Агонь – да трох гадоў…

Нумары Увага - дзецям Факты, падзеi, людзi

З пачатку года ў рэспубліцы загінулі на пажары сямёра  дзяцей, двое з іх – на Міншчыне. Чацвёра з сямі загінуўшых былі ва ўзросце да трох гадоў…

27 лютага ў 19.45 паступіў сігнал аб пажары ў жылым доме ў вёсцы Варацішчы Уздзенскага раёна. На месца здарэння выехалі выратавальнікі і хуткая медыцынская дапамога. У доме пражывала сям’я з чатырох чалавек, двое з якіх – малалетнія дзеці. У момант узнікнення пажару маці, 1985 года нараджэння, была разам з шасцігадовай дачкой на рабоце на малочнатаварнай ферме. Бацька, 1983 года нараджэння, знаходзіўся з сынам 2011 года нараджэння ў дэкрэтным адпачынку, але напярэдадні пажару пакінуў трохгадовага хлопчыка аднаго дома і пайшоў да суседзяў.

Пажар першай убачыла суседка і адразу патэлефанавала маці дзяцей. Тая, забегшы ў задымлены пакой, схапіла сына і вынесла яго на вуліцу. Хлопчыка даставілі ў Гарадоцкую амбулаторыю. Пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў участковы ўрач канстатавала ў 20.40 смерць дзіцяці. Паміж 19.45 і 20.40 – не прайшло і гадзіны, але прамежак гэты адабраў жыццё ў нявіннага дзіцяці…  

Трагічны выпадак здарыўся 5 сакавіка ў 14.07 у Магілёве. Па прыбыцці пажарных драўляны дом гарэў адкрытым полымем. Гаспадыня дома, 1939 года нараджэння, пражывае сумесна з дачкой і яе двума дзецьмі – сынам 1997 года нараджэння і дачкой 2011 года нараджэння. Маці дзяцей была на рабоце, хлопчык – у школе, а дзяўчынка разам з бабуляй – дома. На момант пажару трохгадовае дзіця было адно – бабуля выйшла на вуліцу пакарміць сабаку і ўстрывожылася толькі тады, калі пачула з дому гук спрацаваўшага аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Пры спробе ратаваць дзіця жанчына атрымала апёкі рукі і была шпіталізавана ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы.

У абодвух выпадках прычыны пажару ўстанаўліваюцца. Што датычыць здарэння на суседняй Уздзеншчыне, то выпадак гібелі трохгадовага дзіцяці быў разгледжаны на рабочай нарадзе з удзелам губернатара Мінскай вобласці. Начальнікам Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Максімам Шышканавым унесена прапанова за непрыняцце належных мер рэагавання на вядомыя факты неспрыяльнай абстаноўкі ў сям’і, дзе загінула дзіця, правесці праверку і вызваліць ад займаемых пасад старшыню Слабадскога сельвыканкама і начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Уздзенскага райвыканкама. Акрамя таго, у сувязі з праблемай пажарнай бяспекі малалетніх дзяцей, у рэспубліцы разглядаецца пытанне аб істотных змяненнях у заканадаўстве. Мяркуецца ўзмацніць меры адказнасці да тых бацькоў, якія пакідаюць сваё малалетняе дзіця адно без нагляду.          

Бацькам малалетніх дзяцей парада самая галоўная – беражыце сваіх дзяцей, не пакідайце іх сам-насам ні на хвіліну! Як бачна, кошт і аднаго імгнення можа аказацца вельмі дарагім, непапраўным, незваротным…



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *