Санітарная служба раёна правяла маніторынг у сельскай мясцовасці па пытаннях навядзення парадку на зямлі

Соцыум

Работа па навядзенні парадку на зямлі датычыць кожнага, гэта агульны пастаянны клопат і зона адказнасці для нас

На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама разгледжаны вынікі маніторынгу, які праведзены санітарнай службай раёна ў сельскай мясцовасці па пытаннях навядзення парадку на зямлі.

Для атрымання поўнай і ўсебаковай карціны спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі выехалі па трох маршрутах. Нумар адзін: Заямнае – Апечкі – Аталезь – Старына – Шашкі – Трылес – Засулле – Ячнае – Сцяцкі; нумар два: Новы Свержань – Вішнявец – Любкаўшчына – Пагарэлае – Мікалаеўшчына; нумар тры: Ячонка – Засулле – Рубяжэвічы – Літва – Рочавічы. На аснове сабраных фотафактаў была падрыхтавана прэзентацыя.

Неабкошаны ўезд у Новы Свержань

Як зазначыў галоўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч, на Стаўбцоўшчыне нямала зроблена, і відавочныя вынікі таго, як мяняецца выгляд нашых населеных пунктаў. Практычна не засталося несанкцыянаваных звалак, што сведчыць пра адладжаную сістэму планава-рэгулярнай ачысткі, у тым ліку з прымяненнем кантэйнерных пляцовак для збору цвёрдых бытавых адходаў. Становіцца больш добраўпарадкаваных аб’ектаў і домаўладанняў. З’яўляюцца новыя архітэктурныя формы і ландшафтныя кампазіцыі. Азеляненне набывае масавы характар.

Відавочна, што ў гэтую работу ўключаны ўсе – сельвыканкамы, суб’екты гаспадарання, насельніцтва. Ад іх узаемадзеяння, узаемаразумення ў многім залежыць агульны вынік. На месцах ініцыятарам і каардынатарам работы па навядзенні парадку на зямлі выступае, безумоўна, сельвыканкам. Сёння гэтую ролю спаўна выконваюць Вішнявецкі, Рубяжэвіцкі, Налібацкі і іншыя сельвыканкамы.

Хаваюцца ў траве бардзюры на аўтадарозе Новы Свержань – Любкаўшчына – Жыгалкі

– Нягледзячы на зробленае, гаварыць пра дакладна выбудаваную сістэму навядзення парадку пакуль не прыходзіцца. Пацвярджэннем гэтага служаць вынікі маніторынгу, – акцэнтуе ўвагу Ігар Кунцэвіч. – На розных маршрутах выяўлены недахопы, якія характэрны для большасці населеных пунктаў ці сельгаставарыстваў.

На даны момант на першы план выходзіць такая праблема, як своечасовае абкошванне. У бягучым сезоне ўжо было шэсць, а дзе-нідзе і сем абкошванняў, а колькі іх яшчэ будзе! Прэтэнзіі ўзніклі фактычна да ўсіх – дарожных арганізацый, сельвыканкамаў, суб’ектаў гаспадарання розных форм уласнасці.

Беспарадак на кантэйнернай пляцоўцы ў вёсцы Мікалаеўшчына

– Калі да гэтага пытання падыходзіць несур’ёзна, па астаткавым прынцыпе, то ў зарасніках могуць схавацца ўсе тыя вынікі, якіх мы дасягнулі ў навядзенні парадку, – папярэджвае Ігар Кунцэвіч.

Балявой кропкай у сельскай мясцовасці з’яўляюцца розныя нядзеючыя фермы, лазні, школы, магазіны, бальніцы, клубы і да т. п., якія фактычна паўсюдна засталіся без увагі ўласнікаў ці балансатрымальнікаў. За зарослай тэрыторыяй былых аб’ектаў і нежылых дамоў можа падсцерагаць небяспека, аднак уваход на іх, як правіла, нічым не абмежаваны.

Пакасіўся плот ля ведамаснага жылля СГФ «Аталезь-агра»

Прыходзіцца канстатаваць, што ізноў зарастае тэрыторыя жывёлагадоўчых аб’ектаў ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Стан спраў з навядзеннем парадку ў гэтай гаспадарцы разглядаўся нядаўна на адной з апаратных нарад у старшыні райвыканкама, па яе выніках дырэктар быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Актывізаваць работу неабходна і ДРБУ № 135. Зарастаюць палосы адводу, бардзюры, на некаторых прыпынках грамадскага транспарту на аўтадарогах прыйшлі ў непрыгоднасць лавачкі і іншая маёмасць.

Струхлела лавачка на аўтобусным прыпынку ў вёсцы Сосенка

Зусім нехарактэрны факт зафіксаваны на вуліцы Дачнай у вёсцы Галавенчыцы – несанкцыянаваная звалка, адзіная ў раёне, – і гэта служыць дакорам у першую чаргу жыхарам вёскі, якія дапусцілі падобнае.

Можна прыводзіць іншыя прыклады безгаспадарчасці або адсутнасці культуры, але актуальныя для ўсіх высновы:
– Работы па навядзенні парадку на зямлі не павінны быць разавай акцыяй, ад выпадку да выпадку і, што называецца, з-пад пратакола, – адзначае Ігар Кунцэвіч. – Калі мы хочам бачыць вынік, трэба працаваць штодзённа, паўсюдна, планава і сістэмна. Важная ўмова – сумесная работа сельвыканкама, насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання.

У цэнтры Вішняўца зарастае былая бальніца

Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Фота прадастаўлена санітарнай службай раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *