Сцяпан Кухарчык стаў адным з першых «стабальнікаў» у Стаўбцоўскім раёне

Адукацыя Важное

Сёлета Сцяпан Кухарчык з аг. Засулле стаў адным з першых «стабальнікаў» па беларускай мове ў нашым раёне.

Карэспандэнту газеты «Прамень» ён распавёў пра асаблівасці падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання.

– Некаторыя сябры здзівіліся, але ў асноўным я чуў: «Мы і не сумняваліся», – расказвае Сцяпан.

Справа ў тым, што юнак – удзельнік і прызёр шматлікіх конкурсаў і школьных алімпіяд. З’яўляецца пераможцам другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Узнагароджаны атэстатам асобага ўзору і залатым медалём. На цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове атрымаў 94 балы.

– Да такіх вынікаў я рыхтаваўся і ставіў перад сабой мэту. Бо вельмі хачу паступіць, – працягвае Сцяпан.

Можна і без рэпетытараў, але…

– Да тэсціравання рыхтаваўся даволі ўпарта, – прыгадвае выпускнік. – Наведваў рэпетытара па беларускай мове раз на тыдзень. Разам з ім паўтараў школьную праграму і правілы, рашаў тэсты. Некаторыя заданні са зборнікаў выканаў па два разы. Пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы і англійскай мове таксама звяртаўся да рэпетытараў.

Сцяпан прызнаецца, што шмат паўтараў і замацоўваў свае веды, каб падчас тэсціравання быць больш упэўненым ва ўласных сілах.

«Сотняй» па беларускай мове падзяліўся з мамай

Па словах Сцяпана, высокі бал на тэсціраванні яго не вельмі здзівіў. Хвалявання падчас першага іспыту не было. Тэст, на які адводзілася дзве гадзіны, выканаў за 30 хвілін і змог яшчэ тры разы пераправерыць.

Успамінаючы ЦТ, расказвае, што лягчэй за ўсё было вызначыць  стыль тэксту, а самае складанае заданне  – вызначыць асаблівасці кіравання ў беларускай мове. Калі выйшаў з аўдыторыі,  адчуваў, што будзе 100 балаў, і адразу ж патэлефанаваў маці.

Што акрамя добрых ведаў трэба выпускніку, каб паспяхова здаць тэсціраванне? На думку Сцяпана, упэўненасць у сваіх здольнасцях. Неабходна інвеставаць апошні навучальны год у сябе і сваю будучыню

Сцяпан расказаў, што апошнім часам займаўся выключна вучобай. За год  добра ўмацаваў свае веды. Звярнуў увагу на тое, што правілаў многа, і неабходна ведаць іх, умець прымяняць на практыцы, рашаць як мага больш тэставых заданняў самастойна і ўдзельнічаць у рэпетыцыйным тэсціраванні.

Па словах яго маці, выдатнымі данымі Сцяпан надзелены ад прыроды: ён разумны, працаздольны. Любы школьны прадмет даваўся хлопцу без асаблівых цяжкасцяў. Але, успамінаючы дзяцінства, Сцяпан зазначае, што ён не хацеў у першы клас, бо бачыў, як хваляваўся  яго старэйшы брат, калі нешта не атрымоўвалася. І Сцяпану здавалася, што ў школе вельмі цяжка і нецікава, але ўжо ў першыя дні вучобы ён зазначыў: «Каб я ведаў, што ў школе так цікава, прыйшоў бы раней».

Наогул педагагічная сям’я Кухарчыкаў мае даўнюю гісторыю. Бабуля Сцяпана, Вера Пятроўна, 39 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў, а дзядуля Аркадзій Пятровіч быў дырэктарам школы ў в. Ячонка.

З’яўляецца ўсё больш новых інфармацыйных тэхналогій

Сцяпан мае намер паступіць на факультэт інфармацыйных тэхналогій: кажа, заўсёды хацеў ведаць «мову кода», таму што яна ўнікальная, і спецыялісты з гэтай сферы вельмі запатрабаваныя.

Пажаданні адзінаццацікласнікам

– Я не хачу даваць нейкія парады, але магу адзначыць тыя моманты, якія спрацавалі на мяне, – напрыканцы зазначыў Сцяпан. – Адмовіўся  на час ад сваіх інтарэсаў, сяброў. Бо сябры могуць пачакаць, калі яны сапраўдныя, а вось будучыня залежыць толькі ад сябе. Неабходна дакладна ставіць перад сабой мэту і ісці да яе. Апошні навучальны год неабходна інвеставаць у сябе і сваю будучыню,  узмоцнена займацца.

Пакуль мы рыхтавалі матэрыял да друку,  Сцяпан Кухарчык атрымаў  добрую вестку: хлопец паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на спецыяльнасць «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі». Віншуем Сцяпана і жадаем яму поспехаў у вучобе.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *