Студатрадаўскі рух на Стаўбцоўшчыне набірае абароты

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

З кожным годам жадаючых працаваць у студэнцкіх атрадах становіцца ўсё больш. Працаўладкаванне маладых людзей у вольны час на Стаўбцоўшчыне, як і ў Мінскай вобласці, вядзецца вельмі актыўна. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна сёлета стала магчымым часова працаўладкаваць больш за 80 чалавек. Стаўбцоўскім раённым штабам студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» у 2018 годзе заключана дзевяць дагавораў на розныя віды работ. На падставе пастаноў бюро Стаўбцоўскага РК ГА «БРСМ» па ўсіх заключаных дагаворах сфарміраваны студэнцкія атрады: чатыры педагагічныя, тры сэрвісныя, сельскагаспадарчы і  экалагічны. Дарэчы, у гэтым працоўным семестры ўжо адпрацаваў 51 чалавек у арганізацыях і на прадпрыемствах Стаўбцоўшчыны.

Працоўны семестр – 2019 паспяхова падыходзіць да завяршэння. Адметна, што сёлета наша моладзь праявіла актыўнасць: заявак на працаўладкаванне было значна больш, чым вакансій, але ёсць упэўненасць, што і іншыя арганізацыі  далучацца да працоўнага семестра ўжо ў 2020 годзе.

Практыка работы са студэнцкімі атрадамі існуе не першы год на розных прадпрыемствах нашага раёна. Такое супрацоўніцтва карыснае для абодвух бакоў. Будучыя настаўнікі, урачы і інжынеры з задавальненнем становяцца простымі падсобнымі рабочымі. Усё для таго, каб атрымаць новыя веды, навыкі, раскрыць свае таленты і здольнасці. Юнакі і дзяўчаты імкнуцца навучыцца і ва ўсім разабрацца, таму стараюцца выконваць даручаныя заданні адказна. Кіраўнікі прадпрыемстваў ініцыятыву падтрымліваюць: не бывае лішніх рабочых рук.

– Мы вельмі ўдзячны кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна за аказанне такой дапамогі, – гаворыць Ягор Падольскі, выконваючы абавязкі першага сакратара раённага камітэта БРСМ. – Сёлета моцнае сяброўскае плячо нам падставілі УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», ДУА «Аздараўленчы лагер «Нёман» Стаўбцоўскага раёна», РУП «Стаўбцоўскае АКС», ААТ «Агранёманскі».

Студэнцкі атрад дапамагае часоваму працаўладкаванню маладых людзей, дае магчымасць яго ўдзельнікам «прымераць» розныя сацыяльныя, прафесійныя ролі і статусы, што асабліва важна для будучых спецыялістаў у нашай краіне. Нельга ўспрымаць студэнцкі атрад як адну толькі магчымасць заробку. Акрамя зарплаты гэта яшчэ і адпачынак, выхаванне калектывам, паходы, песні, сяброўства… Пакуль усё названае ёсць, студатрад будзе запатрабаваны. Нельга страціць гэтую рамантыку. Студатрадаўскі рух набірае абароты і дае моладзі ўпэўненасць у сваіх сілах. А што яшчэ трэба для высокага старту?

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *