«Міліцэйскі веснік». Руслан Пазняк амаль два дзясяткі гадоў працуе ў Дзераўной

Главное Міліцэйскі веснік Спецвыпускі «Праменя»

Руслан Пазняк працуе ўчастковым інспектарам міліцыі амаль два дзясяткі гадоў, і ўвесь час – у роднай Дзераўной.

Сёлета аграгарадок бярэ ўдзел у праекце «Вёска будучага», ініцыіраваным Прэзідэнтам краіны. У гэтай маштабнай рабоце ва ўчастковага інспектара таксама адказная роля – наблізіць Дзераўную да населенага пункта з узорным правапарадкам.
Дзяжурства Руслана Іванавіча пачынаецца з разгляду заяў грамадзян, рэагавання на паведамленні, якія паступілі па тэлефоне 102 і былі перададзены яму супрацоўнікам аператыўна-дзяжурнай службы райаддзела міліцыі. Па гэтай прычыне магчымы нечаканыя выезды на месца здарэння, у сем’і. Калі абстаноўка больш-менш спакойная, участковы інспектар займаецца планавай прафілактычнай работай. Дзейнасць гэта руцінная, на першы погляд непрыкметная, але надзвычай важная.

– Больш за два дзясяткі жыхароў Дзераўнянскага сельсавета вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, і судзімасць у іх яшчэ не пагашана. Дастаткова і тых, хто злоўжывае спіртным, вядзе асацыяльны лад жыцця, – акрэслівае ўчастковы інспектар так званую групу рызыкі, з якой у першую чаргу мае справу. – Адна абавязаная асоба накіравана сёлета ў лячэбна-працоўны прафілакторый, на чарзе – яшчэ адна, у адносінах да яе судом ужо вынесена аналагічнае рашэнне. Таксама сабраны новы матэрыял – на мужчыну, які ў п’яным стане прымяняе сілу да сваіх бацькоў-пенсіянераў…

Тэма п’янства ва ўсе часы застаецца злабадзённай, аднак зрухі відавочныя. «Самагонаварэнне сярод дзераўнянцаў мы ўжо выкаранілі», – упэўнены ўчастковы інспектар, які памятае, як яшчэ дзясятак гадоў таму ў лясным масіве паблізу Вайнілаўшчыны быў знішчаны апошні міні-завод. Ён аказаўся… сямейным. Тады міліцыяй былі канфіскаваны 10 тон брагі і каля 200 літраў самагону…

Участковы інспектар Руслан Пазняк служыць сваім землякам

На шчасце, вырасла новае пакаленне, у якога зусім іншыя інтарэсы. Спрыяюць гэтаму, безумоўна, мясцовыя сярэдняя школа, прызнаная адной з лепшых сельскіх школ у рэспубліцы, і школа мастацтваў, дзе можна рэалізаваць свае здольнасці, касцёл і, безумоўна, спаконвечныя ў гэтых мясцінах традыцыі хрысціянскага выхавання дзяцей. У выніку дзераўнянская моладзь цягнецца да ведаў, да самасцвярджэння ў прафесіі. На тэрыторыі сельсавета з пачатку года зафіксавана толькі адно злачынства, і гэта – крадзеж з двара веласіпеда.

– Пакуль яно застаецца нераскрытым, вядзём работу па ўстанаўленні злачынцы, – знаёміць з абстаноўкай на адміністрацыйным участку Руслан Пазняк (на даны момант ён «адзін за дваіх» – дадаткова абслугоўвае ў сувязі з вакансіяй і Шашкоўскі сельсавет). Для эфектыўнай работы райаддзел міліцыі забяспечыў участковага інспектара аўтамабілем УАЗ. У будныя дні яго рабочая змена пачынаецца ў 15.00, у выхадныя – у 17.00 і падоўжана да дзвюх ночы. Прафілактычную дзейнасць участковага інспектара нельга ўявіць без узаемадзеяння са старшынёй сельвыканкама, дырэктарамі школ, сельгаспрадпрыемства і аграбудфірмы, кіраўнікамі ўчасткаў АКС і ДРБУ, якія знаходзяцца на тэрыторыі Дзераўнянскага сельсавета.
Адметнасць гэтага сельсавета – адсутнасць дачных таварыстваў, дзе, дарэчы, часцей за ўсё, згодна з міліцэйскай статыстыкай, і фіксуюцца розныя крадзяжы і іншыя злачынствы, асабліва ў «нежылы» асенне-зімні перыяд. Аднак акурат у вёсках сустрэнеш нямала дачных дамоў. З задавальненнем засяляюць іх гараджане, як ураджэнцы гэтых мясцін, так і людзі некарэнныя.
– На сваім участку адчуваю сябе як рыба ў вадзе, таму што жыву тут і добра ведаю людзей, – тлумачыць Руслан Пазняк і такім чынам паказвае іншым прыклад вернасці і самаадданасці роднаму краю. Аднойчы яму прыйшлося выконваць і неўласцівую для міліцыянера функцыю – ратаваць аднавяскоўца падчас пажару. За гэты смелы ўчынак Руслан Іванавіч быў адзначаны раённым выканаўчым камітэтам.

У яго сямейным архіве ёсць і падзяка за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. У міліцыю Руслан Пазняк прыйшоў па ўласным перакананні пасля Мінскай спецыяльнай школы міліцыі. Акадэмія была ў яго жыцці пазней, пасля многіх гадоў службы на інспектарскай пасадзе. Веды не бываюць лішнімі. У верасні мінулага года ўчастковы інспектар разам з жонкай і дачкой прадстаўлялі Стаўбцоўшчыну на абласным конкурсе БРСМ «Уладар сяла».
Магчыма, наступным этапам будзе выступленне на конкурсе «Вёска будучага». А чаму б і не паспрабаваць?..

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *