У Стоўбцах перапрацоўваюць чыгунны лом

Важное Эканомiка

Стаўбцоўскі ўчастак Мінскага цэха ААТ «Белвторчермет» працуе над тым, каб максімальна прыцягнуць у абарот чорны металалом і зрабіць яго «хлебам» для металургічнай галіны рэспублікі, у першую чаргу – для Беларускага металургічнага завода.

– Нарыхтоўваем за год у сярэднім 16 тысяч тон чорнага металу. Сёлета ўвогуле аб’ём рэкордны: на даны момант нарыхтавана 9215 тон. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, то планавыя заданні 2019 года будуць значна перавыкананы, – зазначае начальнік участка Валерый ШАСТАК.

Начальнік участка Валерый Шастак (злева) абмяркоўвае вытворчыя пытанні з інжынерам па нарыхтоўках Сцяпанам Скуратам

– Валерый Вячаслававіч, за кошт чаго выраслі нарыхтоўкі? 

– Штуршком паслужылі навядзенне парадку на зямлі, мерапрыемствы па добраўпарадкаванні, якія ажыццяўляюцца паўсюдна і фактычна ўсімі суб’ектамі гаспадарання. Ёсць што здаваць і тым, у каго праводзяцца рэканструкцыі. Немалаважную ролю адыграла і цанавая палітыка: кошт лому пастаянна расце. Апошняе павелічэнне было два месяцы таму. З насельніцтвам мы разлічваемся адразу, з іншымі здатчыкамі – згодна з дагаворам. У выніку, калі летась насельніцтвам было здадзена на гэты перыяд 2150 тон лому, то сёлета – амаль у два разы больш.

Лом збіраем у Стаўбцоўскім і Нясвіжскім раёнах. Пры неабходнасці дапамагаем у яго вывазцы суб’ектам гаспадарання з Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў. Асноўныя ломаздатчыкі на тэрыторыі раёна – сельгаспрадпрыемствы, якія  фактычна ўжо выканалі гадавы план, ачысціўшы ад лішняга свае мехдвары. У ліку нашых актыўных партнёраў варта назваць філіял маторнага завода, мясакансервавы камбінат.

Вадзіцель пагрузчыка Юрый Буцько за змену загружае 120 і больш тон лому

– Участак больш не займаецца перапрацоўкай на месцы?

–  У гэтым плане больш магчымасцяў мае завод, які знаходзіцца ў п. Гатава. Мы штодзённа адгружаем туды лом у вагонах. На месцы па-ранейшаму перапрацоўваем чыгун, і гэтыя работы вядуцца з перавыкананнем планавых заданняў (107 працэнтаў). Чыгун запатрабаваны і ўсё больш набывае статус стратэгічнага металу. Ён выкарыстоўваецца, да прыкладу, у будаўніцтве метро.

Каля 700-800 тон лому ў месяц мы дастаўляем ад здатчыкаў на ўчастак уласным транспартам. Гэтая паслуга карыстаецца попытам, таму што нашы тры грузавыя аўтамабілі аснашчаны спецыяльным абсталяваннем для пагрузкі і выгрузкі. Усім так зручна, бяспечна і тэхналагічна. Дарэчы, неўзабаве  атрымаем новы МАЗ-цягач замест спісанага. Металалом пры прыёме сартуем (яго бывае да дзясятка відаў). Пры ўездзе на ўчастак ён праходзіць праз сучасную ўстаноўку для вызначэння радыяцыі.

– Каму даверыце працаваць на новым аўтамабілі?

– Уладзіміру Падасецкаму.

З 2015 года, пасля праведзенай рэарганізацыі, на ўчастку працуе 11 чалавек. Калектыў стабільны, згуртаваны. Многія работнікі валодаюць некалькімі прафесіямі. Укаранёна ўзаемазамяняльнасць. Побач з вопытнымі кадрамі шчыруе моладзь. Цяпер займаемся пытаннямі падрыхтоўкі да асенне-зімняга перыяду. Нядаўна падпісаны пашпарт гатоўнасці ўчастка. Закупляем брыкет, дровы.

Пляцоўка для адгрузкі

Акрамя вытворчых задач вырашаем і пытанні добраўпарадкавання. Падтрымліваем у належным стане сваю тэрыторыю. Яна хоць і невялікая, але ўвагі патрабуе. Зрабілі агароджу, каб упарадкаваць захоўванне металалому (яго на тэрыторыі знаходзіцца не менш за 1,5 тысячы тон), раней былі ўкладзены бетонныя пліты.

На нашым галаўным прадпрыемстве створана камісія, якая штомесяц робіць аб’езд усіх цэхаў, выстаўляе адзнаку, і гэта пастаянна трымае нас у тонусе. Абкошваем і прыбіраем замацаваную за ўчасткам вуліцу Зялёную ў Стоўбцах.

У сувязі з прафесійным святам жадаю калектыву ўчастка, нашым калегам моцнага здароўя, поспехаў у працоўнай дзейнасці, шчасця і дабрабыту.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *