У магазіне ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» умеюць працаваць

Главное Эканомiка

У гэтым фірменным магазіне ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» умеюць працаваць і з пакупнікамі, і з таварам

Калі заходзіш у гэты магазін на вуліцы Магістральнай у Стоўбцах, адразу настройваешся на пакупку. Паліцы і вітрыны ў адносна невялікім памяшканні размешчаны кампактна, таму патрэбны тавар доўга шукаць не прыходзіцца. Яшчэ адзін плюс – неабходнае можна ўзяць у карзіну самому. Балазе ёсць усё, што трэба да стала, і найбольш хадавыя тавары прамысловай групы.

Ля вітрыны з ахалоджанай мясной прадукцыяй сустракае прадавец. Прапаноўваючы тавары, абавязкова дадае: «Усё свежае».

У пакупніка можа нечакана ўзнікнуць дылема – аддаць перавагу каўбаскам ці шашлыку,  таму што сучасная вітрына з падсветкай як найлепш дэманструе высокую якасць ахалоджанай прадукцыі. Зрэшты, на фоне лёгкай музыкі, што гучыць у гандлёвай зале, працэс пакупкі здаецца нязмушаным і прыемным.

Прыём тавару ажыццяўляе Любоў Мрочак

Магазін «Мясны двор» знаходзіцца ў так званай крокавай даступнасці не толькі для мясцовых жыхароў, але і для турыстаў-вандроўнікаў, якія праязджаюць праз Стоўбцы. Асабліва шматлюдна тут у перадвыхадныя і выхадныя дні. Набываюць малочныя вырабы, хлеб і да т. п. Іх тут вялікі выбар. «Мы бяром прадукцыю ў розных вытворцаў, правераных партнёраў, каб кожны пакупнік знайшоў тое, што яму даспадобы», – выдае «сакрэт» паспяховага гандлю прадавец Любоў Мрочак. Ёй удалося згуртаваць калектыў і стварыць у ім творчую атмасферу.

У пакупнікоў «Мяснога двара» нязменна высокі попыт на прадукцыю мясакансервавага камбіната. На ўра разыходзяцца паўфабрыкаты, каўбасныя вырабы, паштэты, тушонкі. Асобая  ўвага ў асартыменце нададзена вырабам-навінкам.

Святлана Кавальчук абслугоўвае пакупнікоў на кассе

– Стараемся працаваць хутка, без чэргаў, –  тлумачыць прадавец Святлана Кавальчук.

Яна пачынала на камбінаце ў забойным цэху, потым перайшла ў фірменны гандаль. Такі выбар зрабіла і Галіна Сачук, у былым – бухгалтар камбіната са стажам работы больш чым чвэрць веку.

У дзень нашай сустрэчы Святлана Кавальчук абслугоўвала пакупнікоў на пару з Галінай Сачук. Калі наведвальнікаў адпусцілі, жанчыны сталі выкладаць тавар. Любоў Мрочак займалася яго прыёмкай. А іх калега Марына Жырневіч акурат была на выхадным (дарэчы, Марына Жырневіч і Галіна Сачук – шматдзетныя мамы). Рабочы дзень у прадаўцоў фірменнага магазіна напружаны, доўжыцца да дзевяці вечара.

Прапануе прадукцыю камбіната Галіна Сачук

– Калектыў «Мяснога двара» вопытны, дружны. Усе – прафесіяналы сваёй справы, якія ўмеюць працаваць як з пакупнікамі, так і з таварам. Гэты магазін  – у ліку лепшых у гандлёвай сетцы камбіната, – зазначае спецыяліст фірменнага гандлю Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната Марына Крупец.

Камбінат мае дзевяць магазінаў і, акрамя таго, дзве аўталаўкі, з дапамогай якіх ажыццяўляе выязны гандаль на тэрыторыі Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Вадзіцель аўталаўкі Іосіф Калодзінскі акурат вярнуўся з рэйса. Нешматслоўны і ва ўсім акуратны, уважлівы. На камбінаце ён 13 гадоў, пры тым што агульны вадзіцельскі стаж яго дасягнуў 40 гадоў. «У адным з цэхаў камбіната працуе і жонка Іосіфа Іосіфавіча, – дадае Галіна Сачук, якая на гэты раз працавала з Іосіфам Іосіфавічам на выездзе. Амаль усё, што было ў фургоне, рэалізавалі. «Любяць прадукцыю нашага камбіната», – падводзіць вынік прадавец.

Вярнуўся з рэйса вадзіцель аўталаўкі Іосіф Калодзінскі

У планах кіраўніцтва камбіната – пакупка яшчэ адной аўталаўкі, што дазволіць пашырыць маршруты і аб’ёмы рэалізацыі ўласнай прадукцыі з дапамогай выязнога гандлю. На цяперашні момант сярэднямесячны тавараабарот у фірменнай гандлёвай сетцы мясакансервавага камбіната складае 5,5 мільёна рублёў.

Нельга не сказаць, што своеасаблівым фірменным прывітаннем ад магазіна «Мясны двор» з’яўляецца ўсмешка яе работніц, па-жаночаму цёплая і шчырая. Свой добры настрой яны перадаюць і пакупнікам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *