«Нёман-Агра» пакуль не выклікае аптымізму

Важное Спорт

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Каманды-ўдзельніцы першынства Беларусі ў другой лізе прайшлі палову дыстанцыі. Пакуль гульня стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра» не выклікае аптымізму.

У апошняй сустрэчы нашых нёманцаў з ФК «Маладзечна» зафіксаваны рэкорд, праўда, сумны для прыхільнікаў стаўбцоўскай каманды. Пасля фінальнага свістка на табло стадыёна «Юнацтва» значылася – 11:1 на карысць гасцей.

Паражэнні з буйным лікам – зыход большасці сустрэч «Нёмана-Агра». Радасці перамог давялося паспытаць толькі на старце турніру, калі адолелі ФК «Клецк», і нядаўна – каманду ЮАС (Жыткавічы). І яшчэ адно ачко «падарылі» сапернікі з Горак. Усяго на рахунку стаўбчан сем ачкоў. Столькі ж у «Вікторыі» (Мар’іна Горка). Гэтыя калектывы знаходзяцца на апошніх, пятнаццатым і шаснаццатым месцах. Канкурэнты, якія крыху вышэй, апярэджваюць аўтсайдараў на пяць-сем балаў.

Застаецца толькі зайздросціць лідарам. Нязменна сёлета турнірную табліцу ўзначальвае каманда «Арсенал» з Дзяржынска. У нашых суседзяў 39 ачкоў і даступная мэта – заваяваць права на павышэнне ў класе, пераход у першую лігу. 35 ачкоў у ФК «Ашмяны», у якога другое месца, і на трэцім – ФК «Асіповічы», на рахунку 28 ачкоў, у ФК «Маладзечна» – 27 ачкоў. Гэта самыя здатныя, ад якіх каманда са Стоўбцаў далёка адстала.

Балельшчыкі, якія прыходзяць на стадыён «Юнацтва», вядома ж, не губляюць надзеі, што далейшы турнірны шлях стаўбцоўскіх футбалістаў будзе больш удалым. Хлопцы ж стараюцца. Але пакуль майстэрства не хапае.

Каманда «Нёман-ДЮСШ» прымае ўдзел у чэмпіянаце Мінскай вобласці. Тут справы ў стаўбцоўскіх футбалістаў ідуць больш паспяхова. Пасля дзесяці праведзеных матчаў юныя нёманцы займаюць чацвёртае месца з 17 набранымі ачкамі ў падгрупе «Б». Стаіць задача трапіць у фінальны турнір, дзе і пойдзе далей змаганне за тытул чэмпіёна Міншчыны.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *