Лесаводы раёна ўзялі шэфства над мемарыяльнымі помнікамі, звязанымі з падзеямі Вялікай Айчыннай, якія сціпла месцяцца ў лясных масівах, удалечыні ад шматлікіх людскіх вачэй.
Старынскае лясніцтва з году ў год апякуецца над брацкай магілай ва ўрочышчы Рудзьма: у гады вайны на гэтым месцы адбылася жорсткая расправа з сям’ёю лесніка Ігара Антонавіча Запольскага… Лесаводы памятаюць гэтую трагічную гісторыю і, па меры неабходнасці, падфарбоўваюць помнік, наводзяць парадак на святым месцы, палітым крывёю свайго калегі і яго блізкіх.
Летась старынскія лесаводы прынялі самы актыўны ўдзел у аднаўленні партызанскай зямлянкі на тэрыторыі свайго лясніцтва. Сёлета, да 70-й гадавіны вызвалення Беларусі, гэты незвычайны аб’ект ваеннай гісторыі прыцягне да сябе асаблівую ўвагу старэйшага і падрастаючага пакалення.
І яшчэ адно памятнае «лясное» месца даручана пушчанскаму Налібацкаму лясніцтву. Сярод кашлатых сосен і елак, на мяжы са Шчорскім лясніцтвам (Навагрудскі лясгас), хаваецца помнік-абеліск з чырвонай зорачкай. Так увекавечана месца гібелі радысткі партызанскага атрада Надзеі Цыганенка. І праз сем дзясяткаў гадоў, калі ўзняўся навокал спелы лес, лесаводы не даюць гэтай памяці знікнуць.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ