Хлебаробы ААТ «Агранёманскі» – вопытныя і працавітыя

Главное Сельская гаспадарка

Уборачная кампанія ў ААТ «Агранёманскі» пачалася ў той дзень, калі на базе гэтага таварыства прайшло раённае свята «Дажынкі».

У галоўнага агранома Аляксандра Булаша сёлетняя ўборачная самая хвалюючая, бо першая ў якасці кіраўніка раслінаводчай галіны таварыства.

– Надвор’е парадавала нас літаральна тры дзянькі, а затым пачаліся дажджы, якія прыпынілі тэмпы работ, – гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. Але камбайнеры выкарыстоўваюць кожную пагодлівую хвіліну і жнуць збажыну.

Вадзіцель Віктар Суднік, камбайнеры Аляксандр Ханчэўскі, Віктар Семянько, Арцём Ясяновіч (на заднім плане),
Аляксандр Булаш (галоўны аграном), Андрэй Васін, Міхаіл Таяноўскі, Канстанцін Стадольнік

Як і ў мінулыя гады, шчыруюць на палетках дзевяць камбайнавых экіпажаў. Сярод самых тытулаваных – брыгадзір вытворчага ўчастка гаспадаркі Генадзій Цвірка, які праводзіць сёлета 54-е жніво, і настаўнік Валянцін Гайдукевіч – ён васямнаццаць гадоў поруч з Генадзіем Адамавічам. У гэтым годзе рупліўцы ўбіраюць збожжа на камбайне КЗС-1218, а папярэднія шаснаццаць сезонаў адпрацавалі на камбайне «Ліда-1300». Тэхніка таксама не новая, але ў надзейных руках яна яшчэ паслужыць не адзін сезон. Сорак чатыры гады запар за штурвалам камбайна Міхаіл Таяноўскі. Шчыруюць сямейныя экіпажы перадавікоў раслінаводчай галіны Аляксандра Фалюка і Анатолія Казлоўскага. Бацькі, як і летась, рупяцца разам з сынамі Вадзімам і Мікітам. Прыкладае старанні Віктар Семянько, неаднаразовы ў мінулыя гады пераможца раённага і абласнога спаборніцтваў сярод маладых удзельнікаў жніва. Усе экіпажы, якія задзейнічаны на ўборачнай, добрасумленныя. Старанныя і вадзіцелі, у ліку якіх Анатолій Турко – лідар спаборніцтва, Анатолій Бабровіч, Сяргей Кандрацін, Віктар Бортнік, Іван Каробка. Калектыў зладжаны, працавіты.

Генадзій Цвірка (уверсе) і Валянцін Гайдукевіч

Ураджайнасць у гаспадарцы пакуль што складае 33 цэнтнеры з гектара, але яна павінна павялічыцца, бо яшчэ не ўбіралі насенныя ўчасткі. Увогуле ж гаспадарка з’яўляецца элітгасам, і тут вырошчваюць перспектыўныя беларускія сарты збожжавых культур. Летась пасеялі гадавальнікі размножвання – азімыя трыцікале «благо» і пшаніцу «гирлянда».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *