11 жніўня – Дзень будаўніка

Главное Эканомiка

Сёлетняй вясной у Стоўбцах пачалі будаваць шматкватэрны жылы дом па вуліцы Ленінскай, а ўжо восенню плануецца здаць яго ў эксплуатацыю. Кватэры ў новым доме атрымаюць шматдзетныя сем’і.

Новабудоўлю ў Стоўбцах плануюць здаць у эксплуатацыю ў бягучым годзе

Сёння на аб’екце ва ўсю гаспадарнічаюць работнікі ПМК-233. Дзякуючы ім у пяціпавярховага будынка, што ўзводзіцца згодна з генеральным планам забудовы райцэнтра, паступова прыраслі паверх за паверхам, і ён увачавідкі набывае закончаныя абрысы. Паралельна з кладкай сцен вядуцца ўнутраныя аддзелачныя, а таксама фасадныя работы.

– Працуем напружана. Для таго каб увайсці ў графік, быў і двухзменны рэжым работы, – акрэслівае тэмпы намеснік галоўнага інжынера Іван Сушко.

На аб’екце ў яго падпарадкаванні – каля паўсотні чалавек. Акрамя таго, на спецыялізаваных работах па падводзе інжынерных камунікацый задзейнічаны працаўнікі падрадных арганізацый.

– Адчуваем дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, – заўважае Іван Сушко. – Не хапае муляраў, а менавіта на іх – асноўная нагрузка на гэтым і іншых аб’ектах, а таксама тынкоўшчыкаў.


Намеснік галоўнага інжынера ПМК-233 Іван Сушко (справа) абмяркоўвае пытанні з інжынерам тэхнагляду Алегам Бычко

Сёлета ў ПМК-233 нядрэнная сітуацыя, ёсць аб’екты і загружанасць, а ўвогуле апошнія гады для будаўнікоў – нялёгкія. Іван Сушко застаўся верным свайму прадпрыемству, працуе на ім ужо дзясятак гадоў. Ганарыцца, што будаваў фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Стоўбцах, мае непасрэднае дачыненне да ўзвядзення ў шматпавярховым мікрараёне горада вялікай колькасці жылых дамоў. У пачатку бягучага года паводле заказу Стаўбцоўскага АКС ажыццяўлялі капітальны рамонт дома № 37 па вуліцы Чыгуначнай у Стоўбцах. Сёлета работнікі ПМК, акрамя будаўніцтва 60-кватэрнага дома, працуюць на ўзвядзенні 18-кватэрнага жылога дома ў Клецку. Гэтай летняй парой запатрабаваныя рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі раёна.

З Іванам Сушко накіроўваемся з прарабскага вагончыка да тых, хто працуе на аб’екце. Прайсці міма фасадчыкаў немагчыма. Яны на рыштаваннях атынкоўваюць сцяну фасада. Сонца прыпякае, але работа кіпіць. Працуюць… пад музыку. Іван Сушко знаёміць з кваліфікаванай брыгадай на чале з Дзмітрыем Плескачом. Тлумачыць: «Ажыццяўляем поўны комплекс работ – уцяпленне, атынкоўку, пафарбоўку. Фасад дома будзе яркім, чатырохколерным».

На рыштаваннях (злева направа) – Дзмітрый Пляскач (брыгадзір), Уладзімір Мартынеўскі, Генадзь Яльковіч, Васіль Герцаў, Яўген Русецкі

Іван Антонавіч паказвае на рог дома, дзе ўжо прадстаўлены ўзоры колеравай гамы цёплых пясочных адценняў. Побач з новабудоўляй пачалося і добраўпарадкаванне. Часткова ўкладзены тратуарныя борт і плітка. Назапашаны матэрыял, каб весці работы далей. «Сачу за тым, каб на будпляцоўцы захоўваўся парадак», – прыкмячае, акідваючы позіркам тэрыторыю, Іван Сушко.

За якасцю будаўнічых работ на аб’екце наглядае дзяржаўнае прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна», і яго прадстаўнікоў мы якраз сустрэлі на будпляцоўцы.

– Аб’ект наведваем часта. Двойчы на тыдзень праводзім тут вытворчыя нарады, – тлумачыць інжынер тэхнагляду Алег Бычко.

– Ёсць пытанні адносна якасці будаўніцтва?

– Усе пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе правядзення работ, вырашаем у рабочым парадку. Скажу, што жыллё павінна атрымацца сучасным, цёплым. Яно будзе мінімальных спажывецкіх якасцяў, як тое і прадугледжана фінансаваннем, але са сваім бонусам – пакватэрным рэгуляваннем ацяплення. У Стоўбцах пабудаваны пакуль толькі чатыры такія шматпавярховыя дамы.

На аб’екце працуе тынкавальная ўстаноўка, у якой рыхтуецца раствор і па шлангах падаецца на паверх. Тынкоўкай займаецца брыгада Аляксандра Стомы. Усе ў ёй – спецыялісты не ніжэй чым чацвёртага разраду, у ПМК працуюць па два дзясяткі гадоў. «Калісьці мы ўсе разам пачыналі», – амаль што ў адзін голас заяўляюць члены брыгады.

Брыгада тынкоўшчыкаў (злева направа): Наталля Ажгірэвіч, Людміла Машчыц, Валерый Мастоўскі, Наталля Атрушкевіч, Наталля Дубатоўка, Аляксандр Стома (брыгадзір)

– Што самае складанае ў вашай рабоце? – цікавімся ў брыгадзіра.

– Выраўняць сцяну, зрабіць яе гладкай. Работа з адкосамі патрабуе пэўных навыкаў, – гаворыць Аляксандр Стома. –  На гэтым аб’екце мы ўжо атынкавалі 3000 м2 сцен. На кожнага члена брыгады прыходзіцца ў сярэднім 8–10 м2 у дзень. Калі трэба, працуем звышурочна, у суботу.

Інструментаў пад рукой у тынкоўшчыкаў, нібыта ў хірургаў, вялікі набор. Гэта паўцёркі, кельні, гумавыя цёркі, гладзілкі… Аднымі наносяць раствор, другімі заціраюць, трэцімі – папраўляюць… Ва ўсякім выпадку так здаецца збоку мне, старонняму.

Заўважаю, што брыгада тынкоўшчыкаў складаецца пераважна з жанчын. Людміла Машчыц, Аксана Мардзіловіч, Наталля Атрушкевіч, Наталля Дубатоўка. Яшчэ адна Наталля, Ажгірэвіч, нядаўна прыйшла ў калектыў брыгады. Малады спецыяліст закончыла дарожна-будаўнічы каледж, і ёй сапраўды ёсць у каго вучыцца.

У будаўнікоў работа нялёгкая, адказная, і кожны з нас можа бачыць яе вынікі і быць удзячным за тое, што наша Стаўбцоўшчына развіваецца, мае перспектыву.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *