Экалагічную сцяжынку арганізавалі ў яслях-садзе №4 г. Стоўбцы

Адукацыя Важное

Любоў да прыроды, жаданне разгадаць яе загадкі закладваецца яшчэ ў дзяцінстве. Таму педагогі ясляў-сада № 4 вялікую ўвагу надаюць экалагічнаму выхаванню дашкольнікаў. Арганізаваць работу  з выхаванцамі ў даным напрамку дапамагае абноўленая экалагічная сцяжына. Урокі пазнання роднай прыроды праводзяцца педагогамі прама на тэрыторыі дашкольнай установы з незвычайнымі гаспадарамі маршруту – героямі мультфільма Міньёнамі, у якіх заўсёды гатовы цікавыя заданні і нават квэсты для дзяцей.

Падарожнічаючы па экалагічнай сцяжынцы, дзеці знаёмяцца з разнастайнасцю раслін і жывёл, асаблівасцямі прыродных супольнасцяў і ўзаемасувязямі ў прыродзе. Больш змястоўнымі экалагічныя ваяжы робяць развіваючыя гульнявыя стэнды для маленькіх даследчыкаў, якія дапамагаюць у гульні адкрыць сакрэты флоры і фаўны.

На экалагічнай сцяжыне знаходзіцца шмат цікавых куткоў для назіранняў: незвычайныя клумбы, станцыя «Лес», вітамінны агарод, поле, зялёная аптэка, птушыная сталовая, метэастанцыя і нават свой вадаём.

Дзеці сумесна з педагогамі займаюцца раслінаводствам, вядуць даследніцкую дзейнасць на клумбах і градках. Яны ведаюць, як дапамагчы кветачцы, якая засыхае на сонцы. Выхаванцы не толькі назіраюць за ростам раслін, але і ў канцы лета ўдзельнічаюць у конкурсе  «Вітамінны агарод». У гэты дзень градкі і агароднінныя культуры ператвараюцца ў незвычайных герояў.

На тэрыторыі дзіцячага сада працуе нават метэастанцыя. Выхаванцы старэйшых груп могуць вызначыць тэмпературу паветра, напрамак ветру па спецыяльных прыборах і нават прадказаць надвор’е на бліжэйшы час па прыродных барометрах. Выхаванцы нашай дашкольнай установы могуць даць дакладнае вызначэнне слаіста-кучавым ці перыстым воблакам з дапамогай спецыяльнага прыбора – лаўца воблакаў.

У птушынай сталовай дзеці назіраюць за жыццём птушак у розныя сезоны, праяўляюць аб іх клопат у халодны час года. Для нас стала ўжо традыцыяй правядзенне зімой і вясной акцыі «Дапаможам птушкам!», у ходзе якой дзеці разам з бацькамі вырабляюць незвычайныя кармушкі і шпакоўні для данага маршруту. А наша выхаванка Аляксандра Калбаска, удзельніца абласнога этапа конкурсу «Я – даследчык», можа падзяліцца сваімі цікавымі адкрыццямі і расказаць, чаму ў птушак зімой не мерзнуць лапы.

Бацькі актыўна дапамагаюць у афармленні тэрыторыі. Спілаваныя дрэвы ў руках творчых педагогаў і бацькоў пераўтварыліся ў лясных насельнікаў – соў, зайцаў і нават ў гербарый лясных раслін. Незвычайнае афармленне данага маршруту дапамагае ў займальнай форме пазнаёміцца з асаблівасцямі пабудовы кары дрэў і гаючымі ўласцівасцямі лекавых раслін.

Асаблівы дзіцячы ажыятаж выклікае станцыя «Вадаём». На ёй не толькі можна адпачыць на пляжных шэзлонгах, але і паэксперыментаваць з вадой і пяском і зрабіць невялікія першыя экалагічныя адкрыцці.

Незвычайная сцяжына дапамагае закласці першыя арыенціры пазнання прыроды дзецям у гульнявой форме, не напружваючы іх. Гэта яны спасцігаюць з задавальненнем, што так важна ў дзяцінстве. Працягваць работу ў даным напрамку творчая група педагогаў ясляў-сада № 4 плануе і ў наступным навучальным годзе.

Дар’я ПЯТРОВА, намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *