
Хлебаробы ААТ «Жацерава» (дырэктар – Аляксандр Дударэвіч) першымі ў раёне справіліся з уборкай збожжавых і зернебабовых культур, якія займалі плошчу 999 гектараў. Ураджайнасць збожжавых склала 43 цэнтнеры з гектара, зернебабовых – 40,3 цэнтнера. Па гэтых паказчыках таварыства займае другое месца ў раёне. Усяго намалочана 4335 тон збожжа.
Як адзначае галоўны аграном Іна Леўкавец, поспеху садзейнічала добрасумленная праца ўсяго калектыву дбайных работнікаў, былі вытрыманы тэхналагічныя патрабаванні, што і дапамагло, нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, дасягнуць неблагога паказчыка.
Важкі ўклад у агульную справу ўнеслі і вадзіцелі таварыства Мікалай Дударэвіч і Часлаў Сідаровіч, якія перавезлі сёлета ад камбайнаў звыш тысячы тон збожжа кожны. Мікалай Іванавіч і Часлаў Іванавіч працуюць у гаспадарцы больш за тры дзесяцігоддзі і кожны год дабіваюцца высокіх паказчыкаў у рабоце.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара