Анатолій Ісачанка правёў выязны прыём грамадзян у Стоўбцах

Афіцыйна Главное

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка правёў прыём грамадзян у Стаўбцоўскім райвыканкаме.

Наколькі важныя асабістыя прыёмы грамадзян, гаворыць той факт, што 11 чалавек запісаліся, каб пагутарыць з кіраўніком вобласці і вырашыць свае праблемы.

– Усе рашэнні патрэбна прымаць у адпаведнасці з заканадаўствам, нават калі гэта камусьці не падабаецца. Тады мы адыдзем ад шматлікіх праблем. Так з адкрыццём кафэ ў г. Стоўбцы. Прадпрымальнік звярнуўся з просьбай змяніць мэтавае назначэнне будынка – адкрыць гандлёвую кропку замест пункта грамадскага харчавання. Тут патрэбна разабрацца, з якой мэтай набываўся зямельны ўчастак з аўкцыёну, паглядзець генеральны план забудовы горада і г. д. Таму неабходна вырашыць пытанне так, каб усё было заканадаўча правільна, –праінфармаваў Анатоль Міхайлавіч.

На прыём да губернатара адначасова з’явіліся некалькі чалавек з в. Сцяцкі і аг. Заямнае. Яны паднялі пытанні арэнды вадаёма ў аг. Заямнае і аднаўлення каналізацыі ў в. Сцяцкі. Даручана калегіяльна выехаць на месца і разабрацца з данымі праблемамі.

Жыхар в. Новы Свержань прыйшоў на прыём да губернатара з набалелым для яго і для многіх жыхароў Новага Свержаня пытаннем  падтаплення зямельных участкаў. «Да вас абавязкова выедуць спецыялісты: меліяратары, дарожнікі, супрацоўнікі АКС, РАНС – вывучаць сітуацыю, зробяць вывады, як вам дапамагчы», – канстатаваў Анатоль Міхайлавіч.

Жыхара пас. Наваколасава, кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Пан Ежы», хвалюе, што на трасе М1 (паварот на Коласава) пастаянна арганізаваны гандаль ягадамі, грыбамі і інш., што стварае небяспечную сітуацыю для вадзіцеляў і для грамадзян, якія набываюць гэтую прадукцыю, бо яе якасць невядомая. Грамадзянін І. прапанаваў паставіць фотафіксацыю на даным участку дарогі, каб «нелегалы»-прадаўцы былі прыцягнуты да адказнасці за продаж у недазволеным месцы, і зрабіць на павароце з Коласава на трасу М1 аўтобусны прыпынак. Другое пытанне, якое непакоіць наваколасаўцаў, – гэта будаўніцтва тратуарнай дарожкі ад чыгуначнай станцыі да воінскай часці.

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень растлумачыў, што гэтая дарога ў п. Наваколасава будзе перададзена на абслугоўванне АКС і ў І паўгоддзі наступнага года будзе зроблена тратуарная дарожка, а Мінтранс распрацоўвае праектную дакументацыю па абслугоўванні трасы М1 (паварот на Коласава).

Стаўбчанін Б. на прыёме ў губернатара падняў пытанне будаўніцтва школы № 4 у новым мікрараёне г. Стоўбцы.

Так, у горадзе толькі тры сярэднія школы, у якіх  вучні (трэціх, чацвёртых, шостых, сёмых, восьмых класаў) займаюцца ў дзве змены. Першыя класы ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы» атрымліваюць веды на базе ДУА «Яслі-сад № 7 г. Стоўбцы». Колькасць вучняў з кожным годам павялічваецца. Плануецца, што ў 2022 годзе яна складзе  каля 2590 вучняў.

Грамадзяніну Б. было растлумачана, што Рашэннем Стаўбцоўскага райвыканкама ад 23.04.2019 № 554 «Аб дазволе правядзення праектна-пошукавых работ па аб’екце» прынята рашэнне аб дазволе КДУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Стаўбцоўскага раёна» правядзення праектна-пошукавых работ па аб’екце «Будаўніцтва сярэдняй школы на 720 месцаў у г. Стоўбцы»: УП «УКБ» атрыманы акт выбару зямельнага ўчастка, сфарміраваны пакет дакументаў па тэхумовах, аб’яўлены конкурс па выбары падраднай арганізацыі на выкананне праектных работ. «Работы па будаўніцтве сярэдніх школ у 2020 годзе распачнуцца ў Стоўбцах і, хутчэй за ўсё, у Лагойску, Сеніцы, Старых Дарогах…» – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Жыхаркі пас. Наваколасава Л. і П. звярнуліся да губернатара ад імя ўсіх жыхароў пасёлка паспрыяць у вырашэнні іх набалелага пытання: адкрыць магазін на тэрыторыі пасёлка з канкурэнтаздольнымі цэнамі на харчовыя тавары, напрыклад «Евроторг».

Член садаводчага таварыства «Калібр» расказала аб незаконных дзеяннях старшыні, казначэя і членаў рэвізійнай камісіі таварыства, прасіла аказаць садзейнічанне ў навядзенні парадку ў іх таварыстве.

І зусім кур’ёзны факт. Жыхарка г. Стоўбцы Я., якая пражывае па вуліцы Энгельса, скардзілася, што да 15.07.2019 АКС абяцаў адрамантаваць участак калектара. Пліта абвалілася, утварылася яма, пашкоджана каналізацыя. Яму не засыпалі, у двары гуляюць дзеці, па ўсёй акрузе ідзе непрыемны пах.

Анатоль Ісачанка даручыў: «Ліквідаваць усе недахопы як мага хутчэй. Апошні тэрмін – 30.07.2019. Так не павінна быць!»

Пытанні, з якімі людзі прыйшлі на прыём, тычыліся самых розных сфер. Ні адно з іх не засталося без увагі. Па большасці ўзнятых праблем Анатолій Міхайлавіч прапанаваў аптымальныя рашэнні, улічваючы ў першую чаргу інтарэсы грамадзян.

Што да нявырашаных пытанняў, то адказным службам аблвыканкама, райвыканкама дадзены даручэнні выехаць на месца, разабрацца і выправіць сітуацыю ў найбліжэйшы час.

Нэлі АСТРЭЙКА, фота Яўгеніі СЛЕСАРЧЫК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *