Калядныя сустрэчы

Нумары Святочная афіша

З ПАЖАДАННЯМІ ДАБРА

Раённы тэрытарыяльны цэнтр працягвае добрую традыцыю — арганізоўваць сустрэчы для пажылых людзей у клубе «Гады — не бяда». Удзячныя стаўбчане на такі клопат адказваюць сваёй актыўнасцю —  некаторыя на сустрэчы прыходзяць сем’ямі. На навагоднюю ўрачыстасць прыйшло столькі людзей, што прыйшлося прыстаўляць крэслы.

Сустрэчы гэтыя не спантанныя, а вельмі прадуманыя. І на гэты раз загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Ілона Кухарчык і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Зінаіда Катлашэўская паклапаціліся аб падарунках (яны куплены за сродкі райвыканкама і цэнтра), аб святочнай праграме, усё да дэталяў прадумалі. А галоўнае — самі зарадзіліся такім настроем, каб сагрэць членаў клуба сардэчнасцю і прыветнай усмешкай. Для кожнага пажылога чалавека вельмі важныя клопат, увага, чалавечая цеплыня і шчыры ўдзел у яго праблемах.

Прысутным было вельмі цікава пазнаёміцца з новым дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра  Дзіянай Ранцюк. Дзіяна Генадзьеўна павіншавала прысутных з  прыгожымі святамі — Новым годам і Ражджаством Хрыстовым — і запрасіла наведваць цэнтр, дзе іх заўсёды сустрэнуць як жаданых гасцей.

Вельма стараліся падчас канцэртнай праграмы ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Старасвержанскага цэнтра культуры і Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Як заўсёды прымусіў прысутных расслабіцца, усміхнуцца сваім добрым гумарам доктар Ханс Мёрс, які многія гады аказваў дабрачынную дапамогу тэрытарыяльнаму цэнтру як прэзідэнт нямецкага дабрачыннага фонду «Дапамога пацярпелым дзецям».

Калі прысутнічала на гэтай святочнай сустрэчы, у першую чаргу прыходзілі думкі: як добра, што ў  горадзе ёсць клуб, дзе пажылыя людзі могуць сустрэцца, папіць разам чаю, паспяваць. Уваход для ўсіх адкрыты, кожнага сустрэнуць з любоўю. І на гэтую сустрэчу пажылыя людзі прыйшлі ў святочных уборах. Яны паўдзельнічалі ў віктарынах, атрымалі прызы, пад акампанемент баяніста паспявалі. Тых, хто адзначыў свой дзень нараджэння ў лістападзе і снежні (у перыяд ад апошняй сустрэчы), асобна павіншавалі паштоўкамі і падарункамі.

Дамоў пажылыя людзі пайшлі з пажаданнямі дабра і ласкі Божай на новы год.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

НА ДЫСКАТЭКУ  — З ВАЛАНЦЁРАМІ

Два дзясяткі валанцёраў, вучняў трох гарадскіх школ, дапамаглі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам раёна пабываць на… сапраўднай навагодняй дыскатэцы.

—  Цудоўная мара, якою цэлы год жылі наведвальнікі нашага аддзялення, маладыя інваліды раёна, ажыццявілася дзякуючы валанцёрам і іх педагогам-арганізатарам, падтрымцы раённага Цэнтра культуры, — выказвае ўдзячнасць загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Наталля Макава. —  Ва ўсіх удзельнікаў дыскатэкі, у тым ліку і іх бацькоў, з твару не сыходзілі шчаслівыя ўсмешкі.

Усіх развесялілі забаўныя гульні і конкурсы, якія былі аздоблены салодкім пачастункам ад Дзеда Мароза. І гэта яшчэ не ўсё, бо ўсцяж да 14 студзеня праходзіць дабрачынная акцыя «Дрэва жаданняў». Як адзначыла Наталля Макава, работнікі цэнтра разам са сваімі наведвальнікамі ўжо напісалі пісьмы з просьбамі і жаданнямі, якія адрасавалі Дзеду Марозу. Не раскрываючы сакрэт, скажам, што рабяты спадзяюцца на звычайныя «цуды» — яны просяць тое, што неабходна ім для паўсядзённага жыцця, і спадзяюцца, што на гэтыя просьбы адгукнуцца прадпрыемствы і арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі раёна. Па завяршэнні акцыі плануецца вялікае свята з падвядзеннем вынікаў, уручэннем падарункаў.

 

КАЛЯДНЫ «ХАВЕР» АД ДЗЕВЯЦІКЛАСНІКАЎ

Свае здольнасці і харызматычны характар стаўбцоўская моладзь паказала падчас Калядных сустрэч напрыканцы 2013 года.

У рамках гэтых святочных сустрэч, якія сталі традыцыйнымі, ужо чацвёртымі па ліку, прайшлі гарадскія інтэлектуальныя гульні «Што?Дзе? Калі?». Яны сабралі разам каманды вучнёўскай і працоўнай моладзі.  Адна з іх — 9 «Е» клас школы № 3 — абрала для сябе гучную назву «Хавер» нездарма: нібыта цыклон ці ўраган, яна ўварвалася ў рытм турніру і поўнасцю завалодала ім, «скарыла» сваім інтэлектам журы конкурсу і выйшла ў рэшце рэшт на першую пераможную прыступку.

А следам за дзевяцікласнікамі ішлі па шасці этапах інтэлектуальнай праграмы (падрыхтавала і правяла яе педагог сацыяльны школы № 3, кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў «Эрудыт» Вольга Трафімчук) каманды працоўнай моладзі — Стаўбцоўскіх электрасетак і цэнтральнай раённай бальніцы. Яны занялі, адпаведна, другое і трэцяе месцы. Асабліва варта адзначыць каманду медыкаў  у складзе Юрыя Вярэмскага, Марыны Жыбуль, Таццяны Лукашэнка, Яўгена Крайніка, Дзмітрыя і Наталлі Панамаровых. Прадстаўнікі бальніцы бралі ўдзел у турніры ўпершыню і — адразу ў прызёры, абышоўшы, між іншым, вопытных знатакоў з «Сектара газа» — каманды газавікоў раёна.

— Турнір пацвердзіў свой высокі ўзровень, «класны» імідж. Запомнілася агульная гульня інтэлекту, логікі, эмоцый, з дапамогай якіх знаходзіліся калі не адказы, то цікавыя рашэнні любога пытання, усе яны былі навагодне-каляднай тэмы, — падзялілася ўражаннямі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Калодзінская. —  Пераможцы і ўдзельнікі «Калядных сустрэч»  па-сяброўску абмяняліся пажаданнямі на новы 2014 год, былі адзначаны граматамі і салодкімі прызамі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *