Інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі аб дапамозе асуджаным

Ахова правапарадку Главное

Нядаўна ў райаддзеле міліцыі прайшло чарговае групавое выхаваўчае мерапрыемства. Сабраліся тыя, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выхаваўчай інспекцыі, і тыя, хто можа аказаць ім дапамогу: у праца-ўладкаванні, лячэнні ад алкагольнай залежнасці, вырашэнні бытавых пытанняў.

Пра вынікі такіх сустрэч мы пагутарылі з інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі Кацярынай ВАСІЛЕВІЧ.

– З пачатку года на Стаўбцоўшчыне назіраецца зніжэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў па ўсіх лініях службаў, у чым мы бачым эфект ад групавых выхаваўчых мерапрыемстваў з асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Прафілактыка рэцыдыўнай злачыннасці з’яўляецца часткай агульных прафілактычных мерапрыемстваў. Асаблівасці гэтай работы заключаюцца ў ажыццяўленні шэрага спецыяльных мер прававога, арганізацыйнага, педагагічнага і іншага характару, накіраваных на недапушчэнне вяртання на злачынны шлях.

– Усіх асуджаных таксама нельга мераць адной меркай. Сярод іх ёсць так званыя рэцыдывісты, ад якіх сапраўды можна чакаць паўторных злачынстваў, а ёсць людзі выпадковыя, якія асэнсавалі сваю памылку.   

– Кожныя першы панядзелак і трэці чацвер месяца мы запрашаем на групавыя выхаваўчыя мерапрыемствы асу-джаных да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі, і тых, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Як правіла, гэта асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку і ўмоў адбывання пакарання, асуджаныя за ўхіленне ад аплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей, за злачынствы ў сферы наркаманіі і сямейна-бытавых адносін, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, нідзе не працаўладкаваны…

У першым паўгоддзі бягучага года ўдзел у групавых прафілактычных мерапрыемствах прынялі 373 чалавекі. Абмяркоўвалі з імі пытанні маральнага, прававога і працоўнага выхавання. Важна не дапусціць учынення гэтымі людзьмі правапарушэнняў і злачынстваў, сфарміраваць у іх матывацыю да лячэння ад той ці іншай залежнасці. Лічу, што ў такіх групавых мерапрыемствах ёсць значны патэнцыял уздзеяння.

Падчас выхаваўчых мерапрыемстваў у райаддзеле міліцыі

– У некаторых судзімых страчаны ўсе сувязі з сям’ёй, роднымі, і пачынаць жыццё неабходна з нуля. Якую дапамогу вы можаце прапанаваць такім людзям?

– Сапраўды, з-за свайго сацыяльнага статусу, адсутнасці адукацыі і работы, схільнасці да ўжывання спіртнога не ўсе тыя, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, здольны самастойна выйсці з сітуацыі. Ім неабходна дапамога як з боку супрацоўнікаў міліцыі, так і грамадскіх арганізацый, сацыяльных службаў. Таму запрашаем да ўдзелу ў нашых мерапрыемствах прадстаўнікоў розных суб’ектаў прафілактыкі. Сярод іх – супрацоўнікі міліцыі, райвыканкама, службы занятасці, тэрытарыяльнага цэнтра, наркалагічнага кабінета ЦРБ, святар. Яны знаёмяць з актуальнай інфармацыяй, даюць кампетэнтныя адказы на пытанні, унікаюць у праблемы асуджаных.

Сёлета пры садзейнічанні крымінальна-выканаўчай інспекцыі было накіравана ў службу занятасці 28 асоб, з іх дзевяць чалавек працаўладкаваны (сем атрымалі працу за кошт броні). 25 чалавек знайшлі работу самастойна пасля таго, як атрымалі інфармацыю аб вакансіях у ходзе групавых выхаваўчых мерапрыемстваў.

Вырашаем і іншыя пытанні. На даны момант на ўліку ва ўрача-нарколага знаходзяцца 122 асобы, якім штомесяц неабходна дапамога. Чацвёра з іх былі накіраваны на лячэнне ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў г. Мінск. Дзвюм асобам, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі і страцілі сацыяльныя сувязі, райвыканкам выдзеліў жыллё. Дапамога аказвалася і ў вырашэнні бытавых пытанняў.

– Ці прадугледжаны ў выхаваўчым працэсе, які праводзіцца з асуджанымі, стымулы, заахвочванні? 

– Гэтым мэтам служыць умоўна-датэрміновае вызваленне. У райаддзеле міліцыі дзейнічае камісія па ацэнцы ступені выпраўлення асуджаных. Яе пасяджэнні праходзяць штомесяц. У бягучым годзе былі ўмоўна-датэрмінова вызвалены 10 асоб або больш за 5 працэнтаў ад усіх тых, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. У адносінах да двух асуджаных ажыццёўлена замена пакарання на больш мяккае. Акрамя таго, аднаму грамадзяніну датэрмінова знята судзімасць, яшчэ адзін вызвалены ад адбывання пакарання ў сувязі з інваліднасцю.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *