Алена Нашчынец дапамагае дзецям «захварэць» матэматыкай

Адукацыя Важное

Па тэмпераменце, жыццярадаснасці знешне Алену Нашчынец хутчэй аднясеш да прадстаўнікоў славеснасці. Аднак яна – матэматык. І, гаворыць, «захварэла» гэтым з дзяцінства. Славеснасці ў нейкай ступені прысвяціў сваю дзейнасць старэйшы сын Канстанцін, выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ. Ён з’яўляецца аўтарам даследчых работ, друкуецца. Аднак паспеў ужо атрымаць другую вышэйшую адукацыю – у працяг дынастыі, як настаўнік матэматыкі. Малодшы сын Данііл, выпускнік стаўбцоўскай гімназіі № 1 з матэматычным профілем, паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Так што ў сям’і матэматыка ў пашане. Муж у Алены Віктараўны таксама заняты дакладнымі навукамі – інжынер. Усё гэта аб’ядноўвае сям’ю, як і многае-многае іншае.

У нашым раёне Алена Нашчынец настаўнікам матэматыкі працуе больш за 20 гадоў. Выкладчыца вылічальнай тэхнікі на кафедры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, цікавая маладая асоба ў свой час пакінула кар’еру ў сталіцы і паехала за мужам у Стоўбцы. Доўгі час яна выкладала матэматыку ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра, а апошнія 14 гадоў працуе ў гімназіі № 1. Гэта адзін з самых моцных педагогаў, аб чым сведчыць факт: Алена Нашчынец працуе ў профільных класах. Аднак у сваёй настаўніцкай практыцы педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі вядзе ўрокі і ў класах сярэдняй школы. Алена Віктараўна гаворыць, што сваю задачу як педагога яна бачыць у тым, каб быць гатовай з рознымі падыходамі выкладаць у класах сярэдняга звяна, дзе патрэбна данесці праграму, пастаянна пераключаючы ўвагу дзяцей, каб не стамляліся, і ў старэйшых класах, дзе вучні асэнсавана зрабілі свой выбар на карысць матэматыкі, даць ім столькі, колькі яны змогуць узяць. Каб так працаваць, педагогу патрэбна было стварыць сябе, выпрацаваць уменні перадаць свае веды, зрабіць урокі цікавымі, тлумачэнні – даступнымі і зразумелымі. Гэта пастаянная праца над сабой, нягледзячы на багаты асабісты вопыт і высокую кваліфікацыю.

Само сабой напрошваецца пытанне: не ўсе дзеці могуць мець матэматычныя здольнасці, які выхад знаходзіць настаўнік у такой сітуацыі, працуючы з класам?

– На ўроках матэматыкі самае важнае – навучыць разважаць, думаць, – дзеліцца сваім поглядам Алена Віктараўна, – гэтыя якасці неабходныя любому чалавеку і спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Вучыш дзяцей выбудоўваць ланцужок дзеянняў, лагічна думаць. І нават калі прафесіянальны выбар ляжа не на карысць матэматыкі, гэтыя ўменні прыдадуцца чалавеку, калі прыйдзецца выходзіць са складаных жыццёвых сітуацый.

Дзякуючы ўменню працаваць з дзецьмі ўрокі Алены Нашчынец цікавыя для тых, хто, як і сама настаўніца, «захварэў» матэматыкай, і для тых, хто па сваіх прыродных здольнасцях не можа глыбока пасцігнуць гэты няпросты вучэбны прадмет. Вучням прапаноўваюцца пяціўзроўневыя заданні, і кожны можа ацаніць свае здольнасці.

Як педагог Алена Нашчынец цікавая не толькі тым, што яна з’яўляецца адным з лепшых настаўнікаў матэматыкі раёна, але і тым, што дае падрастаючаму пакаленню, будучаму нашай краіны, больш, чым толькі выкладанне прадмета. У яе багаты вопыт класнага кіраўніцтва. І тут ужо патрэбна аддаць дзецям не толькі прафесіяналізм прадметніка, але і стаць для іх сябрам, надзейным чалавекам у жыцці, які дапаможа «выруліць» у складаных сітуацыях, папярэдзіць праблемы, якія могуць узнікнуць, падтрымае, дапаможа ісці па жыцці, не зварочваючы з патрэбнага напрамку ў няпростым сучасным свеце. Неабходна прыкласці сілы душы, каб заваяваць давер, стаць блізкім чалавекам для вучняў.

Як і многія калегі Алены Нашчынец, яна таксама лічыць, што работа педагога не заканчваецца, калі пакідаеш у чарговы працоўны дзень сцены школы. Сувязь з вучнямі, іх бацькамі, працягваецца і па-за межамі афіцыйна зацвер-джанага рабочага графіка. У мінулым навучальным годзе Алена Віктараўна выпусціла свой чарговы клас. Як матэматык яна рада, што яе вучні паспяхова здалі ўступныя экзамены і сталі студэнтамі прэстыжных навучальных устаноў. Як класны кіраўнік – разам з выпускнікамі чакала запаветных спісаў з прозвішчамі тых, хто паступаў у навучальныя ўстановы іншага профілю. Вось такі інтэлектуальны ўраджай: многія выпускнікі яе класа сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Гэта дае стымул педагогу для далейшай творчай самаадданай працы.

Новы навучальны год для Алены Нашчынец пачынаецца быццам з чыстага ліста. Ёй прапаноўваюць узяць класнае кіраўніцтва ў пятым класе і весці сваіх вучняў па дарозе навукі і жыцця да 11-га выпускнога. І пакінуць у кожным з іх часцінку сябе.
Святлана ЖЫБУЛЬ , фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *