаваў на зямлі на Хутары-Барок. Сям’я з сямі душ мела дабраваты кавалак, які трэба было засяваць, апрацоўваць. Усё яго свядомае жыццё прайшло ў Аталезі, а не так даўно перасяліўся ў Стоўбцы – да дачкі Людмілы.

У яе доме дзядулю выдзелены асобны пакой. Хочацца сказаць – не пакой, а святліца. Да самага старэйшага ў доме ўсе ставяцца дружалюбна, з пашанай. Нават маленькі праўнучак Ян, які сёння прыехаў і ў якога толькі закончыўся дзённы сон, успрыняў дамашні канцэрт, падрыхтаваны для яго дзядулі, надзіва мірна, з засяроджанай увагай. А баяніст Яўген Карпуць, вядомы наш паэт і кампазітар, нястомна выдаваў мелодыі ваенных гадоў адну за другой, заводзіў імяннымі куплетамі ўласнага сачынення, прысвечанымі  Іосіфу Максімавічу. Варушыў памяць, іграў на струнах душы…

З віншавальным адрасам звярнуўся да юбіляра член прэзідыума, сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Аляксей Палянскі:

– Самыя цёплыя віншаванні вам, Іосіф Максімавіч, – ад ветэранаў Стаўбцоўшчыны. Мы вас добра ведаем і паважаем за пройдзены жыццёвы шлях. Паўсюдна, нягледзячы на цяжкасці, вы крочылі па ім годна, сумленна, як і належыць салдату Перамогі…           

Радавым пехацінцам Іосіф Жыбуль прайшоў дарогамі Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі. У армію яго прызвалі 20-гадовым юнаком адразу пасля вызвалення Беларусі. З таго часу  мінула 70, але помніцца ўсё, і вось гэты  франтавы выпадак.

– Зламаў руку, і мяне выпісалі ў іншую часць. Калі пачалі туды рухацца, нешта нас спыніла – давай назад. А неўзабаве на тым месцы, адкуль адышліся, здарылася трагедыя – сутыкнуліся два вагоны…

Пашчасціла выжыць, вярнуцца жывым і непараненым на свой Хутар-Барок сялянскаму сыну са шматдзетнай сям’і. З якім хваляваннем Іосіф дэмабілізоўваўся! Было гэта ў 1947-м, праз два гады пасля вайны. Дома чакала яго процьма работы. Трэба было дапамагаць пастарэўшым бацькам. Тым не менш, былому салдату так хацелася гэтай сялянскай работы, проста засумавалі па ёй рукі. Недалёка ад іх надзелу – пасля стварэння ў гэтай мясцовасці калгаса – з’явілася ферма. Іосіф сам пайшоў працаваць у паляводства, але прыкмеціў адну даярачку. Пакахалі адно аднаго. Сышліся, хаця выбранніца яго была не адна – з дзевяцігадоваю дачкою. Ды і ён быў кавалерам ужо не маладым, ва ўзросце.

З Хутар-Барка перайшоў жыць да жонкі ў Аталезь. Любіў сталярнічаць, не мог сядзець без справы, таму хата ў іх заўсёды была  дагледжанай, гаспадар будаваў адну за другой розныя пабудовы для жыўнасці. А калі калолі кабанчыка – абавязкова запрашалі на пачастунак сваіх суседзяў. Яшчэ тры сям’і. Так хораша яны дружылі. У мужа і жонкі Жыбулёў нарадзіўся сын, але менавіта прыёмная дачка Людміла стала для Іосіфа Максімавіча надзейным прычалам у старасці.

Жонка памерла даўно, гадоў 20 таму, а ён –  стараецца ўтрымацца на сваіх нагах, быць цікавым і патрэбным  іншым. «Раённую газету чытае ад «коркі да коркі» а потым мне перакажа самае цікавае», – гаворыць дачка. Іосіф Максімавіч перыядычна падлечваецца ў рэспубліканскім шпіталі для ветэранаў вайны і працы, дзе любіць пагутарыць з людзьмі. Калі ляжаў у раённай бальніцы, да яго наведваліся з раённай ветэранскай арганізацыі. 

…А сёння на стале ў гэтай сям’і –  вялікі святочны торт, які дачка заказала ў гонар юбіляра. З’ехаліся ўнукі, праўнукі. Напярэдадні дзядуля пазваніў і сваёй сястры Зосі Бычко на Хутар-Барок. Запрасіў на юбілей, з задавальненнем расказаў пра свае справы.

– Хто ў вашай сям’і быў доўгажыхаром? – пытаюся ў Іосіфа Максімавіча.

– Бацька пражыў 80, дзед – 87. І сястры маёй, якая жыве ў Хутар-Барку, таксама 87.

Родныя мясціны, блізкія людзі… Калі гэта ёсць, то і пражытыя гады не страшныя, кожны новы дзень – сапраўдны падарунак лёсу.

На здымку: ветэран вайны Іосіф Жыбуль з дачкой Людмілай прымаюць віншаванні ад членаў раённай ветэранскай арганізацыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *