Ураджайнасць збожжавых сёлета ў ААТ «Рубяжэвічы» вышэйшая за леташнюю прыкладна на 20 працэнтаў

Главное Сельская гаспадарка

Дырэктар таварыства Дзмітрый Сахарэвіч (злева) гутарыць з камбайнерамі Сяргеем Кажамякам, Васіліем Паплаўскім і вадзіцелем Аляксандрам Пукалам

На жніве ў ААТ «Рубяжэвічы» задзейнічаны сем камбайнавых экіпажаў, сярод якіх два сямейныя. Сяргей Лабун і Сяргей Кажамяка працуюць з сынамі Дзмітрыем і Аляксандрам. На дзень наведвання абодва экіпажы лідзіравалі ў гаспадарцы па намалотах збожжа. Рупяцца Валерый Лагеня і Анатолій Марцінкевіч, Фёдар Гурын і Ігар Марцінкевіч, Аляксандр Пугач і Дзмітрый Свекатун, Васілій Паплаўскі і Мікалай Казлоўскі, Раман Сабалеўскі і Валерый Мароз. Сярод вадзіцеляў найбольшай стараннасцю вылучаецца Святаслаў Круглік, які працуе на ГАЗ-53 і ўваходзіць у тройку лепшых у раённым спаборніцтве.

Вадзіцелі Вячаслаў Гайдукевіч (злева) і Юрый Янкоўскі

– Убіраем вырашчаны ўраджай і адначасова адгружаем збожжа ў дзяржаўныя засекі. План па продажы харчовай пшаніцы ўжо выканалі, – сказаў дырэктар таварыства Дзмітрый Сахарэвіч, з якім сустрэліся на жытнёвых палетках за Рубяжэвічамі. – Ураджайнасць збожжавых сёлета вышэйшая за леташнюю прыкладна на 20 працэнтаў. Разлічваем намалаціць каля пяці тысяч тон збожжа. Галоўнае – каб надвор’е паспрыяла своечасова ўбраць збажыну. Рапс сёлета аддзячыў самай высокай за апошнія пяць гадоў ураджайнасцю: намалацілі 442 тоны масланасення.

Загадчыца склада Валянціна Літвінская прымае збожжа, якое прывёз вадзіцель Мікалай Сінякевіч

Дзмітрый Валер’евіч дадае, што гарачыя абеды работнікі сталовай прывозяць рупліўцам палеткаў на поле. Выдаецца па два падвячоркі кожнаму і абавязкова мінеральная вада, бо людзі працуюць да самага позняга вечара, стараюцца хутчэй убраць ураджай. Заработная плата налічваецца кожны дзень.

Загадчыца сталовай Галіна Жывіца (справа) і повар Марына Талстая

Работы ў гаспадарцы вядуцца ў комплексе. Услед за камбайнамі прасуецца салома. На гэтай тэхналагічнай аперацыі задзейнічаны чатыры прэсы. Адначасова рыхтуецца глеба пад сяўбу азімага рапсу.

Уборачная ў гаспадарцы ў самым разгары

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *