У Стаўбцоўскай ЦРБ ушанавалі ветэранаў працы. Іх стаж у медыцыне — 50 гадоў

Главное Медыцына

Першага жніўня – асаблівы дзень у працоўнай біяграфіі многіх людзей. Калектывы прымаюць  выпускнікоў навучальных устаноў, і гэтая дата ў працоўнай кніжцы пачынае адлік стажу.

У цэнтральнай раённай бальніцы складваецца добрая традыцыя – ушаноўваць ветэранаў працы, чый  стаж у медыцыне дасягнуў 50 гадоў і больш.

Фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі райбальніцы Іраіда Бандаровіч, загадчыца Рочавіцкага ФАПа Вольга Мойса і ўрач аддзялення дзённага знаходжання паліклінікі Галіна Гардзеева

Нязменна з роднымі вяскоўцамі

Першага жніўня 60 гадоў назад прыступіла да самастойнай работы Вольга Мойса, выпускніца Слонімскага медыцынскага вучылішча. У яе 60-гадовы стаж работы нязменна на адным месцы – у Рочавіцкім фельчарска-акушэрскім пункце. За гэтыя гады выраслі пакаленні вяскоўцаў, Вольга Іванаўна ведае кожнага жыхара 12 населеных пуктаў, на абслугоўванні ў яе ў сучасны момант 400 чалавек. У асноўным гэта людзі пажылога ўзросту, якім патрэбны ўвага, медыцынская дапамога, удзел у іх жыцці мясцовага медыка. Вольга Іванаўна ў поўнай меры гэта ажыццяўляе. Гаворыць, што яна ўсіх памятае, як блізкіх, родных людзей, ведае без карткі, у каго якія захворванні, нават якія абставіны ў жыцці. Многіх яна абслугоўвае з дзяцінства, праводзіла патранаж, а цяпер гэта дарослыя людзі, якія давяраюць свайму нязменнаму медыку.

Аб сваёй прафесіі гаворыць:

– Цяпер працаваць крышку лягчэй на ФАПе, менш насельніцтва, а раней хуткая дапамога далёка, не прымчыцца, і на фельчара накладвалася вялікая адказнасць за здароўе і жыццё людзей. Праца мая мне падабаецца, яна дае магчымасць рабіць дабро людзям. Калі я дапамагла чалавеку, калі яму лепш (я заўсёды не раз тэлефаную, пытаюся, як стан), для мяне гэта вялікая радасць і дае сілы для далейшай работы, якая патрабуе ахвярнасці. Прафесія медыка – высакародная, і вакол столькі ўдзячных людзей.

З павагай да прафесіі ўрача

Першага жніўня 50 гадоў назад пасля заканчэння Мінскага медінстытута заступіла на працу Галіна Гардзеева. Прыехалі па размеркаванні з мужам у Чэрыкаў Магілёўскай вобласці. Галіна Пятроўна – акушэрам-гінеколагам, а муж Віктар Іванавіч, светлай памяці, – неўролагам. Потым праходзіла дадаткова спецыялізацыю, працавала дэрматавенеролагам, тэрапеўтам, нават раённым тэрапеўтам.

Пасля пераезду ў Стоўбцы 26 гадоў назад Галіна Гардзеева доўгі час працавала ўрачом прыёмнага аддзялення райбальніцы. Гэта вельмі няпросты ўчастак, дзе пастаянна бываюць экстранныя сітуацыі, практычна работа «без фортачак». Апошнім часам Галіна Пятроўна на пасадзе ўрача-тэрапеўта аддзялення дзённага знаходжання паліклінікі.

– За дзень у нас бывае 30 і больш пацыентаў, якія днём знаходзяцца ў стацыянары паліклінікі, – расказвае яна пра свае рабочыя будні. – Яны праходзяць усё неабходнае абследаванне, атрымліваюць працэдуры пад назіраннем урача і іншага медыцынскага персаналу, а на ноч вяртаюцца дамоў. Прытрымліваюся правіла – ніколі ні з кім не канфліктаваць. Міласэрна стаўлюся да хворых людзей, таму што ім нялёгка пераносіць хваробы, назначаю лячэнне, нясу вялікую адказнасць, каб яно было правільным. Усю сваю працоўную дзейнасць я правяла ў бальніцы, і 50 гадоў праляцелі незаўважна, пакінулі шмат добрых успамінаў, павагі да калег і адчуванне, што наша прафесія – адна з самых неабходных і патрэбных.

Не кожнаму пад сілу

Іраіда Бандаровіч – фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі райбальніцы. Выпускніца Мінскага медвучылішча № 1сваю працоўную дзейнасць пачынала ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці – у Парэчанскай участковай бальніцы. Пасля пераезду ў Стоўбцы ўжо 45 гадоў нязменна працуе ў лабараторыі. Першага жніўня Іраіда Сяргееўна таксама адзначыла паўвекавы юбілей сваёй медыцынскай практыкі. Уся яе дзейнасць прайшла за мікраскопам, і вось дачакалася часу, калі на службу прыйшоў камп’ютар, сучасныя апараты. Аб сваёй падначаленай вельмі цёпла і сардэчна сказала загадчыца клініка-дыягнастычнай лабараторыі Таісія Паўлюкевіч, якая ў раённай бальніцы ўзначальвае ветэранскую арганізацыю:

– Іраіда Сяргееўна працуе ў нас вельмі даўно, я заступіла на работу, а яна ўжо была ў калектыве. Спецыяліст высокай кваліфікацыі, яна выконвае вялікі аб’ём работы – не кожнаму гэта пад сілу. Я рада і вельмі ўдзячная ёй за яе нястомную і старанную працу. Яшчэ раз паўтаруся, што не кожны зможа несці такую нагрузку. Мы адышлі ўжо ад мануальных відаў даследавання, у нас аўтаматызаваныя гематалагічныя, біяхімічныя і агульнаклінічныя аналізатары. Інфарматызацыя прыйшла і ў нашу лабараторыю, усе нашы спецыялісты ідуць у нагу з часам, не адстаюць ад маладога пакалення, асвоілі ўсе праграмы, сучасныя аўтаматызаваныя прыборы і паспяхова працуюць. Іраіда Сяргееўна цалкам пацвярджае сваю першую кваліфікацыйную катэгорыю. Мае самыя добрыя ёй пажаданні на будучае, а таксама ўсім ветэранам аховы здароўя, каго мы сёння ўшаноўваем. Мы вельмі даражым такімі кадрамі, стараемся іх берагчы.

Удзячныя словы ў свой адрас юбіляры прынялі ад кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы, сваіх калег, а таксама – падарункі і кветкі. Такая ўвага і прызнанне памножыць сілы медыцынскіх работнікаў у іх напружаных рабочых буднях.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *