Туі ля помніка

Нумары Памяць

Ля помніка-мемарыяла загінуўшым землякам – воінам-інтэрнацыяналістам пасаджаны дзесяць маладзенькіх туй. Садзілі дрэўцы разам  ветэраны і моладзь, члены БРСМ. 

Сумесная экалагічная акцыя прайшла па ініцыятыве старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Іосіфа Язвінскага і была прысвечана адметнай даце – 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За спонсарскія сродкі, якія выдзеліла ветэранскай арганізацыі дырэкцыя ЗАТ «Аграмашзапчастка», быў закуплены пасадачны матэрыял. Пасадка ажыццяўлялася згодна з праектам добраўпарадкавання гэтага памятнага месца (сёлета, як вядома, прайшла рэканструкцыя помніка) пры непасрэдным удзеле ландшафтнага архітэктара аб’яднання камунальных службаў Наталлі Грынюк. Пасадкай займаліся кветкаводы прадпрыемства на чале з брыгадзірам Галінай Шчэцька, а вучні школы № 2 горада Стоўбцы насілі ваду і палівалі насаджэнні.

Усе туйкі з закрытай каранёвай сістэмай, таму, трэба спадзявацца, прыжывуцца на новым месцы без асаблівых праблем. А паколькі яны будуць расці сярод дэкаратыўнага зялёнага газона, то  вакол іх створана спецыяльная пластмасавая ахова ад ляза мотакасы.

Усе ўдзельнікі акцыі працавалі з натхненнем. А калі завяршылі работу – здзівіліся:  стромкія туйкі-смарагды, пасаджаныя з абодвух бакоў помніка, стаяць у «ганаровым каравуле», нібы тыя салдаты, што ахоўваюць яго суровую веліч і бессмяротны спакой. З надыходам сапраўднага цяпла камунальнікі высадзяць навокал  кветкі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *