Прафесія бухгалтара –адна з найважнейшых прафесій сучаснасці. Без бухгалтарскага ўліку не можа абысціся ніводная эканоміка свету, а тым больш асобныя прадпрыемствы, установы і заводы, маленькія фірмы.
Бухгалтар вядзе ўлік усіх расходаў, страт і прыбыткаў, налічвае заработную плату, аплачвае падаткі. Адным словам, ведае ўсё, што адбываецца з фінансамі.
У ААТ «Каганец» пасаду галоўнага бухгалтара дваццаць першы год займае Гелена Грамыка. За гэты час змянілася некалькі кіраўнікоў, а галоўны фінансіст гаспадаркі па-ранейшаму працягвае ўмацоўваць грашовы дабрабыт таварыства. Калі ёсць такая патрэба, то і работу эканаміста выканае. Некалі сама вучылася прафесіі, а сёння яна настаўнік, дапамагае маладым спасцігаць азы бухгалтарскай справы – адной з самых старажытных і запатрабаваных.
– Чаму паехала вучыцца на бухгалтара? – задае рытарычнае пытанне Гелена Эдвардаўна і сама на яго адказвае: – Не ведаю, пэўна, адыграла ролю тое, што мая дваюрадная сястра набыла гэтую прафесію, і я пайшла па яе слядах. Па матэматыцы мела ў школе выдатную адзнаку і па іншых прадметах добра паспявала. Паступіла без цяжкасцяў.
Гелена Эдвардаўна расказвае, што вучылася ў тэхнікуме з задавальненнем, але не хапала грошай, каб паўнацэнна харчавацца. А на тое, каб купіць якую абнову, нават і не разлічвала. Бацькі рабілі ў калгасе і асабліва дапамагчы не маглі, бо заробкі ў іх былі невялікія, а ўсіх дзяцей у сям’і – чацвёра. Аднак дзяўчына не кінула вучобу і атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю, аб чым не шкадуе. У прафесіі бухгалтара знайшла прызванне.
Бухгалтарская работа патрабуе выключнай акуратнасці ў кіраванні фінансавымі справамі. Усе дакументы павінны апрацоўвацца своечасова і быць дакладнымі. Гелена Эдвардаўна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Справаздачы пастаянна здае ў вышэйстаячую арганізацыю своечасова.
– Дапамагае вопыт, – гаворыць галоўны спецыяліст і дадае: – У мяне былі добрыя настаўнікі, якія ва ўсім дапамагалі і вучылі тонкасцям бухгалтарскага майстэрства.
Паўстагоддзя назад, акурат сёмага жніўня, выпускніца Навапольскага саўгаса-тэхнікума прыехала па размеркаванні на працу ў, на той час, калгас «Праўда».
– Мне яшчэ і васямнаццаць не споўнілася, бо нарадзілася ў верасні, – расказвае Гелена Эдвардаўна. – Вельмі хвалявалася. Думкі былі толькі аб тым, ці змагу працаваць. Але галоўны бухгалтар Іван Паляшук супакоіў, маўляў, усё будзе добра, навучышся. І ён узяў, так бы мовіць, нада мною шэфства.
Прайшло зусім нямнога часу, і Іван Канстанцінавіч прыкмеціў, што толк з гэтай маладой дзяўчыны будзе, бо яна схоплівала ўсё ў момант. І неўзабаве Гелену Грамыка прызначаюць на пасаду намесніка галоўнага бухгалтара, а затым – і галоўным бухгалтарам. Работу гэтую яна ведала дасканала, бо на працягу доўгага часу падмяняла дэкрэтныя водпускі. Сама ж яна, маючы чатырох дзяцей, практычна не скарыстала такую магчымасць.
– Дапамагала маці, бацькоў мы перавезлі з Пільніцы, маёй малой радзімы, – расказвае жанчына. – Пастаянна жыву на хутары – гэта за восем кіламетраў ад Зарэчча. Пабудавалі тут з мужам хату. Летам дабіралася на работу на веласіпедзе, а зімой падвозілі. І цяпер, дзякуй дырэктару, няма ніякіх праблем.
Жыла шматдзетная сям’я добра, у ладзе і згодзе. Трымалі вялікую гаспадарку, бо людзі працавітыя. Цяпер Гелена Эдвардаўна адна, але жыўнасць на падворку не зводзіць. А як жа інакш? Шасцёра ўнукаў мае, сярод якіх – трайняты.
– У шосты клас ужо пойдуць і кожнае лета просяцца на канікулы, – гаворыць бабуля. – Усіх сваіх унукаў люблю і заўсёды чакаю ў госці.
За ўвесь час працы Гелена Эдвардаўна толькі адзін раз адпачывала не дома: тры гады назад атрымала пуцёўку ў санаторый «Парэчча».
– Не было калі на курорты ездзіць, бо пастаянна ў клопатах, – тлумачыць жанчына, – а летам і восенню ў лес хаджу па грыбы і ягады. Гэта адначасова і адпачынак, і магчымасць папоўніць харчовыя запасы на зіму.
Гелена Грамыка – паважаны ў калектыве чалавек. Спакойная і ўраўнаважаная. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена яе работай і неаднойчы заахвочвала маральна і матэрыяльна.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара