Баяністам – брава!

Культура Нумары

У гэтым навучальным годзе на аддзяленні народных інструментаў Стаўбцоўскай школы мастацтваў назіраецца адметная з’ява – склалася «каманда» юных баяністаў, якая пакарае вяршыні розных конкурсаў. Пры актыўнасці, ініцыятыўнасці і стараннях настаўнікаў юныя баяністы вучаць складаныя п’есы, шмат пазаўрочнага часу прысвячаюць для таго, каб рыхтавацца да конкурсаў і выдатна сябе паказаць на іх.

Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж сабраў юных баяністаў і акардэаністаў на VІІ Адкрыты абласны конкурс «Крынічка». На яго адправіліся Людміла Крамко са сваёй таленавітай вучаніцай Анечкай Абрамовіч, якой толькі восем гадоў (згодна з умовамі конкурсу ў малодшую групу ўключаліся дзеці ва ўзросце  9-11 гадоў); Сяргей Крамко з вучнем Дзмітрыем Хвалеем і Генадзь Несялоўскі з вучнямі Лявонам Несялоўскім і Палінай Міткевіч.

Старанні ўзнагароджваюцца перамогамі юных выканаўцаў. Дзмітрый Хвалей атрымаў дыплом І ступені, пакінуўшы за сабой  28 удзельнікаў, Паліна Міткевіч і Аня Абрамовіч – дыпломы ІІІ ступені.  Журы не абышло ўвагай і выдатнае выступленне неаднаразовага лаўрэата конкурсаў выканальнікаў баяніста Лявона Несялоўскага, які ўзнагароджаны граматай.

Не паспелі дзеці вярнуцца з гэтага конкурсу, як ужо сталі рыхтавацца да наступнага, дзе ігралі і індывідуальна, і ў дуэтах. Гэта быў ІІІ Мінскі гарадскі агляд-конкурс баяннай і акардэоннай музыкі «Веснавы россып», які прайшоў у філармоніі сталіцы.

Выкладчыкі школы мастацтваў  выдатна падрыхтавалі канкурсантаў. У намінацыі «Ансамблі» дыплом І ступені журы аддало дуэту баяністаў Ганне Абрамовіч і Дзмітрыю Хвалею. Паліну Міткевіч і Лявона Несялоўскага, якія прыгожа сыгралі ў дуэце тры конкурсныя творы, журы адзначыла дыпломам «За волю да перамогі».

У намінацыі «Індывідуальныя выканаўцы» дыплом І ступені журы аддало  Анечцы Абрамовіч. Яе настаўніца Людміла Крамко атрымала дыплом за высокае педагагічнае майстэрства і папулярызацыю беларускага музычнага мастацтва. У гэтай жа намінацыі, дзе змагаліся за ўзнагароды 36 баяністаў, дыплом ІІ ступені атрымаў  Дзмітрый Хвалей. У сярэдняй групе з колькасцю ўдзельнікаў 50 чалавек дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана Паліна Міткевіч.

Варта адзначыць, што ацэньвала творчасць юных музыкантаў кампетэнтнае журы ў складзе выкладчыкаў музыкі, прафесараў музычных навучальных устаноў пад старшынством заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, прафесара Мікалая Сеўрукова. Прыемна і радасна за нашых дзяцей. Такія адзнакі – яшчэ адно пацвярджэнне таму, як многа дае дзіцячая школа мастацтваў у эстэтычным развіцці маладога пакалення, выяўленні і падтрымцы таленавітых вучняў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *