Свята вёскі адзначылі ў Вязаўцы, старадаўняй вёсцы Вішнявецкага сельсавета

Главное Год малой родины

Сцэнарыі святаў вёсак, якіх на працягу апошніх гадоў у нашым раёне было праведзена больш за 50, традыцыйныя, аднак кожная ўрачыстасць атрымліваецца эксклюзіўнай – у лёсах жыхароў, якія сатканы ў адзіны летапіс населенага пункта. Гэта вельмі адчувалася ў Вязаўцы, старадаўняй вёсцы Вішнявецкага сельсавета.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель, старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Таццяна Белановіч і ўсе ўдзельнікі свята прымаюць благаславенне старэйшага жыхара Вязаўца Барыса Барысевіча

На сучасны момант тут 36 домаўладанняў і 24 дамы сезоннага пражывання – 66 пастаянных жыхароў, палова з якіх – працаздольнага ўзросту. Да свята вёска прыхарашылася, быў праведзены рамонт дарогі. Кожны жыхар зрабіў парадак, як заўсёды пры сустрэчы гасцей, гаспадыні з дапамогай сваіх дзяцей, якія на выхадныя злятаюцца ў роднае гняздзечка, парупіліся прыгатаваць пачастунак для ўдзельнікаў урачыстасці. Каларыт свята аздаблялі прыдарожнае раскошнае кукурузнае поле і свежая зеляніна пышных кронаў дрэў, якія былі сведкамі многіх падзей.

З абменным канцэртам работнікі Вішнявецкага дома культуры, якія ўзялі на сябе падрыхтоўку праграмы і парадак вядзення свята, запрасілі народны вакальны гурт «Гарэзы» з аграгарадка Шашкі і духавы аркестр з аграгарадка Дзераўная. Яны і дарылі музычныя падарункі сем’ям, якія сустракалі ля сваіх дамоў урачыстае шэсце з аркестрам.

Валянціна Хмель

Прыгожыя вясковыя людзі экспромтам уступалі ў праграму, як старэйшая жыхарка Неаніла Новік, якая выканала дасціпныя народныя частушкі. Неаніла Мікалаеўна больш за 40 гадоў адпрацавала ў мясцовым калгасе. Як і Валянціна Хмель, якая багатая сямю ўнукамі і 15 праўнукамі. Столькі ж у калгасе адпрацаваў Барыс Барысевіч, ён быў і старастам вёскі Вязавец. Са сваёй Марыяй Іванаўнай яны адзначылі брыльянтавы юбілей сумеснага жыцця. Барыс Марцінавіч сустрэў гасцей свята абразом святога Мікалая Цудатворцы. У свае 92 гады ён застаецца выдатным арганізатарам і светлым, адкрытым чалавекам, тут жа зымправізаваў танцавальны нумар. Цяпер на пасадзе старасты вёскі яго справу працягвае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Вішнявецкі-агра» Ганна Трафіменка. У свой час Ганна Паўлаўна пераехала на Стаўбцоўшчыну з чарнобыльскай зоны. У нас яна абжылася, палюбіла вёску Вязавец, аб чым сведчыць яе дагледжаны дом, яе паважлівыя адносіны да людзей і актыўная жыццёвая пазіцыя.

Сям’я Трафіменкаў

Сям’я механізатара Міхаіла Сухаверха і работніцы мясцовага паштовага аддзялення Людмілы Іосіфаўны таксама паважаная сярод землякоў. І не толькі гэтым іх аўтарытэтам была звернута ўвага да іх, але і тым, што ў іх сына нара-дзіўся хлопчык, ён на сучасны момант самы малодшы жыхар вёскі Вязавец. Раіса Івашка славіцца сярод вяскоўцаў сваімі шыкоўнымі клумбамі, яна заўзяты кветкавод.

У вёсцы нямала набожных людзей. У каго ёсць сілы, тыя і цяпер наведваюць старадаўнюю Вішнявецкую царкву Нараджэння Іаана Прадцечы, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Вязаўца. У ліку такіх багамольцаў Валянціна Пукач, якая 20 гадоў спявала ў царкоўным хоры. Калі пакінула работу (яна больш за 20 гадоў была прадаўцом у мясцовым магазіне), Валянціна Уладзіміраўна стала вышываць іконы, выявы храмаў, пейзажы. Багатая калекцыя яе работ была прадстаўлена на свяце. Настаяцель мясцовай царквы свяшчэннік Генадзій Кійко падтрымаў сваіх прыхаджан у гэты святочны дзень і здзейсніў ля паклоннага крыжа вадасвятны малебен.

Калекцыя Валянціны Пукач

Старшыня раённага Савета дэпутатаў  Сяргей Шэсцель выказаў сваю пазіцыю адносна патрэбы развіцця населеных пунктаў, раздзяліў з жыхарамі Вязаўца вялікую радасць наконт таго, што назіраецца тэндэнцыя засялення вясковых дамоў, яны амалоджваюцца, ажываюць. Маладая шматдзетная сям’я стаўбчан Сяргея і Галіны Райко набыла сабе ў Вязаўцы дачу, адчуваецца іх гаспадарлівасць і жаданне ўтрымліваць дом у парадку. А Людміла Сітнікава прыязджае на вясковую сядзібу з-пад Санкт-Пецярбурга. Вельмі адметная гісторыя, аб якой варта сказаць некалькі слоў. У Вязаўцы прайшла частка яе дзяцінства.  Як расказвае Людміла Міхайлаўна, неяк прыехала яна праведаць бабулю на вясковыя могілкі – і так зашчымела сэрца. Яна прымае рашэнне выкупіць бабулін дом і цяпер на малой радзіме мае дачу. Сюды з Санкт-Пецярбурга прыязджаюць адпачываць дачка з зяцем і ўнукам.

Сям’я Новікаў

Яркай старонкай у летапісе Вязаўца з’яўляецца падзвіжніцкі праект Івана Дзявойны. Сам ён мінчанін, на бацькоўскай сядзібе ў родным доме, дзе прайшло  яго дзяцінства, ён стварыў музей вясковага побыту, дзе сабраў багатую калекцыю прылад працы і вырабаў з ільну. Сваімі рукамі ён добраўпарадкаваў бацькоўскі дом з прымяненнем натуральных матэрыялаў. Сам выдатны сталяр і майстар на ўсе рукі, трымае пасеку. Экскурсія ў яго экзатычны куточак, у музей пакінула яркія ўражанні ва ўсіх удзельнікаў свята.

Іван Дзявойна

Урачыстасць завяршылася на адкрытай пляцоўцы са сцэнай і залай для гледачоў пад адкрытым небам. Сваю любоў да вяскоўцаў, да іх годнага жыцця з малітвай і нястомнай працай, павагай да традыцый продкаў выказалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель і старшыня Вішнявецкага сельсавета Таццяна Белановіч. Работнікі Вішнявецкага дома культуры падрыхтавалі канцэртную праграму. Выдатнае сонечнае і камфортнае надвор’е таксама было ў падарунак вясковым людзям, у якіх так няшмат часу застаецца на адпачынак. Па традыцыі кіраўнікі арганізацый раёна і мясцовых прадпрыемстваў уручылі падарункі ветэранам працы сваіх прадпрыемстваў. Самая вялікая колькасць падарункаў была ад ААТ «Вішнявецкі-агра», таму што большасць мясцовых людзей працавала ў мясцовым сельскагаспадарчым таварыстве, былым калгасе. Кіраўніцтва таварыства аказала вялікую дапамогу і падчас падрыхтоўкі свята, напрыклад змайстравала сцэну, прафінансавала святочны фееверк. Кранальным момантам свята стаў запуск геліевых шароў жаданняў прадстаўнікамі розных пакаленняў.

Жыццё Вязаўца мірна і спакойна працягвае свой бег у паўсядзённых буднях. А свята гэтае стане каштоўнай старонкай летапісу населенага пункта ў фота- і відэаматэрыялах.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *