Моладзь з Беларусі, Расіі і Латвіі сустрэлася ў лагеры «Бе-La-Pусь»

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Кожны год моладзь з Беларусі, Расіі і Латвіі сустракаецца ў міжнародным маладзёжным лагеры «Бе-La-Русь», каб падзяліцца добрымі навінамі, абмяняцца вопытам работы і проста адпачыць на свежым паветры.

Традыцыйным месцам сустрэчы з’яўляецца тэрыторыя на стыку межаў Беларусі, Латвіі і Расіі побач з Курганам Дружбы ў в. Прошкі Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, насыпаным у 1959 годзе ў памяць аб баявой садружнасці партызан Беларусі, Расіі і Латвіі. У назве лагера закладзены прынцып адзінства моладзі дзяржаў, якія мяжуюць. Ідэйнымі натхняльнікамі лагера выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Саюз за прагрэс моладзі Латвіі, Расійскі саюз моладзі.

У гэтым годзе арганізатарам сустрэчы ў  міжнародным маладзёжным лагеры «Бе-La-Русь», якая праходзіла з 25 па 28 ліпеня, з’яўляўся Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.  У палатачны лагер з’ехалася каля 570 самых ініцыятыўных, спартыўных і творчых хлопцаў і дзяўчат, якіх не спалохалі адлегласць, межы, спякота і нават праліўны дождж. У каманду Мінскай вобласці ўвайшлі 27 чалавек. Гэта настаўнікі, ваенныя і, зразумела, прадстаўнікі БРСМ.

Кожны год арганізатары вызначаюць тэму сустрэчы, у рамках якой праводзяцца спаборніцтвы ў розных творчых і спартыўных конкурсах. І гэты год не стаў выключэннем. Таму, па задумцы арганізатараў «Бе-La-Русь», мерапрыемства праходзіла ў форме адукацыйнага форуму пад дэвізам «Адкрый сваю SUPERCілу!». У лагеры панавала атмасфера сяброўства і добрасуседства. Традыцыйна прайшлі конкурсы візітовак, бівакоў і песень пад гітару ля вогнішча. Былі вызначаны наймацнейшыя ў спартыўных спаборніцтвах па футболе, валейболе і кулінарнай справе. На імправізаванай сцэне праходзіў конкурс на лепшую гумарэску Stand Up. Здзейснена экскурсія ў музей баявой славы. На Кургане Дружбы прайшоў мітынг і адбылася сустрэча моладзі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

Што ж тычыцца адукацыйных праграм, то моладзь з Расіі расказала ўсім удзельнікам аб школе будучага, латвійцы правялі  коўчынг па афармленні сацыяльных праектаў, беларусы засяродзілі ўвагу на матывацыйным трэнінгу.  А падчас правядзення адкрытага дыялогу моладзь з трох краін змагла пагутарыць, падзяліцца сваімі ідэямі і напрацоўкамі. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням развіцця маладзёжнай палітыкі і міжрэгіянальнага  супрацоўніцтва.

За гэтыя гады незабыўныя дні правялі тут тысячы маладых людзей з Беларусі, Латвіі, Расіі. У лагеры былі і ёсць свае героі, а таксама ветэраны і навічкі. У гэтым годзе яго наведалі прадстаўнікі з Грузіі і Індыі.

«Бе-La-Pусь» – унікальная пляцоўка, дзе маладыя людзі з розных краін маюць зносіны, абмяркоўваюць праблемы і наладжваюць кантакты. Як адзначыў выконваючы абавязкі першага сакратара раённага камітэта БРСМ Ягор Падольскі,   міжнародны лагер «Бе-La-Pусь», аб’ядноўваючы маладзёжныя арганізацыі, дапамагае збліжацца нашым краінам.  У нас ёсць агульная мэта, да якой мы павінны ісці разам. А акцыя «Беларусь помніць», якую мы таксама правялі ў рамках маладзёжнага форуму, паказала ўсім астатнім удзельнікам,  што наша моладзь самая актыўная, свядомая,  неабыякавая да будучага роднай краіны.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *