«Лампада». Слова пастыру. Напамінак хрысціяніну

Главное Лампада Спецвыпускі «Праменя»

Царкоўнае жыццё – асобны бок жыцця чалавека, і галоўная праблема сучаснасці – адсутнасць увацаркаўлёнасці.

Першае, з чаго патрэбна пачаць, – гэта сказаць, што хрысціянінам чалавек становіцца ў Таінстве Хрышчэння. Перад здзяйсненнем Таінства хросныя бацькі абавязаны прайсці гутарку (собеседование). Нярэдка ўзнікае пытанне: дзе яе прайсці – у храме, дзе будзе адбывацца Таінства, ці ў храме па месцы жыхарства. Гэта вырашаюць самі хросныя. Галоўны момант – не цягнуць да апошняга. Лепш загадзя прайсці гутарку, каб застаўся час для вывучэння малітваў, запаведзяў, Сімвала Веры. Патрабаванне Царквы да дарослага чалавека, які хрысціцца, і да хросных дзіцяці, якое хрысцяць, простае: абавязковае ўсвядомленае веданне Сімвала Веры і малітваў «Царю Небесный», «Отче наш», «Богородице Дево, радуйся» и «Достойно есть». Бываюць сітуацыі, калі свяшчэнніку заяўляюць: у хросных не атрымалася прайсці гутарку, яны, маўляў, моцна занятыя. Асабіста я ў сваёй пастырскай практыцы пытаю,  а вось смерць прыйдзе, а чалавек скажа ёй: «Прыйдзі заўтра, я сёння заняты». Зразумела, так не бывае. Тое ж самае і з гутаркай – хросныя абавязаны яе прайсці.

Наступны момант – Вянчанне. Тут тая ж сітуацыя, што і з Таінствам Хрышчэння. Людзі, якія ствараюць сям’ю, таксама абавязаны прайсці гутарку, ведаць Сімвал Веры і малітвы, аб якіх ужо ўпаміналася вышэй. Важны момант: у цыркулярным пісьме, якое разаслана свяшчэннаслужыцелям, гаворыцца аб тым, што гутарка павінна праводзіцца перш, чым падаць заяву ў ЗАГС. Таму не патрэбна адкладваць на апошні тыдзень гэты абавязак ці на апошнія дні перад Вянчаннем. Пасля Таінства часта назіраем наступныя сітуацыі: павіншавалі маладажонаў – і ўсе хутчэй накіроўваюцца на вуліцу. З’ява не вельмі прыгожая. Патрэбна было б так: як заходзілі ў храм – маладыя, а за імі бацькі і госці, так і выходзім.

З якой кнігі, спытаеце вы, можна пачаць сваё жыццё як хрысціяніна? Такая кніга ў Царкве ёсць, і называецца яна «Закон Божы». Менавіта гэтая кніга з’яўляецца правадніком па асновах веры: у ёй даецца кароткае выкладанне Свяшчэннага Пісання (Бібліі), утрымліваецца тлумачэнне малітваў, Сімвала Веры, гісторыі Царквы, царкоўных святаў і царкоўнага богаслужэння. У «Законе Божым» маецца і кароткае знаёмства з царкоўнаславянскай мовай, менавіта на ёй здзяйсняецца богаслужэнне.

Наступнай кнігай, якая можа стаць пастаянным спадарожнікам жыцця хрысціяніна, з’яўляецца малітваслоў. Класічнае выданне ўтрымлівае ранішнія, вячэрнія малітвы, малітвы на працягу дня, Паследаванне да Святога Прычасця, падзячныя малітвы пасля Святога Прычасця і часы Пасхі. Звяртаючыся да святых Царквы, мы просім іх малітваў за нас у нашых зямных патрэбах, і па іх малітвах нам дапамагае Сам Гасподзь Бог.

Малітва – дыялог з Богам. Можна і патрэбна маліцца сваімі словамі, але калі раскрыем малітваслоў і ўнікнем у кожную малітву, нашы сэрцы зразумеюць, які бясцэнны скарб дае нам Царква. Ранішнія і вячэрнія малітвы зоймуць па 20 мінут. Палічым, колькі мы губляем часу ля экранаў тэлевізара, у пустых размовах, якія мы ператвараем у асуджэнне людзей і зласлоўе.

Свяшчэннік Георгій КУР’ЯН

Бясспрэчна, кожны абавязаны чытаць Біблію. Адгаворкі ў стылі «спрабаваў, аднак нічога не зразумеў» не дапусцімыя. Тыя нормы, якія Бог праз Свяшчэннае Пісанне імкнецца данесці да нашых сэрцаў, цалкам зразумелыя. Што можа быць незразумелага ў запаведзі «не крадзі»? Ці што незразумелага ў патрабаваннях здзяйсняць правы суд, не затрымліваць зарплату работніку, мець дакладныя гіры, мірыцца з праціўнікам раней, чым ён з намі? Чытанне Свяшчэннага Пісання і развага над ім – шлях да чыстага сэрца. Аднак гэтая чысціня дасягаецца тым, што нашы справы супадаюць з запаведзямі. Малітвеннае правіла, уведзенае Царквою, дысцыплінуе.

Далей – тэма споведзі. Як старанна мы імкнёмся навесці парадак і чысціню дома. Спытаем сябе: як я працую над сваім сэрцам, над сваімі думкамі і ўчынкамі? Унутры нас нярэдка аўгіевы канюшні нераскаянасці, высакамернасці і гордасці. Устаў Царквы патрабуе, каб праваслаўны хрысціянін не менш за чатыры разы ў год прыходзіў на споведзь. Для гэтага ў нас ёсць чатыры пасты.

Закранем яшчэ тэму паводзін у храме. У ідэале патрэбна прыходзіць да пачатку богаслужэння, не спазняцца. Сумна, калі ў царкве абмяркоўваюцца цэны, навіны да т. п. У храме трэба вучыцца слухаць цішыню. Калі няма цішыні ў храме, не будзе яе і ў нашым жыцці па-за сценамі царквы. У шуме мы чуем толькі саміх сябе і не чуем Бога. Калі вы ўсё ж спазніліся, не трэба ўносіць нервознасць сваім «уварваннем».

У царкве няма падсвечнікаў «за здароўе» і «за ўпакой». Ёсць у царкве тэтрапод  – квадратны столік са Святым Распяццем. Менавіта тут збіраюцца родныя і блізкія памерлых, за якіх служыцца паніхіда. Што рабіць, калі няма магчымасці паставіць тут сваю свечку, так як ён ужо ўвесь запоўнены? Можна і патрэбна паставіць свечку на іншы падсвечнік. Падыходзіць чалавек да падсвечніка, моліцца аб сваіх блізкіх – жывых ці спачылых – і запальвае свечку. Так што на адным падсвечніку могуць гарэць свечкі і за жывых, і за нябожчыкаў.

Заказаўшы малебны, паніхіды, чалавек павінен і сам прыкласці сваю малітвенную працу ў дамашняй і царкоўнай малітве, а не толькі паставіць свечку і падаць запіску.

Немагчыма сілаю цягнуць дзяцей у храм. Патрэбна ўдзяліць час для дамашняй падрыхтоўкі, пачытаць з імі дзіцячую Біблію, пазнаёміць з дзіцячым малітвасловам. Гэта адказная і складаная праца. Бывае так, што, прывёўшы дзіця ў храм, яго пачынаюць пры ўсіх абрываць, выхоўваць: не так хрысцішся, не так паводзіш. Прычашчаючы малых дзяцей,  назіраеш і такі малюнак: прыйшлі з дзіцем перад самым Прычасцем і адразу ж выйшлі з царквы. Патрэбна малітвенна завяршыць службу і выйсці з храма пасля цалавання крыжа.

Прычашчэнне дома здзяйсняецца толькі для нямоглых людзей. Бывае, што просяць прыехаць прычасціць тых, хто ўжо не ў стане прыняць Святыя Дары, па прычыне свайго фізічнага стану, часта хворыя бываюць ужо ў бяспамяцтве. Чын Прычасця дома прадугледжвае, што чалавек жадае паспавядацца і прычасціцца. Родныя падчас споведзі павінны выйсці з пакоя, дзе здзяйсняецца Таінства.

І яшчэ адзін важны момант. Адпяванне нябожчыка павінна здзяйсняцца ў храме. Аб гэтым гаворыцца і ў кнізе для свяшчэннаслужыцеляў, якія здзяйсняюць трэбы. Прыход родных у храм на адпяванне можа стаць сур’ёзным повадам задумацца аб сваёй душы. У храме ўсё схіляе, каб падумаць аб галоўным, сэнсе жыцця. Гора можа прывесці людзей у храм, дзе яны атрымаюць дапамогу Божую і суцяшэнне ў сваёй бядзе. І людзі, якія адмаўляюцца прыносіць нябожчыка ў храм, ужо здзяйсняюць над ім страшны суд.

Няхай нашы сэрцы не будуць настроены так, што пачну хадзіць у храм з заўтрашняга дня. Ёсць сёння. І не трэба адкладваць на заўтра. Дай Бог кожнаму з нас менавіта сёння зрабіць свой першы крок да Бога. Прыблізіцца да Яго – і Ён прыблізіцца да нас.

Свяшчэннік Георгій КУР’ЯН

Фота Ксеніі РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *