Чэрвеньскія вандроўкі «Лявоначак»

Важное Культура

Для выхаванцаў Людмілы Несцяруккіраўніка ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» – першы месяц лета адзначыўся дзвюма цікавымі вандроўкамі.

Малодшая група ансамбля прыняла ўдзел у фестывальных мерапрыемствах Х Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Дзеці свету», які праходзіў у горадзе Грудзёндз Рэспублікі Польшча. Пражывалі маленькія артысты на беразе маляўнічага ляснога возера Радодзеж на базе адпачынку «Сонечная паляна»  ў драўляных доміках з выгодамі. Для таго каб праводзіць цікава вольны час, у распараджэнні дзяцей былі батуты, пляцоўкі для валейбола – піянербола і футбола, вулічныя трэнажоры, пясчаны пляж, катамараны. Першага чэрвеня ў Польшчы, як і ў многіх іншых краінах, святкуецца Дзень абароны дзяцей.

Фестывальныя мерапрыемствы праходзілі на працягу двух дзён. Усе ўдзельнікі фестывалю выступалі ў розных месцах горада на адкрытых пляцоўках. На кожнай стаяла сцэна і працавалі атракцыёны, а таксама дзяцей забаўлялі аніматары, якія прапанавалі конкурсы, дарылі паветраныя шары. Нашы дзеці ў нацыянальных касцюмах былі ў цэнтры ўвагі. З імі хацелі сфатаграфавацца, іх выступленні здымалі на відэа, і кожны нумар успрымаўся на ўра. Сам конкурс праводзіўся ў горадзе Нове. На вялізнай сцэне, пачынаючы з 10 гадзін раніцы, шэраг розных калектываў, змяняючы адзін аднаго, выконвалі свае конкурсныя нумары. «Лявоначкі» танцавалі «Паленніцу», «Гарэзлівую полечку», «Вяснушкі», «Я малюю». Хочацца адзначыць, што з Беларусі гэта быў адзіны танцавальны калектыў. Радасці не было мяжы, калі абвясцілі, што «Лявоначкі» атрымліваюць Гран-пры фестывалю. Эмоцыі перапаўнялі сэрцы і дзяцей, і дарослых. Людзі падыходзілі і пыталіся: «А дзе знахо-дзяцца Стоўбцы?» Гэта гаворыць пра тое, што юныя артысты вельмі спадабаліся, і людзям было цікава даведацца пра тую мясціну, у якой нараджаюцца такія таленавітыя дзеці. Вандроўка ў Польшчу запомнілася і экскурсіямі. Дзеці пазнаёміліся са старой часткай горада Грудзёндз, убачылі шырокую і паўнаводную Віслу, на якой і стаіць горад, з вышыні замкавай абарончай вежы паглядзелі на панараму горада, пабачылі збудаванні XVI стагоддзя, якія захаваліся да цяперашняга часу. Яшчэ адна цікавая экскурсія была ў горад Мальбарк.

Пасля Мальбарка «Лявоначкі» накіраваліся на Балтыйскае мора. Тры гадзіны дзеці адпачывалі, дыхалі марскім паветрам, купаліся, загаралі.

Праз тыдзень пасля вяртання з Польшчы сярэдняя група ансамбля адправілася пакараць горад Несебр Рэспублікі Балгарыя. «Лявоначкі» сумяшчалі прыемнае з карысным: адпачывалі на Чорным моры і ўдзельнічалі ў грандыёзным па сваіх маштабах фестывалі «Сонца, радасць, прыгажосць». У ім бралі ўдзел прадстаўнікі 10 краін: Балгарыі, Беларусі, Грузіі, Германіі, Украіны, Малдовы, Румыніі, Расіі, Польшчы, Сербіі. Пачаўся фестываль шэсцем з новага Несебра ў яго гістарычную частку. Дзве часткі горада злучае вялізны мост. Усе ўдзельнікі фестывалю (больш за 1500 чалавек) у нацыянальных касцюмах, са сцягамі сваіх краін пачалі рухацца ў стары Несебр. Побач з намі ішлі ўдзельнікі з Расіі, Германіі, Малдовы, і вось тут разумееш, што для творчасці, як і для спорту, няма межаў, няма нацыянальных разладаў, войнаў. Калі ўдзельнікі фестывалю прыйшлі пад браму старога Несебра, іх сустрэў мэр горада, які павітаў усіх з новым фестывалем, пажадаў поспехаў і плённай працы. А затым падымаліся сцягі ўсіх краін-удзельніц, гучалі гімны гэтых краін. Нават слёзы навярнуліся, калі ўгару пачаў уздымацца наш сцяг, а дзеці запелі гімн. Танцавальныя нумары праглядвалі на працягу двух дзён. У нашай узроставай групе было 36 конкурсных выступленняў. На кожны калектыў быў асобны ацэначны ліст, з крытэрыямі, па якіх павінны былі ацаніць канкурсантаў члены журы.  Яны сядзелі нават у розных месцах глядзельнай залы.

Фестываль праходзіў у старым амфітэатры Несебра пад адкрытым небам. «Лявоначкі» танцавалі два нумары: «За чаем не сумуем» і «Круцёлкі». Вынікі фестывалю былі агучаны толькі на наступны дзень. Увечары адбывалася цырымонія ўзнагароджання. І калі абвясцілі, што ў нас першае месца, то зразумела, радасць і шчасце проста зашкальвалі. Людміле Несцярук уручылі падзяку за якасную падрыхтоўку калектыву да фестывалю.

У конкурсе вакалістаў прымала ўдзел  Кіра Багдановіч. Яе да конкурсу падрыхтавала матуля – Ганна Валер’еўна, настаўніца СШ № 2 г. Стоўбцы. Кіра выступіла выдатна і прывезла дыплом ІІ ступені.

Хочацца расказаць і пра тое, што нашы дзеці былі актыўнымі ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў. «Лявоначкі» атрымалі першае месца ў конкурсе талентаў атэля «Бумеранг», ім дасталіся некалькі тытулаў на конкурсе міс, яны лепш за ўсіх ныралі па лыжкі ў басейн, а таксама зрабілі лепшы малюнак пяском. Нам пашанцавала на надвор’е: кожны дзень мы адпачывалі на моры, купаліся ў басейне, частаваліся фруктамі і весела бавілі час.

Хочацца сказаць вялікае дзякуй бацькам, якія змаглі падарыць сваім дзецям такія незабыўныя ўражанні, падтрымаўшы іх фінансава, кіраўніку ансамбля Людміле Несцярук, якая на высокім узроўні падрыхтавала дзяцей да ўдзелу ў фестывалях. А «Лявоначкі» – поўныя сіл і энергіі і спадзяюцца, што галоўныя іх перамогі яшчэ наперадзе!

Ала ЯРМАК, канцэртмайстар ансамбля «Лявоначкі»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *