«Альтэрнатыўнік» Арцём Паўлянок праходзіць службу ў цэнтральнай раённай бальніцы

Соцыум

«Альтэрнатыўнік» Арцём Паўлянок праходзіць службу ў цэнтральнай раённай бальніцы Арцём Паўлянок родам са Светлагорска, але вось ужо год і сем месяцаў знаходзіцца ў Стоўбцах – праходзіць на базе цэнтральнай раённай бальніцы альтэрнатыўную цывільную службу. «Засталося год і пяць месяцаў», – падлічвае Арцём час да завяршэння. Яго настрой нічым не выдае, што служба для яго цяжар. Акуратны, усмешлівы і пунктуальны. Замест салдацкай вопраткі на ім – звычайны рабочы камбінезон, замест салдацкіх ботаў – красоўкі.

Мы сустрэліся на тэрыторыі бальніцы, прыселі на лавачку. Арцём папярэдзіў, што ў дванаццаць яго чакае калега, Лілія Антонаўна, добры чалавек. Размова пайшла лёгка, без напружання. Я задавала Арцёму пытанні, а ён на іх грунтоўна і шчыра адказваў.

Служба з панядзелка да пятніцы

– Асноўная мая работа – грузчык на харчблоку. Займаюся таксама прыёмам другаснай сыравіны, – тлумачыць Арцём. – Рабочы дзень пачынаецца ў 07.44, заканчваецца ў 18.20.  Працую з панядзелка па пятніцу. Рабочы тыдзень, згодна з законам «Аб альтэрнатыўнай службе», складае 48 гадзін. З 13.00 да 14.00 – абед.

У асобныя дні бывае шмат работы. Напрыклад, у панядзелак прывозяць малако. Разгружаю скрыні з машыны на ліфт, з ліфта выгружаю ў халадзільнік.

– Мяркуючы па цяжкасці скрыняў, служба ў вас нялёгкая…

– Напэўна, чулі пра двух салдат са «стройбата», якія заменяць экскаватар?.. Гэта, зразумела, жарт. Шчыра кажучы, я чакаў, што будзе горш. Цяжкавата было толькі спачатку… Цяпер я ўжо ведаю свае абавязкі. Мне яны не здаюцца руцінай, час праходзіць непрыкметна. Паміж справай радуюся спевам птушак, розным дробязям… Бачу ад сваёй працы канкрэтную карысць. А ў Бібліі сказана: «Салодкі сон таго, хто працуе».  Маю харчаванне, адзенне, дах – і гэтым задаволены.

– У вас, сучаснага маладога чалавека, няма ніякіх цяжкасцяў?

– Ёсць, і яны такія ж, як і ў іншых людзей. Да прыкладу, як размеркаваць матэрыяльную дапамогу, якую дае мне дзяржава. Абыходжуся мінімальнымі патрэбамі і ад гэтага маю радасць. Жыву ў інтэрнаце філіяла маторнага завода. У многім мне дапамагае мама, але ў першую чаргу звяртаюся да Бога. Малюся.  Пра верных сяброў таксама не забываю.

Маю гонар быць хрысціянінам

– На працягу трох гадоў вы будзеце ўдалечыні ад дома, ад сяброў. Як пераносіце разлуку?

– У мяне ёсць вольны час пасля работы, у выхадныя дні. Калі трэба куды паехаць, пішу заяву ў аддзел кадраў бальніцы. У асноўным езджу дамоў або ў Дзяржынск, да сяброў. У мяне шмат сапраўдных сяброў. Гуляем з імі ў валейбол. А яшчэ – вывучаем Біблію і дапамагаем рабіць гэта іншым. Такі мой асэнсаваны выбар, зроблены ў 2014 годзе. Для мяне гонар быць хрысціянінам. Мая мама таксама хрысціянка. Мы з ёй разам на гэтым шляху. Яна вучыла мяне з дзяцінства самастойна чытаць Біблію, за што я ёй вельмі ўдзячны. Магу прывесці шмат выпадкаў, калі Біблія змяніла жыццё чалавека. І маё ў тым ліку.

– Як да вас ставяцца людзі, якія жывуць і працуюць побач?

– На даны момант – добра. Бачаць, як я сябе паводжу, як стаўлюся да іх. Нават калі не падабаюцца мае рэлігійныя погляды, то на ўзаемаадносіны гэта не пераносіцца.

У юнацтве ў мяне ўзнікла дылема: хадзіць з мамай на сходы ці жыць без Бога. Я шмат чытаў, слухаў і зразумеў, які шлях вядзе да сапраўднага будучага. Адчуў дапамогу Бога, яго сілу, калі трэба было развітацца са шкоднымі звычкамі (спрабаваў курыць, як і ўсе школьнікі), брыдкаслоўем… Сярод аднакласнікаў былі некаторыя, якія маглі пасмяяцца з таго, хто падае. Мне так жыць не хацелася…

–У маладым горадзе Светлагорску, згодна са статыстыкай, больш чым дзе ў Беларусі залежных ад наркотыкаў. Вельмі важна выбраць правільны шлях…  

– У Светлагорску я першы, хто выбраў альтэрнатыўную цывільную службу. Мяне адгаворвалі, але я ведаў, што такім рашэннем парадую Стваральніка. Удзячны Богу за горад Стоўбцы, у які ён мяне накіраваў, за тое месца, дзе нясу службу. Удзячны таксама дзяржаве, што ў 2016 годзе прынялі закон, і мае перакананні ўлічваюцца пры выкананні канстытуцыйнага доўгу. Раней жа за адмову служыць у войску  штрафавалі.

Абавязкі Арцёма – і прыём другаснай сыравіны

Сумясціць прафесійнае з духоўным

– Пра карысць сваёй працы вы сказалі. А якую навуку дае вам альтэрнатыўная служба?

– Навучыўся сціпласці. Бывае, трэба замяніць падчас водпуску работніка, які чысціць урны, збірае «бычкі». Мне не сорамна брацца і за гэтую работу. Няспынна вучыць жыццё: многія побытавыя рэчы, віды рамонтных работ засвоіў у працэсе самастойнага пражывання… Атрымліваю асалоду ад таго, што маю душэўны спакой, чыстае сумленне.

– Чаго хацелі б дасягнуць у жыцці?

– У першую чаргу гэта духоўныя мэты. Ёсць біблейскія школы, якія дапамагаюць прапаведаваць. У адной з іх я ўжо вучыўся. Акрамя таго, хачу працаваць і сцвердзіцца ў сваёй прафесіі. Да прызыву закончыў Светлагорскі ліцэй, атрымаў прафесію повара. Для мяне важна, каб работа не перашкаджала пакланенню Богу.

– Арцём, вы так па-даросламу разважаеце, што хочацца запытаць пра ваш узрост, пра планы на сям’ю і г. д.

– Мне 20 гадоў. Як кожны мой равеснік, мару аб добрай сям’і, шчасці. Разумею, што для гэтага неабходна вучыцца быць гаспадаром, сем’янінам, які зможа ўтрымліваць сям’ю. Пакуль усе думкі – адслужыць…

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Р. S. У работнікаў бальніцы мы спыталі, як ім працуецца з Арцёмам. І пачулі ў адказ пра яго руплівасць, аптымізм, гатоўнасць прыйсці на дапамогу.

Законам «Аб альтэрнатыўнай службе», які ўступіў у сілу з 1 ліпеня 2016 года, вызначана, што альтэрнатыўная служба – гэта грамадска карысная дзейнасць узамен воінскай службы для грамадзян, якія прызнаны годнымі да воінскай службы, але якія заявілі, што прыняцце ваеннай прысягі, нашэнне, прымяненне зброі супярэчыць іх рэлігійным перакананням.

Сярод арганізацый, дзе можа праходзіць альтэрнатыўная служба, – арганізацыі аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Тэрмін альтэрнатыўнай службы для грамадзян, якія не маюць вышэйшай адукацыі, – 36 месяцаў, для грамадзян з вышэйшай адукацыяй – 24 месяцы.

Паводле апошніх даных, больш як 100 прызыўнікам Беларусі воінская служба  заменена на альтэрнатыўную.

Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Жэбіт пракаментавала:

– Таму, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, з мясцовага бюджэту кампенсуюцца пражыванне і плата за камунальныя паслугі, з рэспубліканскага бюджэту выплачваецца штомесячнае грашовае ўтрыманне ў памеры 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за апошнія два кварталы.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *