Пажарны нагляд

Да ведама Нумары

УХІЛІЦЬ РЫЗЫКУ ЗАГАРАННЯ

Пасля аналізу ступені выканання прадпісанняў органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду ў ААТ “Радзіма Якуба Коласа” ўстаноўлены дзіўны парадокс – сітуацыя там не мяняецца на працягу некалькіх гадоў.

Стандартныя для гаспадаркі парушэнні – адсутнасць нарматыўнай колькасці пярвічных сродкаў пажаратушэння, эксплуатацыя ацяпляльных печаў незаводскага вырабу, злучэнне электрычных правадоў шляхам скруткі, адкрытыя размеркавальныя каробкі, адсутнасць сістэмы апавяшчэння людзей аб пажары. З пераліку відавочна, што не ўхіляюцца нават парушэнні, якія не патрабуюць фінансавых укладанняў. Дырэктар таварыства прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь.

На жаль, без парушэнняў у вобласці пажарнай бяспекі не абышлося падчас планавых праверак у Дзераўнянскай сярэдняй школе і Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. Так, у жылым корпусе дома-інтэрната ў некаторых палатах былі пашкоджаны пажарныя апавяшчальнікі аўтаматычнай сістэмы пажарнай сігналізацыі, а ў пражываючых, якія ў выпадку пажару не змогуць самастойна пакінуць памяшканне, адсутнічалі самавыратавальнікі. У гаспадарчых пабудовах на тэрыторыі інтэрната, узведзеных без уліку супрацьпажарных разрываў, прымяняюцца самаробныя катлы… Разам з тым, нават нязначнае і выпадковае парушэнне правіл пажарнай бяспекі на такіх спецыфічных аб’ектах тоіць рызыку загарання і магчымых трагічных наступстваў. Варта прыгадаць пажар у Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ў кастрычніку 2003 года, калі з 62-х хворых выратавацца ўдалося толькі палове… Не так даўно зафіксаваны пажар у аналагічным інтэрнаце ў г. Тайга Кемераўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, на ім 9 чалавек загінулі, 16 – пацярпелі.

Адміністрацыйны працэс распачаты і ў адносінах да кіраўніцтва аб’екта “Расшырэнне дрэваапрацоўчай вытворчасці ТАА “Белсэрвісзабеспячэнне” з частковай мадэрнізацыяй існуючых магутнасцяў па вуліцы Гагарына, 88-а, у горадзе Стоўбцы. Там адсутнічаюць поўны камплект праектнай дакументацыі, заключэнне органаў Дзяржаўнай пазаведамаснай экспертызы па праектнай дакументацыі і іншае. Акрамя таго, дапускаецца эксплуатацыя аб’екта без прыёмкі ў эксплуатацыю, для памяшканняў і будынкаў не вызначаны асноўныя характарыстыкі пажарнай бяспекі і т. п.

Парушэнні выяўлены і на Хатаўскім спіртовым заводзе, сярод іх – адсутнасць у галоўным корпусе сістэмы апавяшчэння людзей аб пажары, наяўнасць у асобных цэхах пашкоджаных пажарных апавяшчальнікаў і іншае.

 

«ПЕРАЗАРАДКА» ДЛЯ ПРЫДАРОЖНАГА СЭРВІСУ

Маніторынг аб’ектаў прыдарожнага сервісу паказаў істотныя недахопы ў іх пажарнай бяспецы.

Двум з 11-ці аб’ектаў выдадзена забарона на далейшую эксплуатацыю. Выяўленых парушэнняў набралася больш за два дзясяткі, і яны носяць сур’ёзны характар. Так, у калідорах, на лесвіцах і дзвярах, што вядуць да шляхоў эвакуацыі або з‘яўляюцца выхадам з будынка, не ўстаноўлены знакі “Выхад”. Дапускаецца прымяненне вогнетушыцеляў, якія не сертыфікаваны. Не ўсюды ажыццёўлена іх перазарадка згодна з тэхнічнымі ўмовамі. Сістэма ўнутранага супрацьпажарнага водазабеспячэння на аб’ектах прыдарожнага сервісу патрабуе дааснашчэння ўсім неабходным. У шматпавярховых пабудовах не прадугледжаны планы эвакуацыі па паверхах і т. п.

Выкананне правілаў пажарнай бяспекі ўваходзіць у абавязкі кіраўніцтва і адказных асоб суб’ектаў гаспадарання. Але, як сведчыць практыка, часта ім прасцей закрыць вочы на тыя ці іншыя парушэнні. І толькі ў тым выпадку, калі падобныя самаўпэўненасць і халатнасць абарочваюцца прыездам выратавальнікаў, выкліканых па трывожным нумары 101, становіцца відавочна, наколькі рэальнай была пагроза. Тады і бясконцыя перасцярогі-прадпісанні з боку супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ужо не здаюцца такімі назойлівымі…

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *