У Налібаках створаць дзіцячую пляцоўку

Важное Год малой родины

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У Налібаках разбілі сёлетняй вясной сквер з хваёвых парод дрэў. У найбліжэйшых планах – стварэнне дзіцячай пляцоўкі.

– 400 дрэў высадзілі на свабодным участку паміж школай і будынкам сельвыканкама. Па яго перыметры – елкі, унутры – сосны і туі. Атрымалася нядрэнная ландшафтная кампазіцыя. Пасадкамі займаліся вучні і педагогі Налібацкай школы. Цяпер усе разам ажыццяўляем догляд насаджэнняў, – расказаў старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч.

Ужо трэці год сельвыканкам бярэ ўдзел у рэалізацыі доўгатэрміновага прафілактычнага праекта «Здаровы пасёлак», накіраванага на культываванне сярод насельніцтва здаровага ладу жыцця. За гэты перыяд па ініцыятыве Аляксандра Пілінкевіча, пры падтрымцы і дапамозе Налібацкай школы і старастаў вёсак, зроблена нямала.  Да прыкладу, у Налібаках пачышчана возера, прыбрана звалка, наведзены парадак на могілках, а таксама пабудавана мясцовая славутасць – Галгофа, якая прыцягнула шматлікіх турыстаў. Узняцца на яе ў мінулым годзе прыехала аж 13 розных замежных дэлегацый і груп.

А самае галоўнае – для жыхароў Налібакаў і навакольных вёсак ладзяцца кожную зіму спаборніцтвы па тэнісе, валейболе. Папулярнасцю карыстаюцца агульныя экскурсійныя паездкі. На працягу года ў Налібаках бываюць па 3-4 канцэрты з запрашэннем сталічных артыстаў. Яны праходзяць у летні перыяд на адкрытых пляцоўках, у зімні – у мясцовым клубе.

На даны момант сельвыканкам вызначыў для сябе актуальную задачу – адшукаць сродкі для стварэння дзіцячай пляцоўкі.

– Там будуць дарожкі для скейтаў, арэлі, горкі і іншае. Спадзяёмся на падтрымку з боку сельгаставарыства (чарговы раз, бо яно дапамагала з рэалізацыяй і многіх ранейшых задум), неабыякавых вяскоўцаў, землякоў, – тлумачыць Аляксандр Пілінкевіч.

Дзіцячую пляцоўку плануецца размясціць каля школы. У ёй займаецца 56 вучняў, 17 дзетак наведваюць дзіцячы садок.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *