«Апавяшчальнік. Служба 101,112» Эстафету ад бацькі прыняў сын

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Главное Спецвыпускі «Праменя»

У райаддзеле па надзвычайных сітуацыях называюць сямейныя дынастыі Сергіевічаў, Чарняцовых і Янушэвічаў. Намецілася і яшчэ адна – Ілюшыных. Дзмітрый Ілюшын, сын начальніка райаддзела, закончыў першы курс універсітэта грамадзянскай абароны, не так даўно браў удзел у якасці валанцёра ў міжнародным злёце юных выратавальнікаў-пажарных.

Усе дынастыі – паважаныя, іх яднае тое, што сыны працягваюць справу бацькоў.

Ветэран пажарнай службы Святаслаў Сергіевіч расказвае, як некалі параіў сыну Андрэю паступаць у Салігорскі горна-хімічны тэхнікум. У нашым райаддзеле ён праходзіў стажыроўку, сюды вярнуўся і працаваць. У яго, камандзіра аддзялення, за плячыма ўжо 14-гадовы вопыт службы. У 2015 годзе Андрэй Сергіевіч быў накіраваны ў камандзіроўку ў Сербію. За выратаванне там людзей, якія пацярпелі ад маштабнай паводкі, атрымаў нагрудны знак «Выдатнік пажарнай службы». У бацькі Андрэя таксама ёсць адзнакі за прафесіяналізм і добрасумленнасць.

Андрэй Сергіевіч знаёміць бацьку з новым абсталяваннем

– У мяне ўсяго два працоўныя месцы – райаддзел па надзвычайных сітуацыях і філіял маторнага завода, куды пасля выхаду на пенсію пайшоў у ахову. У свой час я пабудаваў дом, і сын мой сёння будуецца, – не хавае задаволенасці Сергіевіч-старэйшы.

Будучы ў пажарнай часці, Святаслаў Іванавіч у першую чаргу звяртае ўвагу на новую тэхніку, сучаснае абсталяванне, якія паступілі ў баявы разлік. «Развіваемся, рухаемся наперад. Узрастае і комплекс задач», – дае каментарый намеснік начальніка РАНС Андрэй Герасіменка.

У райаддзеле з нецярпеннем чакаем і Уладзіміра Янушэвіча. Ён хоць і лічыцца ветэранам, але чалавек заняты. Працуе ў ахове Стаўбцоўскага ўчастка ААТ «Белвторчермет». Уладзімір Мікалаевіч расказвае, што ў іх сям’і атрымалася своеасаблівая эстафета. У 2006 годзе, калі ён пайшоў на заслужаны адпачынак, сын Юрый якраз адслужыў у арміі і прыйшоў яму на змену. Янушэвіч-малодшы падхоплівае: «Захацелася быць пажарным. Як бацька і… як мой аднакласнік Андрэй Сергіевіч».

Юрый Янушэвіч з бацькам ля фантана, які той калісьці рабіў сваімі рукамі

Пра тое, што старшы пажарны Юрый Янушэвіч нясе службу дастойна, красамоўна гавораць тры медалі, якія ён прывёз з абласных спаборніцтваў па пажарна-тэхнічных відах спорту. Бацька радуецца і за сына, які не падводзіць, і за ўвесь калектыў. Тэрыторыю РАНС добраўпарадкуюць, утрымліваюць у чысціні. «У 90-х гадах, калі мы сюды пераязджалі, то садзілі з калегамі гэтыя елкі, рабілі фантан», – не без гонару паказвае Уладзімір Янушэвіч.

Самая маладая сярод дынастый выратавальнікаў-пажарных – Чарняцовых. Дзмітрый Мікалаевіч выйшаў на заслужаны адпачынак у 2017 годзе. Працаваў у пажарнай часці старшым інструктарам па ваджэнні пажарных машын. Сын Антон прыйшоў у РАНС у 2015 годзе пасля каледжа. Змяніў прафесію наладчыка на пажарнага, але, прызнаецца, не расчараваўся ў зробленым выбары. У дамашняй калекцыі захоўваюцца бацькаў медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені, мноства грамат. Да іх дабаўляюцца пакрысе і сынавы ўзнагароды. Антон Чарняцоў выступае ў зборнай камандзе па футболе, у шматбор’і «Выратавальнік», і вось ужо два гады запар ён і яго калегі становяцца прызёрамі абласных спаборніцтваў.

Бацьку Антона Чарняцова адразу зацікавіла тэхніка, што паступіла ў баявы разлік

Ва ўсіх названых дынастыях Дзень пажарнай службы, калі на яго не выпадае дзяжурства, – гэта сямейнае свята. Цёплае і радаснае, якое збліжае пакаленні, з’ядноўвае блізкіх людзей інтарэсамі службы. Вельмі важна, што ветэранаў не пакідаюць у РАНС без увагі, запрашаюць на ўрачыстасці і заўсёды лічаць сваімі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *