4 жніўня — Дзень чыгуначніка

Главное Эканомiка

Чыгуначны вакзал у Стоўбцах заўсёды радуе сваім адметным выглядам і надае нашаму старажытнаму гораду самабытнасці. За эстэтычным выглядам будынка і парадкам вакол яго сочаць работнікі чыгуначнай станцыі. Сёлета, у Год малой радзімы, яны дабавілі ў гэты імідж нацыянальнага каларыту: на фасадзе назва станцыі цяпер напісана па-беларуску. Праўда, пакуль толькі з аднаго, паўднёвага, боку, а з другога – справа найбліжэйшага часу. 

Свой імідж чыгуначнікі падмацоўваюць таксама сучаснымі і зручнымі паслугамі.

Так, карыстаюцца попытам электронныя білеты, і ў найбліжэйшай перспектыве, як паведаміў начальнік чыгуначнай станцыі Стоўбцы Андрэй Гурыненка, пасажыраў чакаюць новыя магчымасці. З’явіцца мабільная праграма для набыцця білетаў на паязды эканом-класа, а бліжэй да канца 2019 года на станцыі будзе ўстаноўлена абсталяванне для набыцця білетаў на прыгарадныя паездкі без удзелу касіра. Ужо сёння Беларускай чыгункай адкрыта адзіная інфармацыйная служба з нумарам 105, па якім можна атрымаць адказы на пытанні і, бадай, самае галоўнае – ажыццявіць браніраванне білета. Паслуга зручная, таму і запатрабаваная.

Набыць білет можна па-ранейшаму і традыцыйным спосабам – непасрэдна ў білетнай касе. Касіры білетныя з вялікім вопытам работы Вольга Немчык, Людміла Парфенчык, Алена Талашка, Таццяна Ісмаілава абслугоўваюць хутка, з прыемнай усмешкай. Працэс выдачы білета поўнасцю камп’ютарызаваны. Разлічыцца можна пластыкавай карткай.

Старшы касір білетны Алена Казакевіч з калегай Таццянай Ісмаілавай

– Сёлета за паўгода прададзена больш за 136 тысяч білетаў на паязды эканом-класа і больш за 13 тысяч – на паязды міжнародных зносін, – заўважае старшы касір білетны Алена Казакевіч і тлумачыць: – Колькасць перавезеных пасажыраў будзе адрознівацца ад названых лічбаў у бок павелічэння, таму што адзін білет нярэдка прадугледжвае дзве паездкі (туды і назад) і, акрамя таго, нашы пастаянныя пасажыры для зручнасці набываюць месячныя абанементы.

Каб аказанне паслуг было якасным і бяспечным, на станцыі працуюць ва ўзаемадзеянні розныя службы. Разам з перавозкай пасажыраў ажыццяўляюцца і грузаперавозкі.

– Іх узровень у першым паўгоддзі бягучага года склаў 132 працэнты да адпаведнага леташняга перыяду, – зазначае намеснік начальніка станцыі Таццяна Санько. – Перавозім грузы лясныя, будаўнічыя, збожжавыя. У ліку нашых традыцыйных кліентаў – ДБТ № 7, райаграсэрвіс, Навасвержанскі лесазавод, Стаўбцоўскі лясгас, РН «Захад», «ЛВЕ Груп», Стаўбцоўскі ўчастак «Белвторчермета», хлебапрыёмнае прадпрыемства, індывідуальныя прадпрымальнікі і інш.

Сярод касіраў таварных кіраўніцтва станцыі вылучае Аксану Паўлоўскую, Ірыну Бойка, Жанну Макарэвіч, сярод прыёмаздатчыкаў грузу і багажу – Алену Усевіч, Алу Трапейка, Людмілу Янкоўскую, Ганну Галімскую, Наталію Жылінскую. Шчыруюць саставіцелі паяздоў Ігар Якаўлеў, Сяргей Сергеевіч, Андрэй Крайкоў, Юрый Галімскі, Мікалай Коршук.

У таварнай канторы працуюць прыёмаздатчык грузу і багажу Людміла Янкоўская і касір таварны Ірына Бойка

За рух паяздоў адказваюць дзяжурныя па станцыі, і іх вопыт – рэч незаменная. Ёсць і навыкі, і прафесіяналізм у Вольгі Дудзінец, Марыны Міхейкінай, Юліі Сімончык. У мінулым годзе папоўнілі гэтую службу пасля заканчэння навучальных устаноў маладыя спецыялісты Аксана Пяшко і Наталля Валынец.

– Калектыў станцыі – як адна сям’я. З калегамі працуецца лёгка, без псіхалагічнага напружання, – гаворыць Таццяна Санько, у якой з гэтым калектывам звязана ўсё працоўнае жыццё. Лёс чыгуначніка – і ў Алены Казакевіч. Яна, да таго ж, з’яўляецца старшынёй прафсаюзнага камітэта.

– Пабывалі з экскурсіямі ў аквапарку, цырку, на Лідскім піўзаводзе. Наша работніца паедзе са сваімі дзецьмі на адпачынак у Сочы, і 85 працэнтаў кошту пуцёўкі ўзяў на сябе прафсаюзны камітэт. Усе жадаючыя работнікі могуць аздаравіцца ў ведамасным санаторыі, а іх дзеці – у ведамасным лагеры на рацэ Іса пад Слонімам, – расказвае Алена Казакевіч.

Бездакорна выконвае свае абавязкі саставіцель паяздоў Сяргей Сергеевіч

Адметна, што на станцыі не забываюць сваіх ветэранаў працы. Іх – 40 чалавек. Кожнага ветэрана штогод падтрымліваюць матэрыяльна з нагоды дзяржаўных і прафесійнага святаў, юбілейных дат, пры неабходнасці – у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Ветэраны-чыгуначнікі, як і работнікі станцыі, могуць паехаць у санаторый.

Прыемна, што чыгуначнікі, якія выконваюць важную і патрэбную работу,  працуюць на перспектыву і застаюцца вернымі аднойчы выбранай прафесіі, перадаюць свой вопыт маладым і захоўваюць лепшыя традыцыі. Са святам!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *