У Стоўбцах рэалізуецца будаўніцтва кацельні. Яна дасць 50-працэнтную эканомію

Соцыум

У Стоўбцах, па вуліцы Маторабудаўнікоў, рэалізуецца буйны праект – будаўніцтва кацельні на мясцовых відах паліва магутнасцю 24 МВт. Падобны аб’ект унікальны і для Мінскай вобласці. Здаць яго ў эксплуатацыю плануецца ў лютым 2020 года.

– Да пачатку ацяпляльнага сезона 2019–2020 гадоў, зразумела, не паспеем (якраз у кастрычніку-лістападзе прадугледжаны мантаж абсталявання на новай кацельні), але зацікаўлены ў тым, каб будаўніцтва вялося без адставання ад графіка. Новая кацельня – гэта будучы дабрабыт нашага прадпрыемства і раёна ў цэлым, – зазначае дырэктар РУП «Стаўбцоўскае АКС» Дзмітрый МУРЫН.

Дырэктар Стаўбцоўскага АКС Дзмітрый Мурын — ініцыятар новага праекта

– Дзмітрый Яраслававіч, Стаўбцоўскі АКС з’яўляецца заказчыкам. Ведаю, што гэты амбіцыёзны праект выношваўся не адзін год. І вось сёння мы стаім на будаўнічай пляцоўцы.

– Работа над праектам вялася дзесяць гадоў. Балазе нас падтрымалі ў раённым выканаўчым камітэце, аблвыканкаме і непасрэдна ва ўпраўленні ЖКГ Мінскай вобласці.

Для будаўніцтва новай кацельні з запасаў горада, з улікам інжынерных камунікацый, якія існуюць, выдзелены зямельны ўчастак плошчай два гектары. На даны момант тут вядуцца падрыхтоўчыя работы – заліваюцца фундаменты будынкаў. Паралельна набываем тэхналагічнае абсталяванне. Два газавыя катлы  магутнасцю па 6 МВт ужо выраблены для нашай кацельні на прадпрыемстве ў г. Бешанковічы Віцебскай вобласці, а тры катлы на цвёрдых відах паліва магутнасцю па 4 МВт знаходзяцца на стадыі вытворчасці на тым жа прадпрыемстве. Газавыя катлы будуць рэзервовымі, асноўную долю цеплавой энергіі ў горадзе мяркуем выпрацоўваць на мясцовых відах паліва.

– На якія віды паліва разлічваеце?

– Гэта будзе фрэзерны торф з мясцовага торфабрыкетнага завода «Нёман». Згодна з падлікамі, яго спатрэбіцца 15-17 тысяч тон у год. Разведаных запасаў торфу хопіць не менш чым на 30 гадоў работы кацельні.

– Эканомію таксама падлічылі?

– Сёння мы набываем у філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы адну гігакалорыю па цане 146 рублёў. Згодна з праектнымі разлікамі, цана гігакалорыі на новай кацельні на мясцовых відах паліва будзе складаць 70-80 рублёў, ці амаль у два разы танней. Гэта дасць каласальную эканомію бюджэтных сродкаў і, акрамя таго, у плане імпартазамяшчэння, многіх мільёнаў метраў кубічных прыроднага газу. Для насельніцтва розніца ў кошце гігакалорыі значэння не мае, таму што тарыфы на цеплавую энергію і без таго субсідзіруюцца дзяржавай.

– Якія асаблівасці ў рэалізацыі гэтага праекта?

– Уся праектная дакументацыя прайшла дзяржаўную экспертызу, у тым ліку і экалагічную. Тэхнагляд будзе ажыццяўляць ДП «УКБ Стаўбцоўскага раёна» на чале з М. Ф. Мармузевічам.

Па выніках аўкцыёну вызначана падрадная арганізацыя – ТАА «Еўратэхпрам», якая зарэкамендавала сябе ў рэспубліцы на аб’ектах Мінэнерга, Мінпрама. Менавіта гэтая арганізацыя займалася будаўніцтвам завода высокатрывалага чыгуннага ліцця, міні-ТЭЦ на філіяле маторнага завода ў Стоўбцах. Падрадчыкі працуюць на высокім узроўні, вахтавым метадам.

Акурат на 15 жніўня намечана ажыццяўленне ўрэзкі запорнай арматуры ў цэнтральную цеплавую сетку горада. Гэтае мерапрыемства сумешчана са спыненнем работы цеплавых сетак у горадзе ў сувязі з планавым прафілактычным рамонтам.

Сёння адкрыта фінансаванне праекта ў суме 5 мільёнаў 700 тысяч рублёў, з іх асвоена 438 тысяч рублёў і выдадзена авансаў на 1 мільён 600 тысяч рублёў. Увогуле кошт праекта па выніках праведзеных таргоў складзе 11 мільёнаў рублёў. Палова гэтай сумы будзе выдаткавана Міністэрствам энергетыкі рэспублікі, другая палова будзе кампенсавана з абласнога бюджэту і за кошт уласных сродкаў Стаўбцоўскага АКС.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *