Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі расказаў аб злачынствах у стане алкагольнага ап’янення

Ахова правапарадку Важное

20-гадовы стаўбчанін выпіў шклянку гарэлкі і, адчуўшы ўседазволенасць, пайшоў граміць на вуліцы аўтамашыны. У выніку малады чалавек стаў хуліганам, які нанёс значную матэрыяльную шкоду.

Яшчэ адзін малады чалавек, якога пасля першай шклянкі пацягнула на другую, учыніў сярод белага дня грабёж у магазіне. Ён схапіў бутэльку з бальзамам і, не разлічыўшыся, стаў уцякаць…

Можна далей пералічваць выпадкі, якія сталі фабулай той ці іншай крымінальнай справы. Алкаголь у іх выступае своеасаблівым каталізатарам, які робіць чалавека неадэкватным, выклікае агрэсіўную рэакцыю і ў выніку ўносіць у яго біяграфію судзімасць. З пачатку года райаддзелам міліцыі зарэгістравана 51 злачынства, здзейсненае ў стане алкагольнага ап’янення. У параўнанні з адпаведным леташнім перыядам назіраецца іх рост – 64,5 працэнта.

Чым выклікана гэтая небяспечная тэндэнцыя? Якая прафілактычная работа праводзіцца ў даным напрамку? Пра гэта мы пагутарылі з намеснікам начальніка райаддзела міліцыі – начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Русланам ХАРУТАМ.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

– Злачынствы ў стане алкагольнага ап’янення – гэта не толькі хуліганствы і крадзяжы, але і пагрозы забойствам, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, кіраванне транспартным сродкам. Яны ўяўляюць пагрозу як асабістай бяспецы грамадзян, так і бяспецы грамадскай. Даныя крымінальныя дзеянні разгортваюцца пераважна ў жылых дамах і кватэрах, аднак фіксуюцца такія выпадкі і на вуліцах. Нярэдка мы назіраем замкнёнае кола: абвінавачваны спачатку распівае спіртное разам з пацярпелым, а потым паміж імі ўзнікаюць сваркі і канфлікты, якія заканчваюцца злачынствам, а то і адразу некалькімі.
Мы падлічылі, што 51 злачынства ў стане алкагольнага ап’янення ўчынена 41 асобай. Кожная трэцяя з іх – раней судзімы. 24 чалавекі нідзе не працуюць і не вучацца. Падобная інфармацыя нацэльвае на тое, з якімі катэгорыямі насельніцтва нам неабходна весці прафілактычную работу.

– Руслан Вітальевіч, барацьба з п’янствам – праблема сацыяльная. Яна вядзецца на ўсіх узроўнях. Якія прыярытэты выбраны міліцыяй?

– У першую чаргу гэта работа з асобамі, якія стаяць на розных уліках з мэтай недапушчэння ўчынення імі правапарушэнняў.
У райаддзеле такіх асоб 151. За 119 з іх правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення ідуць шлейфам, сістэматычна, 32 – набылі «славу» сямейных скандалістаў. Па магчымасці ізалюем гэтых людзей у лячэбна-працоўны прафілакторый. Сёлета накіраваны туды 28 асоб (летась за гэты перыяд было 22). Трое жыхароў раёна, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі і сваімі паводзінамі ставяць у цяжкае матэрыяльнае становішча іншых членаў сям’і, былі абмежаваны судом у дзеяздольнасці.
З асобамі, якія стаяць на ўліку, праводзім на базе райаддзела прафілактычныя мерапрыемствы. Сёлета ўдзел у іх прынялі каля 80 чалавек. З імі гутарым, паказваем тэматычныя відэафільмы, знаёмім з мерамі адказнасці за парушэнне адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства.

Дарэчы, нормы Адміністрацыйнага кодэкса мы актыўна выкарыстоўваем у адносінах да тых, хто п’янствуе. 365 грамадзян былі аштрафаваны ў памеры да васьмі базавых велічынь або арыштаваны на тэрмін да 15 сутак за распіванне і з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе. Аштрафаваны 15 грамадзян, якія займаліся вырабам, захоўваннем, ужываннем або рэалізацыяй спірту і спіртазмяшчальнай вадкасці (у іх канфіскавана шэсць самагонных апаратаў), а таксама ўсе 40 асоб, якія былі заўважаны ў нецвярозым стане на рабочым месцы. На даны момант, калі ў раёне ідзе ўборачная кампанія, пытанні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, згодна з даручэннем Прэзідэнта краіны, знаходзяцца на асаблівым кантролі работнікаў міліцыі.

У пытаннях уплыву на тых, у каго ёсць праблемы з алкаголем, прыцягваем грамадскасць, а менавіта практыкуем разгляд адміністрацыйных матэрыялаў на пасяджэннях грамадскіх пунктаў аховы правапарадку пры сельвыканкамах.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

З 29 ліпеня па 3 жніўня на тэрыторыі раёна праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Быт». Пра факты п’янства, насілля ў сям’і і г. д. паведамляйце па тэл.: 5-01-72, 102. Тэлефон агульнанацыянальнай гарачай лініі – 8-801-100-8-801.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *