Кацярына Калоша паказала найвышэйшы вынік – 100 балаў – па біялогіі

Адукацыя Важное

Кацярына Калоша, выпускніца сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы, паказала найвышэйшы вынік – 100 балаў – па біялогіі.

– Я пачала рыхтавацца з трэцяй чвэрці 10-га класа: працавала самастойна  і з настаўнікамі: да 10-га класа са Святланай Дземідовіч, а ў 11-м – з Віктарам Вярбіцкім. Ён жа рыхтаваў мяне і да цэнтралізаванага тэсціравання. Я хацела б сказаць ім вялікае дзякуй за даступнае тлумачэнне матэрыялу, цярпенне, прафесійны падыход. Разам мы разбіралі тэмы і прапрацоўвалі пытанні тэсціравання папярэдніх гадоў, – гаворыць Кацярына.

Профільны клас дапамог вызначыцца з будучай прафесіяй

На погляд Кацярыны, самыя цікавыя прадметы ва ўстанове адукацыі – хімія і біялогія. Калі дзяўчынка пачала спасцігаць гэтыя навукі ў профільным класе, вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай. На паглыбленым узроўні вывучала анатомію. Яе цікавілі паходжанне, развіццё, знешняя і ўнутраная будова чалавека. Разважаючы пра медыцынскія прафесіі, адзначае:

– Тэрапеўтам быць не хачу, бо гэта галаўны боль, хірургам – вельмі адказна, хутчэй за ўсё, пайду зубным урачом ці фармацэўтам.

«Я рабіла ўсё сама…»

У дзяцінстве Каця любіла чытаць кнігі і вельмі хацела пайсці ў школу. Ніколі не прасіла дапамогі ў родных і блізкіх.  Імкнулася рабіць усё сама. Рыхтавалася да ўрокаў, займалася спортам. За свае намаганні ў вучобе і пазашкольным жыцці ўзнагароджана атэстатам  асобага ўзору і залатым медалём. Неаднаразова з’яўлялася прызёрам абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. У гэтым годзе стала пераможцай абласнога эстафетнага бегу «Копыльское кольцо».

– Для таго каб дасягнуць высокіх вынікаў у любой справе, трэба прыкласці максімум намаганняў, і тады праца абавязкова акупіцца, – адзначыла Кацярына.

Спорт дапамагае адпачыць

– Люблю спорт. Гэта маё хобі. Дзякуючы спорту я магу абстрагавацца ад заняткаў. Вучэбная нагрузка давала пра сябе ведаць. Каб расслабіцца, я займалася лёгкай атлетыкай, гуляла ў баскетбол, шмат бегала. Іншым разам садзілася на веласіпед і ехала ў лес. Пабыўшы на адзіноце, я атрымлівала сілы для таго, каб паўтарыць або вывучыць неабходны матэрыял.

Свірэпка звычайная

Тэсціраванне па біялогіі было другім іспытам, таму Кацярына не хвалявалася. Узяўшы тэсты ў рукі, зразумела, што ўсе заданні вырашальныя, аднак адно пытанне выклікала ў дзяўчыны цяжкасць. Неабходна было вызначыць, што такое свірэпка звычайная (пустазелле, лекавая расліна ці яна занесена ў Чырвоную кнігу). Выключаючы няправільныя адказы, яна выбрала правільны варыянт – пустазелле. Таму ў выніку дзяўчына атрымала найвышэйшы бал. Наогул Каця вельмі марыла пра 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. І гэтая мара спраўдзілася.

Пажаданні адзінаццацікласнікам

Нельга механічна завучваць, неабходна разумець. Трэба таксама знаходзіць час для адпачынку і любімай справы.

Пакуль мы рыхтавалі матэрыял да друку,  Кацярына Калоша атрымала  добрую вестку. Дзяўчына паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. Віншуем з паступленнем і жадаем поспехаў!

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *