Казкі жыцця

Культура Нумары

У гэтыя веснавыя дні, калі ў Стоўбцах праводзяцца дзіцячыя конкурсы і фестывалі, якія перараслі з раённых у рэгіянальныя і абласныя, работнікі культуры удзячным словам успамінаюць светлай памяці былога начальніка аддзела культуры Анатоля Грэкава. Гэта ён быў аўтарам праектаў конкурсаў, іх натхняльнікам. Справа Анатолія Васільевіча прадаўжаецца ў новых пакаленнях. Цяпер ужо начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Суднік робіць усё магчымае для таго, каб у конкурсаў было доўгае творчае жыццё. Сярод іх  і рэгіянальны фестываль дзіцячых тэатраў «Казкі жыцця». У гэтым годзе ён прайшоў  22-гі раз і сабраў у Стоўбцах дзіцячыя тэатры з Нясвіжа, Дзяржынска, Івянца, Вілейскага раёна і нават з Дзятлава Гродзенскай вобласці. У ліку ўдзельнікаў былі тэатральныя аддзяленні дзіцячых школ мастацтваў нашага раёна. Фестываль праходзіў на працягу двух дзён. А ўрачыстае адкрыццё яго адбылося ў раённым Цэнтры культуры. Вельмі аздобіла гэтую ўрачыстасць прыгожае касцюміраванае выступленне дзіцячых гуртоў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў – харэаграфічнага ансамбля «Шчабятушкі» пад кіраўніцтвам  Кацярыны Жук і ўзорнага ансамбля народнай песні «Жавароначкі» пад кіраўніцтвам Людмілы Канаплянікавай-Доўнар.

Творчасць юных акцёраў і рэжысёраў дзіцячых тэатраў ацэньвала журы ў складзе галоўнага рэжысёра Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» Мікалая Андрэева, галоўнага рэжысёра Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алы Ганецкай, рэжысёра ўзорнага тэатра «Летуценнікі» з горада Любані Алы Каткавец.

Лаўрэацкі дыплом журы аддало пастаноўцы «Аб каханні» па навелах Рэя Брэдберы дзіцячага тэатра «Волшебники» Стаўбцоўскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Вольгі Навіцкай. Тэатр атрымаў дыпломы за лепшае ўвасабленне твора і высокае акцёрскае выкананне, а таксама за лепшае музычнае афармленне спектакля. А Вольга Навіцкая ўзнагароджана персанальным дыпломам за лепшую рэжысёрскую работу. Юная актрыса Валерыя Сінянкова адзначана журы за лепшую жаночую ролю, а Сцяпан Жаўнерчык – за лепшую мужчынскую ролю. Дыпломы атрымалі і юныя акцёры Ганна Лукашова і Дар’я Навіцкая.

Дыпломам за лепшае ўвасабленне твораў беларускіх сучасных аўтараў узнагароджаны ўзорны тэатр «НаДзея» Дзераўнянскай школы мастацтваў пад кіраўніцтва Алены Шуцько. Тэатр выступіў з пастаноўкай «Васіліса Лайдачкіна ў краіне казак» па творы Г. Аўласенкі. Юным акцёрам Вераніцы Бурдукевіч, Кацярыне Карыцкай, Ягору Дзямянку, Лізавеце Кузьміч было радасна атрымаць узнагароды журы за акцёрскае майстэрства.

За лепшае ўвасабленне беларускага твора і захаванне народных традыцый журы адзначыла ўзорны тэатр лялек «Батлейка» таксама Дзераўнянскай школы мастацтваў, якім кіруе Наталля Сіняўская. Казка «Бычок смаляны бачок» адзначана і дыпломам за лепшы касцюміраваны спектакль. Дыпломам адзначана і пастаноўка драматычнага тэатра «Каўчэг» гэтага ж рэжысёра. За выканаўчае майстэрства атрымалі ўзнагароды юныя акцёры Ангеліна Жырневіч, Юлія Пугач, Анастасія Жодзік.

За ўдалы творчы эксперымент узнагароджаны тэатр «Зеркало» Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Кіраўнік яго Анастасія Самохіна паставіла са сваімі вучнямі спектакль па творы К. Драгунскай «Усе хлапчукі дурні, ці Вось аднойчы…». Юныя акцёры Дзіяна Шуцько, Улад Бандаровіч, Дар’я Тарасава, Алена Гарохавік, Аляксандра Харына адзначаны персанальнымі дыпломамі за майстэрства. За лепшы аўтарскі ансамбль атрымаў дыплом і яшчэ адзін спектакль гэтага рэжысёра – «Мымранё».

Дыпломамі адзначаны юныя акцёры Валерыя Таль, Святлана Шылюк, Вікторыя Філіповіч, Лізавета Вараб’ёва, якія сыгралі ролі ў спектаклі «Таямнічы гіпапатам» рэжысёра тэатра «Зеркало» Антаніны Бондаравай. А Ульяна Казей адзначана дыпломам за лепшую жаночую ролю другога плана.

Журы дало высокую ацэнку самому праекту. Арганізатарамі фестывалю пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі выступілі выкладчыкі тэатральнага аддзялення Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Шуцько і Наталля Сіняўская.

Спонсарскую дапамогу аказалі  індывідуальныя прадпрымальнікі і кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў Алена Шумчык, Наталля Мішук, Алена Дзявойна, Галіна Карповіч, Васіль Гарын. Кожны тэатральны калектыў атрымаў торт, а уладальнікі дыпломаў – падарункі. Удзельнікі фестывалю павезлі дамоў са Стоўбцаў дыпломы і прыемныя ўражанні.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *