За аднаго бітага…

Добраўпарадкаванне Нумары

Памятаецца, у  якой, так бы мовіць, пашане была яшчэ з дзясятак гадоў таму бутэлька. І не падумайце нічога такога: аўтар не намякае на запоўненую «эліксірам», без якога таму-сяму няма супакою. Гэта ўжо іншая, можа проста маральна-бытавая, а можа і клінічная ці, што горш, крымінальная тэма. А размова тут пра бутэльку пустую. Як жа іх шукалі пад кустамі на прырэчным лузе, асабліва пасля масавай гулянкі. Ды і не грэбавалі пакорпацца ў урне. «Навар» жа быў нядрэнны, хапала каму на хлеб-соль, іншаму ж і на поўную бутэльку «шматградуснай».

Не скажаш, што сёння пустыя бутэлькі не прымаюць. Такі абавязак маюць і пэўныя пункты, і магазіны. Ды і ахвоты той асаблівай у зборы і прыёме не бачна. Бяруць толькі пасудзіну пэўнай маркі, канфігурацыі, завода-вытворцы, памытую, без этыкетак. А ад бутэлек з-пад шампанскага, шмат яшчэ якога віна, піва як чалавеку пазбавіцца? Добра, калі ўстаноўлены спецыяльны кантэйнер для збору шклянога і пластыкавага посуду.

Не сакрэт, што назапашваецца багата і паперы. Газета, мы самі агітуем,  – хлеб духоўны. Толькі няшмат хто сёння гатовы адводзіць шафы і паліцы для падшывак прачытаных нумароў. Вунь у якой пашане былі кнігі, а сёння той-сёй толькі і шукае нагоды, каб пазбавіць ад іх сваю шыкоўную кватэру. Учора кніга была крыніцай ведаў і мудрасці, сёння ж стала «накапляльніцай пылу». Што ж, кожны мае права ставіць на першы план ці духоўныя, ці матэрыяльныя каштоўнасці. Толькі куды вядзе шлях бездухоўнасці?..

Усё ж скіруем зноў да гутаркі пра макулатуру. Здаць  яе можна, і невялікая праблема. Арганізацыям нават дасылаюць разнарадку з указанай даволі значнай колькасцю кілаграмаў ці тон, што належыць сабраць. А што ў сям’і? Як казаў знаёмы: «Сабраў гэтых паперак, яшчэ і дзіцячыя спісаныя сшыткі скруціў. А завёз, дык бензіну, пэўна, больш спаліў, чым утаргаваў».

Затое лом металу цэніцца, асабліва каляровага. Нездарма завітваюць у двары і «карабейнікі» з прапановай пагрузіць ім у прычэп, праўда, не ўсё іржавае, як узрадаваўся дзядзька, а больш бліскучае – чыгун, а яшчэ лепш, медзь. Праўда, і сваіх аматараў на такую справу хапае, на больш выгадны промысел перакваліфікаваліся і былыя «прафесійныя» зборшчыкі бутэлек.

А дзе яшчэ ўзяць «навару»? Прапаную завітаць у суседні лясок. Сам мінулай восенню, намуляўшы ногі ў паходзе па грыбы, часцей, чым на баравікі ці чырвонагаловікі, натыкаўся на кучы рознага друзу. Пагрузіў «дбайны гаспадар» поўны багажнік усяго яму непатрэбнага, ды і скіраваў да бліжэйшага ці нават далекаватага бярэзніку. Скінуў смецце каля лясной сцяжыны, няхай удыхаюць, хто натрапіць, «кактэйль з водарам прыроды». Асартымент звычайны – бітая цэгла, поліэтыленавыя пакеты, нават нехта цэлую кучу дробнай бульбы вывернуў пад куст. А вось і знаходка, якую не мінуў бы няхай не грыбнік, а іншы шукальнік. Амаль поўнасцю, няспраўны, вядома, тэлевізар, той рэліктавы, лямпавы. А там, знатаку не расказвай, цэлыя катушкі меднага дроту, ды і іншага металу, толькі раскручвай.

Калі ж на поўным сур’ёзе, сёння выразна акрэслілася праблема ўтылізацыі адходаў. І справа не толькі ў тым, каб вывозіць і «хаваць» усё на палігонах, хаця гэта неабходная справа. Але і як непатрэбнае перайначыць у патрэбнае.

Нездарма пытанне ставіцца на высокім дзяржаўным узроўні. Нават сярод першарадных вынесена была на парадак дня разгляду Прэзідэнтам. «Нельга забываць, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на праведзенай у сакавіку нарадзе з удзелам членаў урада, іншых адказных асоб, – што ўзровень развіцця сістэмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны –  гэта, па сутнасці, красамоўны паказчык не толькі нашай агульнай культуры, але і цывілізаванасці эканомікі ў цэлым. Да таго ж ад эфектыўнасці работы ў сферы абыходжання з адходамі залежыць непасрэдна экалагічная бяспека дзяржавы. У гэтым наша адказнасць перад будучымі пакаленнямі», – сказаў кіраўнік дзяржавы. На ўзроўні Савета Міністраў распрацоўваецца канцэпцыя абыходжання з камунальнымі адходамі ў краіне, арыентаваная на максімальнае выбіранне другасных матэрыяльных рэсурсаў.

На месцах, у тым ліку і ў нашым раёне, значна актывізуецца  гэтая работа. Стаўбцоўскім АКС, як мы паведамлялі, заключаюцца дагаворы з прадпрыемствамі, якія займаюцца перапрацоўкай другаснай сыравіны. Каб і тая ж папера, і поліэтылен, і анучы не засмечвалі і не атручвалі зямлю, паветра, наогул прыроду, а змаглі прынесці карысць. Тое ж і з бутэлькамі, пра якія пачалі размову, ды і ўвогуле са шклом, шклабоем. У горадзе ўстаноўлены кантэйнеры для збору шкляных адходаў.  Сапраўды, калі і не ў гатовую чыстую бутэльку зноў наліваць, але вырабіць новую з перапрацаваных асколкаў, то гэта таксама будзе танней, чым весці поўны тэхналагічны працэс выпуску. І энергарэсурсаў будзе эканомія. Такім чынам, перафразіраваўшы вядомую прымаўку, выкінуць старую аўчынку – не з лепшага гэта ўчынку.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *