Ігар Шостак ужо больш 30 гадоў возіць свежы хлеб на Стаўбцоўшчыне

Соцыум

Адметная прафесіянальная біяграфія ў вадзіцеля Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Ігара Шостака. Ён ужо 30 гадоў працуе на хлебным фургоне. Аднак сам лічыць, што гэтая справа для яго пачалася раней. Яго маці Зінаіда Іванаўна ўсё жыццё адпрацавала ў райспажыўтаварыстве і нязменна на адным месцы: стаяла за прылаўкам хлебнага магазіна. Дзяцінства Ігара праходзіла побач з маці. Ён любіў чакаць машыну, якая прывозіла свежы хлеб, назіраў, як яго разгружаюць, як магазін напаўняецца водарам свежай выпечкі. Калі адслужыў у арміі, вадзіцелі прапанавалі яму ісці працаваць разам, сесці за руль хлебнай машыны.

Так нязменна ён возіць свежы хлеб. Для маці было вялікай радасцю, калі яна сустракала хлебную машыну, за рулём якой сядзеў яе сын. Ігар Яраслававіч дастаўляў прадукцыю не толькі ў магазін маці, але і ў магазін № 21 райцэнтра, дзе 30 гадоў працавала яго жонка Ганна Аляксандраўна. Дзякуючы сваім працоўным будням яны і пазнаёміліся з Ганнай. Калі працягваць гутарку пра сямейную дынастыю ў райспажыўтаварыстве, то трэба сказаць, што больш за 20 гадоў працавала поварам у аддзеле грамадскага харчавання сястра Ігара Яраслававіча Іна Шчэцька. Яна гатавала абеды ў школьных сталовых.

На працягу дзесяцігоддзяў Ігар Шостак вазіў хлеб на ўсе гандлёвыя аб’екты спажывецкай кааперацыі раёна. Апошнія восем гадоў абслугоўвае Рубяжэвіцкую зону: возіць хлеб і хлебабулачныя вырабы цэха хлебапячэння Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства ў сельскія ведамасныя магазіны і ў сталовыя сельскагаспадарчых таварыстваў. Рабочы дзень у яго пачынаецца ў 6 гадзін раніцы, а ўстаць патрэбна на гадзіну раней: так на досвітку і сустракае кожны Божы дзень. Хлеб выпякаецца ў начную змену. Пахучы, апетытны тавар адпраўляецца на колах да спажыўцоў. Для Ігара Яраслававіча загрузка хлеба ў машыну, адпраўка ў рэйс, сустрэча з прадаўцамі па месцы дастаўкі тавару – прыемныя моманты ў рабоце. Ён ніколі не пашкадаваў, што ўсё жыццё  ў гэтай прафесіі. Верым, гледзячы на яго радасны настрой.

Святлана ЖЫБУЛЬ,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *