Каб вёскі выглядалі годна, трэба старацца ўсім

Добраўпарадкаванне Нумары

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2012 года № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэння колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», адпаведным распараджэннем старшыні райвыканкама створана камісія па абследаванні стану жылых дамоў на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна. Робіцца гэта з мэтай далейшага навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў. Члены камісіі аб’ехалі вёскі раёна і налічылі 106 будынкаў, якія могуць быць уключаны ў рэгістр пустых і старых дамоў.

– І гэта немалая лічба, – гаворыць старшыня райсавета Аркадзь Казякоўскі. – На падставе сабраных матэрыялаў рашэнне ўключаць або не ўключаць асобныя дамы ў спіс мы прымалі камісійна. Зазначу, што больш за ўсіх выяўлена пустых дамоў у наступных сельсаветах: Дзераўнянскім – дваццаць адзін, Вішнявецкім – сямнаццаць, Старасвержанскім –  чатырнаццаць. Калі на працягу месяца пасля апублікавання спісу (надрукаваны ў № 21 газеты «Прамень») спадчыннікі не заявяць аб сваіх правах на маёмасць, то гэтыя дамы па рашэнні райвыканкама будуць уключаны ў рэгістр пустуючых.

І наадварот, калі ўласнік паведаміць у выканкам аб тым, што мае намер выкарыстоўваць пусты дом для пражывання, то такі дом не ўключаецца ў рэгістр пустуючых і мерапрыемствы па прызнанні яго безгаспадарным не праводзяцца. Дом, які застанецца безгаспадарным, затым па рашэнні суда пераходзіць ва ўласнасць таго сельвыканкама, на тэрыторыі якога знаходзіцца. У далейшым сельвыканкам прымае рашэнне  знесці збудаванне, калі яно трухлявае, або прадаць. Як правіла, практыка паказвае, што людзі, якія не задумваюцца аб тым, якія наступствы можа мець неналежны догляд  дома і зямельнага ўчастка, пасля таго, як прачытаюць у газеце, што дом іх бацькоў, дзядоў, цётак і іншых родзічаў, на які могуць прэтэндаваць, трапіць у рэгістр пустуючых і затым будзе адабраны, знаходзяцца і пачынаюць афармляць дакументы. Многія праходзяць шмат працэдур у розных інстанцыях, каб даказаць сваё права на спадчыннасць. Пасля таго, як дакументы аформлены, спадчыннік можа прадаць дом, паднавіць або пабудаваць на гэтым участку новы. Такім чынам, са ста магчымых для ўключэння ў рэгістр дамоў можа застацца толькі палова. І гэта для нас больш выгадна, чым займацца іх зносам, бо для выканання гэтай работы выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкі, якіх як правіла, не заўсёды хапае. Дарэчы, пазалетась па раёне  знесены дваццаць адзін пусты дом, летась – дзесяць.

– Аркадзій Расціслававіч, а калі, напрыклад, чалавек не ведае, што яму дастаўся дом у спадчыну.

– Указам прадугледжана, і гэты абавязак ускладаецца на мясцовыя выканкамы, арганізаваць вышук уласніка пустога дома. Можна прыцягнуць да гэтага і органы ўнутраных спраў, якія, згодна са сваімі паўнамоцтвамі, могуць зрабіць запыт аб знаходжанні чалавека не толькі на тэрыторыі рэспублікі, а і за межамі краіны, і паведаміць спадчынніку аб магчымым прызнанні яго дома безгаспадарным, а таксама прававых наступствах такога рашэння.

– Якія дамы, згодна з указам, могуць быць прызнаны пустуючымі або старымі?

– Да пустуючых могуць быць аднесены дамы, у якіх, па дакладных звестках на 1 студзеня кожнага каляндарнага года, на працягу апошніх трох гадоў запар асобы, якія маюць права імі карыстацца, пражываюць менш за месяц на працягу года і не паведамілі пісьмова аб намеры выкарыстоўваць іх для пражывання. Пад старымі дамамі маюцца на ўвазе неадпаведныя санітарным і тэхнічным патрабаванням, непрыгодныя для пражывання дамы, якія ўтрымліваюцца безгаспадарча, а асобы, якія маюць права імі карыстацца, па дакладных звестках на працягу апошняга года ў іх не пражываюць і не прымаюць мер да аднаўлення дамоў, каб выкарыстоўваць іх па прызначэнні.

– Вы сказалі, што сельвыканкам, якому пасля рашэння суда адышоў дом, мае права  яго прадаць. А каму?

– Усім жадаючым праз аўкцыён. Нашы сельвыканкамы працуюць у даным накірунку. Сёлета ўпершыню такім чынам будуць выстаўлены на продаж два дамы ў Літвенскім сельсавеце – у Літве і Шпаках, і адзін у Навасвержанскім – у Новым Свержані. Ужо сабраны дакументы, у  бліжэйшы час аўкцыён будзе праведзены. Ёсць спадзяванні, што дамы будуць прададзены.

– На тэрыторыі якіх сельсаветаў больш прадаецца дамоў?

– Найбольшым попытам карыстаюцца  дамы, побач з якімі знаходзяцца лес, рэчка, возера, а іменна, у Літвенскім і Мікалаеўшчынскім сельсаветах. Таму звычайна ў такіх месцах пустых дамоў няма, яны набываюцца ў спадчыннікаў пад дачы. А вось у Вішнявецкім, Старасвержанскім, на тэрыторыі былога Варацішчанскага, хоць ёсць там у вёсках прыродны газ і водаправод, пакупнікоў нямнога. Хачу сказаць, што людзі і сёння тэлефануюць з прапановамі купіць той ці іншы дом, дзе няма гаспадара. Усе прапановы разглядаюцца,   жадаючыя накіроўваюцца да спадчыннікаў.

– А які далейшы лёс  дамоў, якія не прададуцца?

– Яны зноў будуць выстаўляцца на продаж і, у рэшце рэшт, калі іх не пажадае купіць і сельгаставарыства, будзе прынята рашэнне аб зносе. Справа ў тым, што пустыя  і старыя дамы не даглядаюцца і не абкошваюцца. Яны псуюць агульны выгляд вёсак і з’яўляюцца расаднікамі пустазелля. А як прыемна, калі вёскі нашы дагледжаныя, прыгожыя, чыстыя! І дзеля гэтага трэба старацца ўсім.

І яшчэ адна немалаважная акалічнасць: асабліва ў вясенні перыяд, калі па любой прычыне можа ўспыхнуць сухая расліннасць, якой вакол закінутых сядзібаў дастаткова, яны становяцца і пажаранебяспечнымі. Нярэдка такія дамы выкарыстоўваюць для часовага пражывання і нядобранадзейныя асобы. 

Звяртаюся да ўсіх спадчыннікаў і патэнцыяльных уласнікаў пустых дамоў, каб яны паклапаціліся аформіць іх ва ўласнасць.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *