Караліна! Тут мог быць турыстычны рай

Главное Год малой родины

Караліна – у ліку тых нямногіх вёсачак на карце Стаўбцоўшчыны, якія, здаецца, даўно страцілі перспектыву, але міжволі ўнушаюць да сябе павагу, заклікаюць помніць мінулае. І ў даным выпадку, так бы мовіць, машына часу імчыць нас па гладкім асфальтаваным пакрыцці. Менавіта ім, добраўпарадкаваным дарожным пакрыццём, адметныя і пад’езд да вёскі, і сама адзіная вясковая вулічка.

Адзіная вуліца Караліны

Караліна і школа-інтэрнат

За Новым Свержанем, як звернеш з бальшака Стоўбцы – Пагарэлае, непрыкметна апынешся ў вёсцы Караліна. Месца тут цудоўнае.
Побач – Нёман, лес і… школа-інтэрнат. На жаль, былая. Установа закрыта каля дзесяці гадоў таму, а магутны комплекс вучэбна-гаспадарчых будынкаў застаўся. Пазней яго выставілі на аўкцыён. Набыў лот нябедны чалавек (у яго нават карані на Стаўбцоўшчыне). Вяскоўцы кажуць, што новы гаспадар меў імпэт развіваць тут вытворчасць, адкрыць аграсядзібу, распачаць турыстычны бізнес. Аднак ужо колькі гадоў стаяць занядбаныя гмахі, і ўсё, на што ва ўласніка стае духу (ды і то пасля чарговага тэлефанавання з сельвыканкама), – гэта абкошванне тэрыторыі…
Разам са старшынёй Навасвержанскага сельвыканкама Анатолем Богданам стукаемся ў дзверы сядзібы, што першай сустракае ў Караліне. Жыве ў ёй Людміла Міхайлаўна Мініч. Раней дом быў службовым, які кіраўніцтва школы-інтэрната выдзеліла для настаўніцы матэматыкі. Працавала яна і выхавальніцай, а апошнім часам, ужо пасля закрыцця ўстановы, – вартаўніком. Людміла Міхайлаўна, адклаўшы ўбок часопіс з красвордамі, з ахвотай расказвае гісторыю вёскі:

Старшыня сельвыканкама Анатоль Богдан гутарыць з Людмілай Мініч

– Пасля вайны, калі я была яшчэ дзіцём, у Караліне дзейнічаў дзіцячы дом. Дабротныя дамы і гаспадарчыя пабудовы для яго засталіся ад двух заможных братоў (на жаль, у памяці не засталося іх прозвішча). Родам з Белькаўшчыны, яны выкупілі гэтую зямлю. Адзін займаўся садаводствам (нездарма ў вёсцы шмат яблынь!), другі трымаў жывёлу. Браты потым выехалі ў Польшчу. Сюды таксама з хутароў звозілі хаты і рассялялі ў іх дзяцей. У асноўным гэта былі дзеці з Расіі, з відавочнай рускай гаворкай.
– Вам пра гэта нехта расказваў? – цікавімся ў Людмілы Мініч.
– Яны вучыліся з намі ў свержанскай школе, мы сябравалі. Ды і некаторыя нашы бацькі працавалі ў дзіцячым доме і тое-сёе расказвалі. Потым дзіцячы дом закрылі, а замест яго адкрылі школу-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіхафізічнага развіцця. Памятаеце, хадзіла показка: «Будзеш дрэнна вучыцца – адправім у Караліну». Паступова зносілі ўсе старыя хаткі і ўзводзілі на іх месцы новыя будынкі. У іх размясціліся спальні, сталовая. Была пабудавана і свая школа.
У лепшыя часы ў школе-інтэрнаце знаходзілася 150 дзяцей з розных раёнаў Мінскай вобласці. У нас былі свае кароўнік, свінарнік, пчальнік. Адзін час трусоў гадавалі. Так прывучалі дзяцей да працы, давалі ім прафесію. Мёд, малако, мяса – усё гэта школа-інтэрнат мела сваё.

З Караліны ў Караліну

Калі працавала школа-інтэрнат, у Караліне пражывалі 22 чалавекі. Сёння засталося ўсяго чатыры жыхары. Зімуе ўвогуле адзін – Юрый Бенедзіктовіч.

Незаменны касец Юрый Бенедзіктовіч

Ён мужчына яшчэ не стары. Для вёскі – незаменны касец. Абкошвае абочыны вуліцы, тэрыторыю вакол грамадскага калодзежа. Якасць вады ў ім, як згадвае Анатоль Богдан, пацверджана даследаваннямі санітарнай службы. Людміла Мініч звяртае ўвагу на сваё: «З самай раніцы чуваць Юраву мотакасу».
– Трэба, каб было хораша, акуратна, – адгукаецца Юрый Каспаравіч.
Калісьці ён працаваў у школе-інтэрнаце качагарам. Цяпер падпрацоўвае вартаўніком (ахоўвае былую школу-інтэрнат). І, трэба сказаць, такога «кругласутачнага» работніка, нельга не цаніць новым гаспадарам.
– Як вам такое жыццё наводшыбе, асабліва зімой? – нельга не запытаць у Юрыя.
– Я прывычны жыць на прыродзе. Нарадзіўся ў пасёлку Караліна (Шашкоўскі сельсавет). Жа-ніўся і трапіў з Караліны ў Кара-ліну, – жартуе Юрый. – Аўтобусы сюды не ходзяць, маршрут даўно скарацілі, бо няма каму ездзіць. Аўталаўка прыязджае і, у другую сераду месяца, – машына, якая забірае смецце.
– Трымаеце якую-небудзь гаспадарку?
– З гаспадаркі – толькі коцік. Агародзік саджу. Летам рыбу лаўлю ў старыцы Нёмана. Маю дзвюх унучак, трое дзяцей. Наведваюцца да мяне кожную суботу і нядзелю. З імі можам іншым разам на машыне ў Стоўбцы, у магазін, пракаціцца.
– Лес побач, а ў вас няма плоту.
– А ад каго гарадзіцца? Ад дзіка? Няхай прыйдзе ў двор. Козы часта бываюць…
– Інтэрнэтам цікавіцеся?
– Інтэрнэт у нас не «ловіць». Працуюць электрычныя прыборы. Тэлевізар, халадзільнік… Энергетыкі па ўсёй вёсцы памянялі лінію.
– А святы бываюць у вас?
– Свята – кожны дзень. Калі Бог даў здароўе – радуйся.
Юрый Бенедзіктовіч жыве ў вялікім каменным доме на дзве сям’і. Яго суседзі – сям’я Жукоў. На іх агульным двары цвітуць ружы. Анатоль Богдан падказвае, што за домам знаходзіцца пасека. Кавалак зямлі ўзяў для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі стаўбчанін, які займаецца пчалярствам.

«Несучасная» моладзь

Адна хата ў Караліне прадаецца, таму што яе гаспадар памёр. Купіць, кажуць, хоча нехта з унукаў тых, хто тут пражывае. Вяскоўцы рады гэтай навіне. Для іх важна, хто будзе суседам.
Да душы прыйшлася ім і сям’я са Стоўбцаў, якая тры гады таму купіла ўчастак для будаўніцтва дома. Харошыя людзі, а яшчэ – «несучасная» моладзь, якая ўмее ўсё рабіць, – такія характарыстыкі даюць гараджанам вяскоўцы. Яны спяшаюцца на свой участак кожную вольную гадзіну. Працуюць бацькі і прывучаюць да працы дзяцей.

Прыходзіць у заняпад былая школа-інтэрнат

– У іх жа не проста градкі, а геаметрычныя фігуры. Басейн зрабілі з пластыкавых бутэлек. Дарожкі павыкладалі з каменьчыкаў. А паглядзіце, якую шпакоўню зрабілі! На дзве птушыныя сям’і! – дзівяцца ў Караліне.
У гэтай шпакоўні-«інтэрнаце» пасяліліся шпакі. І хто ні праходзіць каля дома «Караліна, 5» (менавіта такі адрас напісалі гаспадары на валуне), той залюбуецца гармоніяй прыроды і чалавечай фантазіі.

«Мінус» Караліны

Мясцовыя жыхары кажуць, што адзіны «мінус» Караліны – адсутнасць прыроднага газу. Калісьці гэтае пытанне ўзнімаў дырэктар школы-інтэрната Іван Касцюкевіч. Меркавалася падвесці газ з кацельні аздараўленчага лагера «Церамок». Намаганнямі Івана Дамінікавіча быў зроблены асфальтаваны пад’езд да вёскі. Людміла Мініч упэўнена, што такі гаспадарлівы чалавек, калі б застаўся дырэктарам, не дапусціў бы закрыцця школы-інтэрната.
Паветра ў Караліне такое, што, здаецца, яго можна піць. Нешматлікія жыхары вёскі заняты кожны сваім. Калі які рыбак ці паляўнічы праедзе міма на веласіпедзе і парушыць цішыню…

Пры з’ездзе з бальшака

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *